Прэм’ер Славакіі адрэагаваў на затрыманне былога беларускага амбасадара Ляшчэні


Ад раніцы 11 жніўня ў Беларусі трывалі ператрусы і затрыманні дэлегатаў платформы «Сход», сярод якіх быў і колішні амбасадар Беларусі ў Славакіі Ігар Ляшчэня. Цяпер ён на Акрэсціна.

Дэлегат платформы «Сход» Ігар Ляшчэня.
Фота: «Наша Ніва»

Прэм’ер-міністр Славакіі Эдуард Гэгер 12 жніўня заклікаў вызваліць Ігара Ляшчэню і ўсіх палітычных зняволеных, піша «Dennik N».

Гэгер заявіў, што лічыць рэжым Аляксандра Лукашэнкі «недэмакратычным, незаконным і жорсткім». Ён згадаў, што нядаўна мінуў год са дня фальсіфікаваных выбараў і пачаткаў пратэстаў, і за гэты год рэпрэсіі толькі ўзмацніліся. Таксама ён нагадаў пра тое, што краіны Еўразвязу, асабліва Літва, сутыкаюцца з плынню мігрантаў, якімі Лукашэнка «злоўжывае ў палітычных мэтах, чым шантажуе сваіх крытыкаў».

«Арышт былога амбасадара Беларусі ў Славакіі Ігара Ляшчэні амаль ва ўгодкі яго адстаўкі з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем жорсткасці рэжыму ў адносінах да ўласных грамадзянаў», – заявіў прэм’ер Славакіі.

Паводле яго, Славакія разам з партнёрамі ў Еўразвязе гатовая на новыя санкцыі і працягне ціснуць на беларускія ўлады, «каб простыя беларусы маглі жыць у бяспечнай, дэмакратычнай і свабоднай краіне».

Следчы камітэт Беларусі тым часам распачаў правяранне аб датычнасці экс-дыпламата Ігара Ляшчэні да «масавых беспарадкаў» і «дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Дыпламат застаецца ў Ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.

З заклікам да вызвалення Ляшчэні раней выступіў колішні амбасадар у Францыі і ў Польшчы, цяперашні лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Колішні памочнік Лукашэнкі, дыпламат з 1991 года Ігар Ляшчэня быў прызначаны амбасадарам у Славакію ў чэрвені 2016 года. Пасля выбараў ён першым з беларускіх дыпламатаў падтрымаў пратэсты, 18 жніўня падаў у адстаўку, 24 жніўня быў вызвалены з пасады, 16 верасня пазбаўлены дыпламатычнага рангу. Новага амбасадара ў Славакію так і не прызначылі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў