«Нашай дыяспары цяжэй за ўсё». Беларусы Масквы ўжо год выходзяць на пратэст да амбасады


Беларусы на акцыі пратэсту ў Маскве. Фота прадстаўленае гераіняй матэрыялу

Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў розных краінах свету працягваюць падтрымліваць суайчыннікаў у Беларусі. Найбольш небяспечна гэта рабіць у Расеі, дзе за пратэст супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі людзей могуць затрымаць, а палітуцекачоў увогуле дэпартаваць. Карэспандэнты «Белсату» паразмаўлялі з беларускамі Масквы пра іх штодзённае змаганне даўжынёй у год.

Як прыйшлі да амбасады

Наталля пераехала ў Расею ў 1995 годзе з Бярозаўкі Лідскага раёну, што на Гарадзеншчыне. Тут выйшла замуж за расейца, а з 2000 года жыве ў Маскве. 9 жніўня яна суперажывала тым, хто на радзіме выйшаў увечары да выбарчых участкаў, каб даведацца аб выніках прэзідэнцкіх выбараў і апынуўся бяззбройным перад АМАПам.

«Ні на хвіліну не спыняла сачыць за падзеямі і слухала тых, хто распавядаў, што гэта ўжо пытанне не аб палітыцы ці выбарах, гэта ўжо было пытанне дабра і зла, калі сілавікі на вуліцах збівалі, кідалі ў аўтазакі і везлі на Акрэсціна ўсіх, каго хапалі ў Менску і ў іншых гарадах», – распавядае яна.

І вось 10 жніўня, у дзень гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, Наталля выйшла да беларускай амбасады ў Маскве і амаль кожны дзень працягвае выходзіць да яе.

Беларусы на акцыі пратэсту ў Маскве. Фота прадстаўленае гераіняй матэрыялу

Ейная сяброўка Алана прыехала ў Маскву з Гомля чатыры гады таму ў пошуках лепшага жыцця. Да акцыяў каля беларускай амбасады яна далучылася 12 жніўня.

«11 жніўня я ўбачыла жорсткасць, што адбывалася ў гарадах Беларусі. Праз сцэны збіцця людзей ноччу не заплюшчыла вачэй. І раніцай 12-га я вырашыла, што іду да амбасады ў Маскве. Так усё пачалося і працягваецца па сёння. Праца ў мяне штодня з 9:30 да 20:00. Таму я прыязджаю да амбасады пазней за астатніх. Выходны ў мяне адзін, два разы на месяц. Але гэта мяне не спыняе, хоць стомленасць вельмі моцная», – распавядае Алана.

Беларусы на акцыі пратэсту ў Маскве. Фота прадстаўленае гераіняй матэрыялу

Паводле яе, самае цяжкае было стаяць узімку ў мароз -30 градусаў.

Упершыню пачала размаўляць па-беларуску

Як адзначае Наталля, да пачатку лютага ў Маскве расейскія ўлады дазвалялі беларусам і неабыякавым расейцам стаяць у ланцугу ля амбасады з сімволікай і плакатамі са словамі падтрымкі пратэсту.

«Мы размаўлялі з людзьмі і распавядалі ім аб патрабаваннях народу Беларусі спыніць гвалт, выпусціць палітвязняў і правесці новыя выбары. Да нас некалькі разоў далучалася [спявачка. – рэд. Belsat.eu] Анжаліка Агурбаш і пела «Купалінку» з намі. А таксама [музыка. – рэд. Belsat.eu] Віктар Рудэнка (Vic Villian) прыходзіў падтрымаць ланцуг, з ім мы спявалі «Магутны Божа» на невялічкім канцэрце і «Хопіць спаць» на шпацыры ля ракі Яуза. На шпацырах я ўпершыню пачала размаўляць на беларускай мове!» – прызнаецца Наталля.

Беларусы на акцыі пратэсту ў Маскве. Фота прадстаўленае гераіняй матэрыялу

У Расеі яна знайшла сяброў сярод беларусаў, з якімі камунікуе на беларускай мове, а таксама новых сяброў сярод расейцаў, якія прыходзілі да амбасады Беларусі ў Маскве.

«Нават пратэстоўцы з Піцеру прыязджаюць і ідуць да амбасады, каб перадаць сваю салідарнасць тым, хто на радзіме. І не раз мы разам запісвалі відэа са словамі падтрымкі землякам», – дадае Наталля.

Страшна, але назад дарогі няма

У лютым 2021 года беларусам забаранілі стаяць каля амбасады ў ланцугу з плакатамі і БЧБ-сцягамі, спаслаўшыся на санітарны закон, што ўсе мерапрыемствы забаронены.

Расейская паліцыя затрымлівае ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў Маскве. Фота прадстаўленае гераіняй матэрыялу

«Але мы працягнулі стаяць ля амбасады без сімвалаў і толькі ў дварах рабілі здымкі са сцягамі, каб працягваць паказваць салідарнасць з беларусамі на радзіме. У выходныя збіраліся разам, каб запісаць зварот да суайчыннікаў, бо кожны дзень бачылі, што яны таксама не спынялі супрацьстаянне нелегітымнай уладзе», – кажа Наталля.

Пасля мітынгаў у падтрыманне расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага «паступіў указ паліцыі нас прыбраць ад амбасады», адзначае Алана. Беларусаў пачалі затрымліваць. У самой Аланы ўжо 5 затрыманняў. Апошняе – адбылося ў гадавіну выбараў 9 жніўня 2021 года.

Расейская паліцыя затрымлівае ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў Маскве. Фота прадстаўленае гераіняй матэрыялу

«Лічу, што хтосьці мусіць не паказваць страх, гэта менавіта я. 8 сакавіка з дыяспары з жанчын я выходзіла адна. 23 лютага таксама. Былі дні, калі стаяла самотна. Шмат хто баяўся. Але нягледзячы на затрыманні я працягвала выходзіць», – адзначае Алана.

«Часам паліцыя не чапае, часам забірае, па-рознаму. Канечне, страшна бывае, але назад дарогі няма. Я вельмі шчаслівая, што мой муж мяне падтрымлівае і таксама пры найменшай магчымасці выходзіць разам са мной», – дадае жанчына.

Беларусы на акцыі пратэсту ў Маскве. Фота прадстаўленае гераіняй матэрыялу

І прызнаецца, што ёй дзякавала асабіста Святлана Ціханоўская.

«Лічу што нашай дыяспары цяжэй за ўсё! Бо астатнія дыяспары беларусаў у свеце спакойна ідуць на акцыі са сцягамі, з лозунгамі. А мы не тое што за сцягі, за стужачкі БЧБ едзем у аўтазаках у АУС на вуліцы Басманнай. Шкада, што прэзідэнт РФ падтрымлівае дыктатуру», – падкрэслівае Алана.

Яна адзначае, што «вельмі баліць душа за радзіму, за несправядлівасць».

Алана ў паліцэйскім аўтазаку ў Маскве. Фота прадстаўленае гераіняй матэрыялу

«Хочацца каб гэты жах скончыўся і спыніліся здзекі над людзьмі ў Беларусі. Вельмі цяжка з за гэтых падзей… Бо на Радзіме ёсць сябры і блізкія, якіх хочацца абняць», – адзначае жанчына.

Фота
«Побач, праз мяжу». Фотасерыі пра беларусаў у Расеі
2021.02.24 08:00
Рэпартаж
«Свабоду Навальнаму!» і «Жыве Беларусь!» – што пагражае беларусам за ўдзел у акцыях у Расеі
2021.04.03 16:18

МГ belsat.eu

Стужка навінаў