Талібы наступаюць у Афганістане на фоне выхаду амерыканскіх войскаў


Ісламісцкі рух «Талібан» захапіў другі па велічыні горад Афганістану Кандагар, а таксама гарады ў іншых рэгіёнах краіны, працягваючы наступ у краіне, якая так і не змагла пабудаваць эфектыўнай дзяржавы за 20 гадоў прысутнасці войскаў заходняй антытэрарыстычнай кааліцыі.

Паведамленне пра захоп Кандагару пацвердзілі афіцыйныя афганскія крыніцы, паведамляе Reuters.

Аналітыка
Афганістан: як краіна на 40 год звалілася ў прорву грамадзянскай вайны
2021.07.10 18:54

Ісламісты перашлі ў рашучы наступ у Афганістане ў апошнія месяцы, калі прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абвесціў пра хуткі выхад амерыканскіх войскаў з гэтай краіны. Хто ж такія талібы, і якім чынам амерыканцы трапілі ў Афганістан?

Ад путчаў да партызанскага руху

Да 1973 года Афганістан быў адносна стабільнай манархіяй, аднак манархію зрынулі, і ўлада ў краіне пачала мяняцца праз перавароты практычна кожныя некалькі гадоў – ад адной пракамуністычнай групоўкі да іншай. Пры гэтым сітуацыя ўсё больш пагаршалася, а супраціў камуністам з боку насельніцтва рабіўся ўсё больш зацятым.

Апошні пераварот учынілі непасрэдна савецкія дыверсанты з КДБ і вайскоўцы – у 1979 годзе быў узяты штурмам палац кіраўніка дзяржавы Хафізулы Аміна, а сам Амін, ягоныя два сыны і каля двухсот афганскіх жаўнераў і афіцэраў былі забітыя.

Савецкі жаўнер у Афганістане.
Фота: А. Соломонов / РИА Новости

Адначасова з чарговым путчам было вырашана ўвесці ў Афганістан савецкія войскі. Дзясяткі тысяч савецкіх жаўнераў пайшлі ў Афганістан – на піку іхная колькасць у краіне дасягала 115 000 чалавек. Шмат якія афганцы пабачылі ў гэтым акупацыю сваёй радзімы – і пачалася масавая партызанская вайна.

Праз Афганістан прайшло каля 600 000 савецкіх жаўнераў і афіцэраў, з іх каля 30 000 беларусаў. Больш за 1,5 тысячы беларусаў былі параненыя, 702 вярнуліся дадому інвалідамі, 723 – загінулі, 12 – зніклі без звестак. Агулам у Афганістане загінула каля 14 500 савецкіх жаўнераў.

Вайна ў Афганістане была вельмі непапулярная ў СССР, яна дорага каштавала і так цяжка хворай савецкай эканоміцы. Таму ў 1989 годзе савецкія войскі былі вымушаныя пакінуць Афганістан, а яшчэ праз тры гады вайны афганскія партызаны захапілі сталіцу дзяржавы – Кабул.

Бясконцая грамадзянская вайна і «Талібан»

Аднак групоўкам партызанаў не ўдалося аднавіць стабільнай дзяржаўнасці – яны абапіраліся на розныя рэгіёны і этнасы краіны, на падтрыманне з боку розных замежных сілаў. Адсутнасць выразнага афганскага нацыяналізму і міжэтнічныя і міжканфесійныя супярэчнасці не дазволілі афганцам абʼяднацца. Моцна дэградавала эканоміка.

У 1996 годзе ўладу ў асноўнай частцы краіны захапіў «Талібан» – радыкальны ісламісцкі рух, які ў большасці краінаў лічыцца тэрарыстычным. «Талібан» пераследаваў усіх, хто не згаджаўся з яго экстрэмісцкай трактоўкай ісламу, увёў нормы шарыяту, забараніў у краіне тэлебачанне, музыку, выяўленчае мастацтва, алкаголь, шахматы. Мужчыны абавязаныя насіць бараду. Жанчынам не дазволена працаваць па-за хатняй гаспадаркай, лячыцца (калі доктар мужчына), быць у грамадскіх месцах з адкрытым тварам і без мужа ці сваяка-мужчыны.

