«Патэлефанавалі з новазеландскага Інтэрполу»: гісторыя беларускі, якую спрабавалі дастаць на іншым канцы свету


40-гадовая Вольга Касцюк жыве ў Новай Зеландыі, але думкамі застаецца ў Беларусі. Штодзень яна не выпускае з рук смартфон, чытае навіны з радзімы і дужа перажывае за тое, што адбываецца цяпер у нашай краіне, актыўна каментуе навіны ды здарэнні. За гэта да ейнай маці ў Беларусі прыйшлі з ператрусам, а да Вольгі завітаў новазеландскі Інтэрпол. «Белсат» пагутарыў з жанчынаю і даведаўся падрабязнасці справы, а таксама дазнаўся, як гэта – жыць так далёка і назіраць за падзеямі звонку.

Каментары, ператрус і новазеландскі Інтэрпол

– Першы раз, калі прыходзілі размаўляць з маці, – то было нібыта за пагрозы суддзі Фрунзенскага суда гораду Менску, – распавядае Вольга Касцюк. – Другі раз, калі прыходзілі з ператрусам, – гэта было за «пагрозы» прарэктару ў выхаваўчай працы Магілёўскага ўніверсітэту. Так, я пакідала каментары ў інтэрнэце, але нічога крамольнага ў іх не было. Улада ў Беларусі – гэта проста самазванцы, якія пайшлі супраць закону, – і я пра гэта адкрыта кажу. Таксама я адкрыта выказваюся пра тое, што ўсе людзі, якія маюць дачыненне да таго, што адбываецца цяпер ва ўладзе ці датычныя да смерцяў, да збіванняў, да таго, у якіх умовах людзі сядзяць за кратамі ў Беларусі, – парушаюць закон і нормы маралі ды чалавечнасці.

Вольга Касцюк у Новай Зеландыі. Фота прадстаўленае рэдакцыі

Вольга распавядае, што было надта складана назіраць за трагічнымі падзеямі з такой адлегласці. Таму адзінае, што яна магла рабіць у той час, – чытаць навіны і пісаць да іх каментары, каб неяк перажыць узрушэнні 2020 года. У выбарах жанчына таксама не змагла ўзяць удзелу, бо ў Новай Зеландыі няма беларускай амбасады.

– Я разумела, што гэта проста такое чыста «советское белорусское», і складана было, бо я нічога не магла зрабіць – мяне там не было. Надзвычай цяжка было ўспрымаць чалавечыя ахвяры: тое, што адбываецца са Сцяпанам Латыпавым, тое, як выводзілі Максіма Харошына, як забілі Рому Бандарэнку… Я не магу сказаць, як бы я адчувала гэта ў Беларусі, але адсюль гэта ўспрымаецца вельмі цяжка.

Неўзабаве пасля ператрусу дома ў Вользінай маці ёй патэлефанавалі з новазеландскага Інтэрполу і сказалі, што ім прыйшоў запыт з Беларусі.

– Гэта была толькі размова, і я сказала, што ў маіх каментарах няма ніякіх пагрозаў, што я не спынюся і працягну рабіць тое, што раблю. Таксама я распавяла чалавеку з Інтэрполу пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і сказала, што яны нават не павінны разглядаць такія запыты, бо ўлада ў Беларусі нелегітымная. Шчыра кажучы, званок ад Інтэрполу стаў пэўнай адзнакай годнасці, і гэта азначае, што я раблю ўсё правільна.

Пасля размовы з Інтэрполам Вольга даслала на электронную пошту ведамства ліст з просьбаю не выдаваць ейнага адрасу і кантактаў у Беларусь. На што тут жа атрымала адказ, што можа не перажываць на гэты конт, бо паводле законаў Новай Зеландыі яны не маюць права выдаваць прыватныя звесткі сваіх грамадзянаў ці рэзідэнтаў іншым краінам.

Дзеці Вольгі Касцюк на ўзбярэжжы акіяну. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Пераезд і думкі пра Беларусь

Вольга працавала ў Індыі, дзе пазнаёмілася з хлопцам. Павандраваўшы па свеце, пара асела ў Новай Зеландыі – на радзіме хлопца.

– Для мяне пераехаць было лёгка, думаю, бо мой муж мясцовы і дапамагаў мне адаптавацца, – успамінае Вольга. – Але часам я ўсё ж шкадую пра пераезд. Мы пакуль не ведаем, ці застанемся ў Новай Зеландыі. Мо пераедзем у іншую краіну, мо вернемся ў свабодную Беларусь. Але і каронавірус, і шматлікія іншыя абставіны не даюць пакуль разважаць пра пераезд.

