Менчука асудзілі на 4 гады хіміі за пагрозы прапагандысту Прыдыбайлу


Таксама мужчыну прызналі вінаватым у «распальванні варожасці да расейцаў».

Святаслаў Лепешаў.
Фота: spring96.org

Менскі гарадскі суд 12 верасня асудзіў 48-гадовага менчука Станіслава Лепешава на 4 гады абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу за «Пагрозу забойствам» (арт. 186 КК РБ) расейскаму прапагандысту Канстанціну Прыдыбайлу і за «Распальванне нацыянальнай варожасці» (арт. 130 КК РБ), піша «Вясна». Таксама Лепешаў мусіць сплаціць Прыдыбайлу 3000 рублёў за маральную шкоду.

Паводле суду, у мінулым верасні Лепешаў у стане алкагольнага ап’янення тэлефанаваў Прыдыбайлу, нумар якога знайшоў у «Чорнай кнізе Беларусі», пагражаў яму і нават сказаў «Табе будзе *** [гамон]», «Табе не жыць», «Рыхтуйся, сучонак».

Лепешаў прызнаў віну часткова. Ён патлумачыў, што такім чынам хацеў толькі спалохаць Прыдыбайлу, бо той «даносіць людзям недакладную інфармацыю», а сам ён «падвергся ўплыву гэтай публікацыі» ў «Чорнай кнізе». Казаў, адгукнуўся на заклік «дапамагчы яму з’ехаць з Беларусі».

Hавiны
Пракуратура адмовілася распачаць крымінальную справу супраць прапагандыста Рыгора Азаронка
2021.02.02 08:51

Таксама, паводле суду, Лепешаў размяшчаў на інтэрнэт-парталах «Обсуждай» і «Спрашивай» паведамленні з «негатыўнай ацэнкай паводле прыкметы нацыянальнасці» і «варожай сацыяльна-псіхалагічнай устаноўкі да групы асобаў, аб’яднаных паводле нацыянальнай прыкметы» – усё гэта супраць расейцаў. Сярод тых паведамленняў былі фразы накшталт «добры маскаль – мёртвы маскаль» і «рускія – рабаўнікі і забойцы».

Лепешаў казаў, што ягоны дзядуля расеец і ягоная жонка расейка, што да расейцаў ён ставіцца «як да родных» і «не бачыць розніцы паміж беларусамі і расейцамі», а агрэсію ў паведамленнях патлумачыў тым, што «вельмі моцна злаваўся і перажываў, а яна [карыстальніца, якой адрасаваў паведамленне] падтрымлівала анексію Крыму».

Прыдыбайла прыходзіў толькі на адно паседжанне. Ён заявіў, што яму прыходзіла «больш за сто званкоў і паведамленняў з пагрозамі і абразамі», праз гэта ён «некалькі дзён не мог весці нармальную журналісцкую дзейнасць» і «не мог нармальна працаваць на вуліцы», бо баяўся за жыццё. Пасля пагрозаў, як выявілася, яго на пэўны час перавезлі ў амбасаду Расеі.

Лепешаў – выкладчык гурткоў экалогіі і інфармацыйных тэхналогій у рэлігійнай арганізацыі «Дабрачынная місія Добрага Самараніна пад апекай Святой Уршулі Ледухоўскай». Прызнаў, што ўдзельнічаў у пратэстах у жніўні і верасні 2020 года. Пасля ператрусу ўдзельнічаў у «пакаяльным відэа» ад ГУБАЗіК, але на судзе заявіў, што запісваў відэа дабраахвотна.

Hавiны
Генпракуратура не выключае, што катаванні на Акрэсціна – фэйк
2021.07.27 20:20

АА belsat.eu

Стужка навінаў