Выбух пасля таго, як захоплены ісламістамі самалёт тараніў вежу Сусветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку. Фота https://www.flickr.com/people/themachinestops/

Менавіта ў «Талібану» знайшоў сабе сховішча кіраўнік тэрарыстычнай групоўкі «Аль-Каіда» Усама бін Ладэн, які арганізаваў маштабныя тэракты ў ЗША 11 верасня 2001 года.

«Талібан» адмовіўся выдаць бін Ладэна на запыт ЗША, што стала прычынаю міжнароднай антытэрарыстычнай аперацыі на тэрыторыі Афганістану.

Вайна без перамогі

У 2001 годзе міжнародная кааліцыя разам з афганскай антыталібскай апазіцыяй разграмілі «Талібан» і сталі спрабаваць стварыць тут новую дзеяздольную дзяржаву. Былі створаныя мясцовае самакіраванне, судовая сістэма, паліцыя, войска.

Аднак у 2003 годзе рэарганізаваны «Талібан» зноў пачаў дыверсійна-тэрарыстычную вайну, асабліва абапіраючыся на рэгіёны на поўдні і ўсходзе Афганістану. Зноў сталі рэгулярнымі забойствы, у тым ліку мірных людзей, засады, дыверсіі, тэракты самазабойцаў на аўтамабілях з выбухоўкаю.

Жаўнеры новай афганскай арміі патрулююць горы. 2010 год.
Фота: The U.S. Army

У 2011 годзе амерыканскія камандас знайшлі і знішчылі бін Ладэна, аднак гэта слаба паўплывала на ход баявых дзеянняў. Пры гэтым міжнародныя кантынгенты ў Афганістане паступова скарачаліся, бо вайна супраць міжнародных тэрарыстаў пераўтварылася проста ў вайну з мясцовымі ісламістамі. Галоўнай ідэяй баявікоў-ісламістаў стала тое, што яны ваююць з акупантамі-іншаверцамі, а афганскія афіцыйныя ўлады, паліцэйскія і жаўнеры – здраднікі.

Акрамя таго, суседні Пакістан фактычна падтрымлівае талібаў, бо лічыць яго меншым злом для сябе, чым міжнародна прызнаныя афганскія ўлады, якія могуць стаць партнёрам ворага Пакістану – Індыі. Аднаўленне рэжыму «Талібану» ў Афганістане, які не будзе прызнаны міжнароднай супольнасцю, здыме ўсе пытанні пра тэрытарыяльныя спрэчкі паміж Афганістанам і Пакістанам.

Афганскі жаўнер на базе Баграм пасля таго, як яе пакінулі жаўнеры NATO. 2 ліпеня 2021 г. Крыніца ZAKERIA HASHIMI, AFP VIA GETTY IMAGES/TNS

Заходнія краіны пачалі лічыць гэта «вайною, у якой немагчыма перамагчы», як сказаў Джо Байдэн, дый проста перасталі бачыць сэнс у сваёй прысутнасці ў Афганістане. На меркаванне многіх: «Мэта была дасягнутая – мы ўзялі Усаму бін Ладэна, і тэрарызм не распаўсюджваецца з гэтай часткі свету».

З «Талібанам» спрабавалі весці перамовы пра мір, і хоць перамовы не далі ніякага ўцямнага выніку, кіраўніцтва ЗША, а таксама іншых краін NATO, вырашылі канчаткова выводзіць свае войскі з краіны.

Плануецца, што апошнія амерыканскія войскі пакінуць Афганістан у канцы жніўня, і менавіта ў жніўні «Талібан» разгарнуў свой найбольш рашучы наступ, які ідзе і цяпер.

Аднак, як і ў 1990-я гады, малаверагодна, каб усталяванне ўлады ісламістаў прывяло гэтую краіну да міру.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў