З Літвы дамоў паляцеў першы мігрант з Іраку, якому не далі прытулку. На чарзе яшчэ дзясятак


Літва дае квіткі на самалёт і 300 еўра тым мігрантам, якія нелегальна прайшлі ў краіну з Беларусі і якія хочуць дамоў.

Афіцэры «Frontexu» прыбываюць і «вывучаюць» мяжу ў разам з літоўскімі калегамі. Толькі пасля гэтага яны пачнуць патруляваць яе самастойна. У асноўным гэта вельмі вопытныя ахоўнікі і паліцыянты, якія ўдзельнічалі ў місіях у Міжземнаморскім рэгіёне або ў міжнародных місіях у Афрыцы і Азіі. На здымку – тэрыторыя ля пункту пропуска Райгардас, Літва. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Вечарам 12 жніўня з Вільні праз Стамбул паляцеў першы грамадзянін Іраку, які нелегальна перайшоў беларуска-літоўскую мяжу і пагадзіўся добраахвотна вярнуцца дамоў, піша Delfi.

Гэты мігрант перайшоў мяжу 20 чэрвеня. Ён прасіў прытулку ў Літве, але не атрымаў такога права. У яго былі з сабой дакументы, ён сам выказаў жаданне паляцець дамоў, таму такую магчымасць яму далі.

«Мы бачым, што расце колькасць ахвочых вярнуцца на радзіму па сваёй волі, – заяўляе міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце. – Нелегальныя мігранты, якія не атрымалі прытулак, павінны будуць пакінуць Літву. Калі яны супрацоўнічаюць і згаджаюцца вярнуцца, мы даем ім такую ​​магчымасць».

У бліжэйшы час такім чынам з Літвы маюць паляцець яшчэ «каля дзесяці» мігрантаў. Агулам Літва разглядзела ўжо 128 заявак на прытулак ад такіх мігрантаў, не задаволіла ніводнай.

А з пачатку году на мяжы з Беларуссю затрымалі 4115 мігрантаў – большасць з іх паходзяць з Іраку, ёсць нямала грамадзянаў краінаў Азіі і Афрыкі, а колькасць беларусаў зусім нязначная.

Абноўлена. За мінулы дзень літоўскія памежнікі «развярнулі» ў Беларусь 19 мігрантаў, якія спрабавалі перайсці мяжу незаконна, але прынялі двух з гуманітарных прычынаў, піша Delfi.

Hавiны
Літва і Латвія развярнулі сотню мігрантаў на мяжы з Беларуссю
2021.08.12 15:25
Стужка навінаў