ISW: Расея хоча павялічыць выдаткі на вайсковую прамысловасць на $ 10 млрд

Расея спрабуе перазапусціць або пашырыць вайсковую прамысловасць для падтрымання працяглых баявых дзеянняў ва Украіне. Пра гэта паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Сяргей Шайгу. Фота: Прэс-служба Мінабароны РФ

Адзначаюць, што 12 жніўня міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу, імаверна, наведаў Уралвагонзавод, які сутыкнуўся з фінансавымі праблемамі з прычыны санкцыяў і невыканання абавязкаў паводле дзяржаўнага кантракту.

«Гэта найбуйнейшы вытворца танкаў у РФ, у прыватнасці, танкаў Т-72. Візіт Шайгу можа сведчыць, што Крэмль спрабуе перазапусціць або пашырыць дзейнасць вайскова-прамысловага комплексу», – гаворыцца ў паведамленні.

Таксама адзначаюць: вайскова-прамысловая камісія РФ рыхтуецца да пачатку верасня змяніць праграму дзяржабаронзаказу, павялічыўшы выдаткі прыкладна $ 10 мільярлаў.

Добраахвотнікаў не стае

У справаздачы таксама адзначаюць, што суб’екты Расеі хлусяць, перабольшваючы колькасць людзей, якія нібыта запісаліся ў добраахвотніцкія батальёны, «каб заахвоціць больш жыхароў браць удзел у кампаніях вербавання».

«Крэмль з усіх сілаў спрабуе знайсці якія-небудзь падмацаванні для працягу сваёй зацягнутай вайны ва Украіне, але гэтыя высілкі ці наўрад створаць баяздольныя або згуртаваныя сілы, неабходныя для дасягнення мэты Крамля захапіць усю Украіну», – адзначаюць аналітыкі.

Дрэнна навучаных добраахвотнікаў, якіх усё ж удалося прыцягнуць, пасля адпраўляюць у зоны баявых дзеянняў.

Украіна працягвае абстрэльваць тылы і склады

Тым часам Збройныя сілы Украіны разбурылі апошні дзейны мост каля Кахоўскай гідраэлектрастанцыі, па якім расейскія акупанты перапраўлялі сваю тэхніку на тэрыторыю Херсоншчыны.

Больш за тое, украінскія войскі працягваюць абстрэльваць у рэгіёне пункты тылавога забеспячэння і склады боепрыпасаў расейцаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны