Хто будзе лячыць беларусаў? У рэгіёнах – катастрофа з медыкамі


У Беларусі ўсё больш востра адчуваецца нястача медыкаў, асабліва ў рэгіёнах. На 14 жніўня на ўсю краіну мы знайшлі 3856 афіцыйных вакансіяў дактароў-спецыялістаў. У пачатку года іх было каля 3000.

Праблемы з дактарамі ёсць практычна ўва ўсіх гарадах, а ў некаторых рэгіёнах сітуацыя цягне на катастрофу – наагул няясна, хто будзе лячыць беларусаў, ды яшчэ і з заробкамі, меншымі за Br 1000.

З медычным персаналам таксама сур’ёзная праблема: на 14 жніўня зарэгістраваныя 3457 вакансіяў медычных сясцёр, 1167 вакансіяў фельчараў, 2053 вакансіі санітарак. Адчувальная праблема з адмыслоўцамі для медычных установаў, якія працуюць з уразлівымі групамі: дзецьмі і дарослымі з інваліднасцю, асобамі сталага веку. Не стае медыкаў і ў папраўчых установах.

Сярод самых запатрабаваных спецыялізацыяў – дактары высокай кваліфікацыі (хірургі, стаматолагі, адмыслоўцы ў дыягностыцы, рэаніматолагі), а таксама дактары агульнай практыкі (педыятры, тэрапеўты, кардыёлагі, анестэзіёлагі ды іншыя).

Пройдземся падрабязней па рэгіёнах і паглядзім, якая сітуацыя з дактарамі ў кожнай вобласці. Адзначым, што ў рэгіянальных шпіталях не стае 30–50 % медыкаў (згодна са звесткамі за 2020 год).

Даведка. Сярэднія значэнні па Беларусі: 46,1 доктара і 134,1 медычнага работніка на 10 тысячаў чалавек.

Скорая медицинская помощь, 103, неотложная помощь, медпомощь, Минск, Беларусь
Машыны хуткай медычнай дапамогі каля лякарні. Менск, Беларусь. 25 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Менская вобласць

Найбольш напружаная і сур’ёзная праблема з дактарамі – у Пухавіцкім раёне. Гэтак, у Мар’інагорскую ЦРБ шукаюць ажно 113 дактароў-спецыялістаў на заробак Br 600–1500, 38 медсясцёр на заробак Br 600.

Складаная сітуацыя з дактарамі ў Маладзечне: у Маладзечанскую ЦРБ трэба 34 спецыялісты на заробак Br 650–1100 і 12 медычных сясцёр на заробак Br 550–720.

А як у іншых у вобласці? Ад 10 да 20 дактароў патрабуюцца ў:

Салігорскую ЦРБ (18 дактароў на заробак усяго Br 550 і 15 медсясцёр на Br 500),

Лагойскую ЦРБ (18 дактароў на Br 800–1400),

Клецкую ЦРБ (17 дактароў на заробак Br 1000–1850),

Вялейскую ЦРБ (17 дактароў на Br 785–1600),

Капыльскую ЦРБ (16 дактароў на Br 650–1000),

Крупскую ЦРБ (16 дактароў на Br 1000),

Слуцкую ЦРБ (15 дактароў на Br 740–800),

Старадарожскую ЦРБ (12 дактароў на Br 630–990),

Жодзінскую ЦРБ (12 дактароў на Br 1200),

Мядзельскую ЦРБ (10 дактароў на Br 800–900).

Ад 5 да 10 дактароў трэба ў Любанскую ЦРБ (заробак – Br 920–1200), Дзяржынскую ЦРБ (на Br 700–910), Смалявіцкую ЦРБ (на Br 900–1600), Нясвіжскую ЦРБ (Br 600–700), Барысаўскую ЦРБ (Br 600–1000), Валожынскую ЦРБ (Br 915), Уздзенскую ЦРБ (Br 950–1500), Барысаўскую радзільню (Br 1000), Барысаўскую больніцу № 2 (Br 1500).

Ёсць праблемы з медыкамі і ў Менску. Напрыклад, у 2-й гарадской клінічнай больніцы сталіцы знаходзім 176 вакансіяў, сярод якіх – 29 дактароў з прапанаваным заробкам Br 950–2200, 80 медсясцёр на заробак Br 700–1300, 57 санітарак на заробак Br 500–600.

Зірнем у РНПЦ анкалогіі. Там трэба 28 дактароў-спецыялістаў на заработную плату Br 1170–1500. Сярод адмыслоўцаў не стае дактароў прамянёвай і функцыйнай дыягностыкі, хірургаў, анколагаў, эндаскапістаў. Там жа шукаюць 15 медсясцёр на заробак Br 1100.

