«Банкі-імпатэнты». Беларускія банкі губляюць магчымасць валютных трансакцый


Галоўны офіс «Беларусбанку». Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Заходнія банкі закрылі рахункі ў валюце «Беларусбанку», «Белаграпрамбанку» і «Белінвестбанку». Пра гэта паведаміла «Наша Ніва» са спасылкай на свае крыніцы.

Паводле выдання, у «Белаграпрамбанку» магчымасць валютных трансакцый застаецца толькі праз дробныя беларускія банкі, а таксама расейскі «ТКБ Банк», які паводле «Forbes Russia» займае 87-е месца ў рэйтынгу надзейнасці расейскіх банкаў. А яшчэ пару гадоў таму валютныя аперацыі можна было рабіць праз цэлы шэраг еўрапейскіх, расейскіх ды амерыканскіх карэспандэнтаў.

Аналагічная сітуацыя, паводле крыніц «Нашай Нівы», склалася ў «Беларусбанку» і «Белінвестбанку». У «Беларусбанку» пераводы ў еўрах яшчэ магчымыя праз еўрапейскую дачку «ВТБ Банку».

Аналітыка
Што чакае беларускія банкі і нашыя грошы ў іх? Паразмаўлялі з эканамістам
2021.08.23 13:26

Якія наступствы сітуацыі

Як адзначыў эканаміст Зміцер Крук, у сучасным свеце банк без карэспандэнцкіх рахункаў у доларах і еўрах у любым з банкаў ЗША і еўразоны лічыцца непаўнавартасным, і гэта цягне наступствы. Напрыклад, установа можа страціць камісійныя даходы ад арганізацыі міжнародных разлікаў.

«Ад такіх банкаў-«імпатэнтаў» кліенты па логіцы павінны сыходзіць да канкурэнтаў (калі свабодныя ў выбары, дзяржаўныя арганізацыі, напрыклад, не могуць), бо разлікі праз такія банкі стануць даражэйшымі і больш маруднымі, з дадатковымі рызыкамі», – мяркуе эканаміст.

Агулам, на думку Змітра Крука, банк, які не можа праводзіць міжнародных разлікаў, «будзе жыць ва ўчорашнім дні, думаць не пра развіццё, а пра выжыванне».

Hавiны
Агенцтва «Fitch» адклікала рэйтынгі «Беларусбанку» і «Белінвестбанку»
2021.08.23 15:19

МГ belsat.eu

Стужка навінаў