«Каманда праганяць праз ІЧУ». BYPOL распавёў, як ГУБАЗіК ладзіць аперацыі «адплаты» супраць мірных пратэстоўцаў


Ілюстратыўнае фота.
Фота: АВ / Белсат / Vot Tak TV

Арганізацыя апазіцыйных беларускіх сілавікоў «BYPOL» апублікавала новае расследаванне адносна дзейнасці ГУБАЗіК. Матэрыяламі для расследавання сталі аўдыязапісы, атрыманыя кібер-партызанамі.

У прыватнасці, распавядаецца, як ладзіліся, згодна з тэрміналогіі ГУБАЗіКа, «вайсковыя аперацыі» і «аперацыі адплаты» супраць меркаваных удзельнікаў мірных пратэстаў у Новай Баравой і Дзяржынску напярэдадні Дня Волі 2021 года.

Паводле апублікаванай размовы начальніка крымінальнай міліцыі УУС Менскай вобласці Аляксандра Копішава і ягонага намесніка Ігара Качалава, была пастаўленая задача, каб «да 25 сакавіка была зусім цішыня». Непасрэдна кіраваў карнымі акцыямі, паводле «BYPOL», прадстаўнік ГУБАЗіКу палкоўнік міліцыі Аляксандр Алекса, які каардынаваў правядзенне аперацыі і асабіста катаваў затрыманых.

Артыкулы
«Мы павінны лямантаваць». Чаму Лукашэнку яшчэ не прызналі тэрарыстам, і як у гэтым можа дапамагчы Нюрнбэрг
2021.09.13 08:30

Пры гэтым была пастаўленая задача падчас ператрусаў, насуперак Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях (ПІКаАП) ламаць дзверы у пратэстоўцаў.

«З САХРам калі ламаць дзверы, то ў рамках ПІКаАПа так не зробіш, б…ь, прыгожа, як мы планавалі», – кажа на відэа Віталь Федарэц, начальнік 10 упраўлення ГУБАЗіК Менскай вобласці.

Паводле яго, стаіць задача «прыгожа адпрацаваць адрасы ў Дзяржынску», але «ў межах ПІКаАПа не той эфект».

«BYPOL» адзначае, што для правядзення ператрусаў следчымі складалі фіктыўныя рапарты, а самыя аперацыі ладзілі ўжо групы «помсты» ў складзе супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, АУС, АМАП, САХР і загадзя падрыхтаваных панятых.

«Калі, уявім, знаходзім нейкую сімволіку, – прыцягванне да адміністратыўнай [адказнасці. – Рэд. Belsat.eu]. Калі не, тады афармляем непадпарадкаванне. Каманда праганяць праз ІЧУ», – кажа Федарэц.

Іншыя падрабязнасці расследавання ў відэа «BYPOL»:

МГ belsat.eu

Стужка навінаў