Выглядае на тое, што дактары не гараць жаданнем лячыць беларускіх сілавікоў: у Рэспубліканскі шпіталь Дэпартаменту фінансаў і тылу МУС Рэспублікі Беларусь патрабуюцца 23 дактары (на заробак Br 900–1076), а таксама 28 медсясцёр (Br 728–800).

Скорая медицинская помощь, 103, неотложная помощь, медпомощь, Минск, Беларусь
Прыёмнае аддзяленне лякарні хуткай медычнай дапамогі. Менск, Беларусь. 25 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Віцебская вобласць

Найбольшую нястачу дактароў мы выявілі ва ўстановах:

Полацкая цэнтральная гарадская больніца. Тут трэба 42 дактары, якім прапаноўваюць заробак Br 576–770, і 26 медсясцёр на заработную плату Br 500.

Наваполацкая цэнтральная гарадская больніца. Тут шукаюць 38 дактароў на заробак Br 850–1400, а таксама 25 медсясцёр на заработную плату Br 550–1131.

Расонская ЦРБ. Сюды шукаюць 35 дактароў, якім прапануюць заробак Br 800–1000, 20 медсясцёр на заработную плату Br 500–700 за поўную стаўку (аднак большасць прапановаў – толькі 0,5 стаўкі, адпаведна і заробкі ўдвая меншыя). Для параўнання: у пачатку года сюды патрабаваўся 31 доктар. Пры насельніцтве раёну 9 тысячаў чалавек гэта вельмі вялікая нястача.

Няпростая сітуацыя з медыкамі ў ВАКЦ псіхіятрыі і наркалогіі ў Віцьбе: тут патрэбныя 20 дактароў (заробак – Br 850) і ажно 51 медсястра (Br 850).

Як у астатніх у вобласці? Ад 10 да 20 дактароў-адмыслоўцаў патрабуюць:

Лепельская ЦРБ (заробак – Br 700–820),

Пастаўская ЦРБ (Br 900–2000),

Дубровенская ЦРБ (Br 700–1000),

Мёрская ЦРБ (Br 761–1355),

Наваполацкі ГЦГЭ (Br 1700),

Докшыцкая ЦРБ (Br 900–1300).

Ад 5 да10 дактароў трэба ў Максімаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў (Гарадоцкі раён) на заробак Br 1000, Гарадоцкую ЦРБ (Br 900–1500), Новалукомльскую ЦРБ (Br 750–1000), Шумілінскую ЦРБ (Br 1100–1500), Ушацкую ЦРБ (Br 1300–1500), Аршанскі занальны ЦГЭ (Br 700–1000), Браслаўскую ЦРБ (Br 900–1200), Глыбоцкую ЦРБ (Br 700–800), Верхнядзвінскую ЦРБ (Br 750–1380), Бешанковіцкую ЦРБ (Br 990–1130).

Магілёўская вобласць

Найбольш складаную сітуацыю з дактарамі назіраем у Бабруйску. Мяркуйце самі:

Бабруйскі ЗЦГіЭ: 38 дактароў (Br 540–780),

Бабруйская гарадская паліклініка № 1: 18 дактароў (Br 900–1580),

Бабруйская гарадская дзіцячая больніца: 16 дактароў (Br 1300),

Бабруйская гарадская больніца ХМД імя Марзона: 9 дактароў (Br 700–1500),

Бабруйская гарадская паліклініка № 2: 5 дактароў (Br 750–900),

Бабруйская лячэбна-кансультатыўная паліклініка: 2 дактары (Br 700–1000).

Што ў астатніх? У Горацкую ЦРБ шукаюць 18 дактароў на заробак Br 600–1400, у Круглянскі раённы ЦГЭ – 12 дактароў (Br 600–800).

У астатніх раённых медычных установах сітуацыя крыху прасцейшая. Ад 5 да 10 дактароў патрабуюцца ў Чэрыкаўскую ЦРБ (Br 800–1500), Кіраўскую ЦРБ (Br 950), Глускую ЦРБ (Br 1240–1300). У Бялыніцкі дом-інтэрнат шукаюць 8 медсясцёр.

У Магілёве сітуацыя таксама невясёлая. Толькі ў адну Магілёўскую паліклініку № 3 шукаюць 24 дактары (Br 662–965) і 35 медсясцёр (Br 562–800).