Фота з сямейнага архіву Вольгі Касцюк

Вольга кажа, у Новай Зеландыі ёсць беларуская дыяспара. Але яна месціцца ў асноўным у Оклэндзе. Гераіня матэрыялу жыве далёка, у мястэчку, таму не можа ўдзельнічаць у імпрэзах і акцыях дыяспары. Але Вольга спрабуе папулярызаваць Беларусь у сваім асяродку самастойна.

– У сваім маленькім гарадку (можна сказаць, у вёсцы) я нешта спрабую рабіць, размаўляю з людзьмі. Пасля падзеяў 2020 года больш людзей у Новай Зеландыі ведае, дзе месціцца Беларусь. Дагэтуль, калі ў мяне пыталі, адкуль я, – і я адказвала, што з Беларусі, – шмат хто нават не ўяўляў, дзе гэта. І потым, калі я казала, што гэта былы Савецкі Саюз, што гэта паміж Польшчай і Расеяй, – тады яны хоць трохі разумелі. Таму размовы пра Беларусь, пра тое, што адбываецца, – гэта мае персанальныя івэнты і акцыі.

Вольга з мужам маюць двух малых сыночкаў. Абодва дзіцяці маюць беларускае грамадзянства. Жанчына чытае ім кніжкі на беларускай мове, паказвае мульцікі і фільмы, а таксама распавядае пра Беларусь.

– Старэйшы наш сын, якому сем гадоў, мае сіндром Даўна, таму яшчэ не размаўляе ні на адной мове. Кажа толькі некалькі словаў па-англійску і разумее па-расейску. Калі мы жылі ў Беларусі некаторы час, ён нават хадзіў у мясцовы садок. Мой малодшы сын нарадзіўся ў Беларусі. Хачу адзначыць, што ў абодвух маіх сыноў беларускае грамадзянства, і так будзе да 18 гадоў, а там ужо згодна з беларускім законам ім трэба выбіраць, якое грамадзянства пакінуць. Але будзем спадзявацца, што праз адзінаццаць гадоў Беларусь будзе дазваляць мець два грамадзянствы, як шмат якія развітыя краіны свету.

Даведка
Кава на бераце акіяну. Фота з сямейнага архіву Вольгі Касцюк

Раней, кажа Вольга, Беларусь не асабліва падабалася ейнаму мужу. Хоць спачатку, калі маладая сям’я толькі прыехала ў нашую краіну, – для яго яна была прывабнай, бо адрознівалася ад іншых.

– Потым, калі мы ўжо там пажылі некалькі месяцаў, яму перастала падабацца. Тым больш, мы жылі не ў Менску, а ў Століне, дзе ўсе парадкі маленькага гарадка. Напрыклад, муж не разумеў, як можна смецце выносіць у пэўны час, калі па яго прыязджае грузавік. Усе гэтыя паперы, даведкі, уся гэтая бюракратыя – яму не падабалася. А цяпер, калі адбыліся выбары, калі людзі выйшлі на вуліцы, ён пастаянна чытае навіны на BBC, на The Guardian. Вядома, ён таксама перажывае і хоча, каб мы перамаглі.

Краявіды Новай Зеландыі. Фота з сямейнага архіву Вольгі Касцюк

У Новай Зеландыі Вольга хацела б уладкавацца бібліятэкаркай ці настаўніцай, бо мае філалагічную адукацыю. Але ў маленькім гарадку, дзе яна цяпер жыве, дужа складана знайсці працу, таму жанчына скончыла курсы барыста і працуе ў кавярні. У вольны час прага пісаць і талент не даюць ёй проста сядзець на месцы, таму Вольга скончыла курсы пісьменнікаў і піша пра Беларусь.

– Я заўжды любіла пісаць, таму амаль у сорак гадоў пайшла на курсы пісьменнікаў. І першае, што нам сказалі: трэба пісаць пра тое, што цябе найбольш хвалюе. Так я пачала пісаць апавяданні аб пратэстах у Беларусі. Цяпер я працую над зборнікам апавяданняў: пішу перад сном пасля таго, як пакладу спаць сыноў. Пісаць я пачала таму, што гэта мяне хвалюе, і таму, што гэта такі мой асабісты ўнутраны спосаб барацьбы.

Вольга марыць, што неўзабаве зможа пераехаць Беларусь без страху быць затрыманай і асуджанай за выказванне ўласнай думкі.

– Тое, што адбываецца цяпер, дае надзею, што я, мы, мая сям’я – прыедзем і будзем жыць у свабоднай Беларусі. Я ў гэтым не сумняваюся, пытанне толькі – калі. І я вельмі спадзяюся, што гэта будзе хутка.

Фота
«Побач, праз мяжу». Фотасерыі пра беларусаў у Расеі
2021.02.24 08:00
Артыкулы
«Нашай дыяспары цяжэй за ўсё». Беларусы Масквы ўжо год выходзяць на пратэст да амбасады
2021.08.13 09:36

МД belsat.eu

Стужка навінаў