Музыкі «Irdorath» не выйшлі на волю праз 10 дзён па затрыманні


Гэта значыць, што іх могуць трымаць за кратамі да суда. Яны падазраваныя ў «групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Узброеныя байцы без апазнавальных знакаў затрымалі музыкаў фэнтэзі-фолк-гурта «Irdorath». Менскі раён, Беларусь. 2 жніўня 2021 года. Скрыншот: МВД Беларуси / Youtube

На тое, што музыкаў не вызвалілі, звярнула ўвагу Беларуская рада культуры, якая ініцыявала кампанію збору грошай для зняволеных музыкаў і іхных сем’яў.

Праз 10 дзён пасля брутальнага затрымання са стралянінаю не выйшлі на волю музыкі з фэнтэзі-фолк-гурта «Irdorath» і іхныя сябры: Зміцер Шыманскі, Уладзімір Калач, Надзея Калач, Пятро Марчанка, Юлія Марчанка (Юніцкая) і Антон Шніп.

Абноўлена. У спіс зняволеных памылкова трапіў Павел Шмыга. Ён дома, з ім усё нармальна.

Паводле ГУБАЗіКу, іх затрымалі за тое, што дудары «неаднаразова ачольвалі калону пратэстоўцаў» у 2020 годзе, «з выкарыстаннем духавых інструментаў уцягвалі ў несанкцыянаванае масавае мерапрыемства мінакоў», а музыка «ўзмацняла пратэставыя настроі ўдзельнікаў шэсця і штурхала іх да проціпраўных дзеянняў адносна міліцыянтаў». Яны падазраваныя паводле арт. 342 КК РБ.

Затрыманне адбылося 2 жніўня на лецішчы пад Менскам, дзе кампанія сабралася святкаваць дзень народзінаў вакалісткі «Irdorath» Надзеі Калач. Байцы без апазнавальных знакаў, якія напалі на кампанію, былі ўзброеныя аўтаматамі і драбавікамі, шмат стралялі, але нікога не паранілі.

Агулам затрымалі 16 чалавек. Частку асудзілі за «непадпарадкаванне» – нібыта яны не адчынілі варотаў узброеным байцам без апазнавальных знакаў. На судзе затрыманыя казалі, што і варотаў не было – толькі зламаная брамка.

На 15 дзён арыштаваныя бубнач «Irdorath» Аляксей Палаўчэня, а таксама Марыя Падаляк, Аляксандр Сінкевіч, Зміцер Шыманскі, Яўген Срэценскі, Міхаіл Аракчэеў. Штрафамі на 870–1160 рублёў пакаралі Юлію Варламаву, Аляксандру Грахоўскую, Вольгу Міхно і дзяўчыну на прозвішча Шулякова.

«Irdorath» з 2011 года грае музыку, падобную ў стылі да фолку, але з элементамі фэнтэзі, выкарыстоўвае яскравыя фэнтэзі-касцюмы і нярэдка ладзіць канцэрты-перформансы з неонавым і вогненным шоу.

Кампазіцыю «Быў. Ёсць. Буду» назвалі ў 2016-м «Песняй года» на партале Tuzinfm.by. Выдалі тры студыйныя альбомы, апошні на сёння – «Wild» 2017 года.

Гурт актыўна гастраляваў да пандэміі каронавіруса, у 2017 годзе выступаў на найбуйнейшым метал-фэсце Еўропы «Wacken», што ладзілі на поўначы Нямеччыны.

Удзельнікі гурта гралі на маршах пратэсту ў 2020 годзе, сярод іншага выконвалі песню «Перемен» на дудах і бубнах. За ўдзел у дваровых канцэртах салідарнасці музыкаў у канцы 2020-га звольнілі з працы ў цэнтры для дзяцей і моладзі «Вікторыя», пазбавілі пляцоўкі для рэпетыцыяў.

Hавiны
Кліп «Баю-бай» берасцейскіх панкаў «Дай дарогу!» сабраліся прызнаць «экстрэмісцкім»
2021.08.03 13:12

АА belsat.eu

Hавiны
Шасцёх затрыманых з гуртом «Irdorath» асудзілі на 15 дзён арышту за «непадпарадкаванне»
2021.08.05 17:39
Стужка навінаў