Гарадзенская вобласць

Найбольш дактароў-спецыялістаў шукаюць у Слонімскай ЦРБ (30 адмыслоўцаў на заробак Br 750–1280) і ў Карэліцкай ЦРБ (27 дактароў на Br 700–1000). Для параўнання: сітуацыя з медыкамі тут не паляпшаецца з пачатку года, калі ў Карэліцкую ЦРБ патрабаваўся 21 доктар. Для раёну з насельніцтвам менш за 20 тысячаў жыхароў гэта дастаткова шмат, і праблема не развязваецца больш як паўгода. Праўда, падобная гісторыя назіраецца практычна ўва ўсіх раёнах.

21 доктар (Br 680–950) і 18 медсясцёр (Br 550–700) трэба ў Ашмянскую ЦРБ.

Дзятлаўская ЦРБ шукае 20 дактароў на заробак Br 400–1100, Наваградская ЦРБ – 18 дактароў (Br 580–900), Воранаўская ЦРБ – 17 дактароў (Br 1000–1500) і 25 медсясцёр (Br 720–830).

Глядзім далей. У Лідскую ЦРБ патрабуюцца 16 дактароў на Br 600–1000 заробку. Астравецкая ЦРКБ шукае 15 дактароў і прапануе ім заработную плату Br 1200. Столькі ж дактароў шукае Шчучынская ЦРБ (заробак – Br 800–1500) і Ваўкавыскі занальны ЦГЭ (Br 650–1029).

Бераставіцкая ЦРБ шукае 14 дактароў (Br 500–800), Ваўкавыская ЦРБ – 11 дактароў (Br 740–1125), Зэльвенская ЦРБ – 11 дактароў (Br 450–1218) і 9 медсясцёр на заробак Br 157(!)–732. Смаргонская ЦРБ – 10 дактароў (Br 650–950), Ашмянскі раённы ЦГЭ – 10 дактароў (Br 620–1000), Мастоўская ЦРБ – 9 дактароў (Br 510–700), Іўеўская ЦРБ – 6 дактароў (Br 500–1050).

Доктар паказвае жанчыне яе дзіця, якое яна толькі што нарадзіла. Кіеў, Украіна. 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Гомельская вобласць

Найбольш медыкаў трэба ў Жлобінскую ЦРБ: 26 дактароў (Br 1400) і 33 медсястры (Br 750).

Мазырская цэнтральная гарадская паліклініка шукае 18 дактароў і прапануе ім заробак Br 600–1200.

Светлагорская ЦРБ шукае 17 дактароў (Br 860–1250) і 19 медсясцёр (Br 634–930).

Петрыкаўскай ЦРБ патрабуецца 16 дактароў (Br 700–1200), Лельчыцкай ЦРБ – 15 дактароў (шмат 0,5 і 0,25 стаўкі па Br 124, поўная стаўка – Br 650), Буда-Кашалёўскай ЦРБ – 15 дактароў (Br 900–1350). Рэчыцкі занальны ЦГЭ шукае 12 дактароў (Br 500–800). Ельская ЦРБ – таксама 12 дактароў на Br 900. Жыткавіцкая ЦРБ шукае 11 дактароў (Br 950) і 10 медсясцёр (Br 600), Веткаўская ЦРБ – 10 дактароў на Br 850–1500.

Што ў іншых?

Даем спісам:

Хойніцкая ЦРБ: 7 дактароў (Br 900–1300);

Мазырская гарадская дзіцячая больніца: 6 дактароў (Br 350–1400), 10 медсясцёр (Br 480–600);

Рагачоўская ЦРБ: 9 дактароў (Br 750–900);

Брагінская ЦРБ: 7 дактароў (Br 480–1800);

Кармянская ЦРБ: 7 урачэй (Br 850–1400);

Кастрычніцкая ЦРБ: 6 дактароў (Br 820–1100);

Мазырская радзільня: 4 дактароў (Br 890–1100);

Лоеўская ЦРБ: 4 дактары (Br 1100–1650);

Нараўлянская ЦРБ: 4 дактары (Br 1200–1500);

Калінкавіцкая ЦРБ: 4 дактары (Br 600–1000).

Праблемы з дактарамі ёсць і ў абласным цэнтры. Напрыклад, у Гомельскую абласную клінічную больніцу трэба 34 дактары (Br 900–1980), 42 медсястры (Br 540–980), 11 фельчараў (Br 550).

Берасцейская вобласць

Найбольш медыкаў не стае ў Баранавіцкай цэнтральнай паліклініцы: 65 дактароў (Br 700–1350), 45 медсясцёр (Br 510–780).

Няпростая сітуацыя ў Ляхавіцкай ЦРБ, дзе патрабуюцца 27 дактароў (Br 480–750) і 17 медсясцёр (Br 480–550), а таксама ў Пружанскай ЦРБ – там шукаюць 26 дактароў на заробак Br 1000–1300.

Пройдземся па іншых раённых медычных установах вобласці:

Каменецкая ЦРБ: 16 дактароў (Br 678–1000), 11 медсясцёр (Br 510–700);

Лунінецкая ЦРБ: 16 дактароў (Br 800–1300);

Бярозаўская ЦРБ: 16 дактароў (Br 740–940);

Гарадзішчанскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў: 14 дактароў (Br 600–1200);

Драгічынская ЦРБ: 13 дактароў (Br 860–1555);

Пінская цэнтральная паліклініка: 11 дактароў (Br 800–870);

Камянецкі раённы ЦГіЭ: 9 дактароў (Br 700–850);

Столінская ЦРБ: 9 дактароў (Br 670–725);

Больніца «Малатковічы», Пінскі раён: 9 дактароў (Br 895–1164);

Пінская дзіцячая больніца: 8 дактароў (Br 1100–1400), 16 медсясцёр (Br 500–700);

Маларыцкі раённы ЦгіЭ: 8 дактароў (Br 575–700);

Баранавіцкая дзіцячая больніца: 4 дактары (Br 750–1300), 9 медсясцёр (Br 520–850);

Ганцавіцкая ЦРБ: 5 дактароў (Br 700–1158);

Івацэвіцкая ЦРБ: 5 дактароў (па 0,5 стаўкі – Br 375–480), 9 медсясцёр (Br 600);

Рэспубліканскі санаторый «Ясельда» для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў: 5 дактароў (0,25 стаўкі – Br 150–200);

Кобрынская ЦРБ: 4 дактары (Br 1000–1500).

Дактары аглядаюць дзіця пасля родаў. Кіеў, Украіна. 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

А як у сталіцы і абласных цэнтрах?

Сітуацыя з медыкамі ў буйных абласных гарадах і Менску не выглядае крытычна, аднак і тут таксама ёсць нястача. Давайце зірнем.

Менск.

На 14 жніўня знаходзім 1100 вакансіяў дактароў-спецыялістаў. Заробкі – ад Br 250 за 0,5 стаўкі да Br 7018 за стаўку (найбольшыя заробкі – у нейрахірургаў і анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў).

У менскія медычныя ўстановы патрабуюцца 1329 медсясцёр на заробак Br 264 (0,5 стаўкі) – Br 1400, 164 фельчары (Br 600–1200), 766 санітарных працаўнікоў (Br 260 за 0,5 стаўкі – Br 800).

Для параўнання адзначым, што ў студзені гэтага года ў Менску наймальнікі шукалі 860 дактароў-спецыялістаў і больш за 1000 медсясцёр.

Віцебск.

Дактары: 132, заробак ад Br 300 за 0,5 стаўкі да Br 1600 за стаўку.

Медсёстры: 115, заробак ад Br 375 за 0,5 стаўкі да Br 900 за стаўку.

Магілёў.

Дактары: 146, заробак ад Br 152 за 0,25 стаўкі да Br 1526 за стаўку.

Медсёстры: 102, заробак ад Br 265 за 0,5 стаўкі да Br 850 за стаўку.

Фельчар: 36, заробак – Br 400–1000.

Санітаркі: 75, заробак – Br 480–800.

Горадня.

Дактары: 80, заробак ад Br 350 за 0,5 стаўкі да Br 1437 за стаўку.

Медсёстры: 74, заробак ад Br 130 за 0,25 стаўкі да Br 1060 за стаўку.

Санітары: 63, заробак – Br 490–860.

Гомель.

Дактары: 235, заробак ад Br 171 за 0,25 стаўкі да Br 1980 за стаўку.

Медсёстры: 324, ад Br 114 за 0,25 стаўкі да Br 1000 за стаўку.

Фельчар: 69, ад Br 114 за 0,25 стаўкі да Br 900 за стаўку.

Санітары: 50, ад Br 270 за 0,5 стаўкі да Br 517.

Берасце.

Дактары: 139, заробак – Br 490–1500.

Медсёстры: 139, заробак ад Br 280 за 0,5 стаўкі да Br 900 за стаўку.

Санітары: 94, заробак – Br 490–800.

Такім чынам, найбольшая нястача дактароў адчуваецца ў Менскай вобласці, на другім месцы – Гомельшчына, затым ідзе Берасцейская, Віцебская і Гарадзенская вобласці. Найменшы брак дактароў на Магілёўшчыне.

Па абласных гарадах: на першым месцы ў нястачы медыкаў – Гомель, на апошнім – Горадня.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў