«Разборкі трэба адкласці да перамогі». Як працягваць дапамагаць Украіне і не «паехаць дахам»


Ці варта ўключацца ў спрэчкі з украінцамі, спрабаваць іх пераканаць, што беларусам неабыякава тое, што адбываецца ва Украіне? Як не апускаць рук і захаваць «дах»? На гэтую тэму размаўляем з Андрэем Стрыжаком, сузаснавальнікам фонду BYSOL, праваабаронцай Анісіяй Казлюк і актывістам з Расеі Рыгорам Нурманавым.

З пачатку 2022 года 43 беларусы атрымалі пастановы аб прымусовым выездзе з Украіны, з пачатку вайны блакуюцца банкаўскія рахункі грамадзянаў Беларусі ва ўкраінскіх банках. І на фоне ўсяго гэтага перыядычна ўзнікаюць спрэчкі ў сацыяльных сетках на тэму, ці дастаткова беларуская грамадзянская супольнасць падтрымвае Украіну. Нашыя суразмоўцы дзеляцца парадамі, як не скаціцца ў бясконцыя ўзаемныя абвінавачванні, як рэагаваць на негатыў і не апускаць рук.

Андрэй Стрыжак, сузаснавальнік фонду BYSOL: Гэта наш нацыянальны інтарэс – мець свабодную незалежную Украіну

Андрэй Стрыжак. Вільня, Літва. 20 траўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пра тое, як дапамагае BYSOL

Варта падкрэсліць, што BYSOL ні на секунду не спыняў дапамогі беларусам, проста мы фактычна адбудавалі яшчэ адну структуру ўнутры сваёй структуры, якая займаецца Украінаю. Па Украіне мы маем два асноўныя кірункі працы. Гэта гуманітарны кірунак – напрыклад, на днях даехала нашая чарговая партыя медыкаментаў, што мы збіралі для жанчын, якія перажылі гвалт падчас вайны. Таксама дапамагаем медычным транспартам: як звычайнымі хуткімі, так і вялікімі джыпамі, якія можна пераабсталёўваць для эвакуацыі параненых з тых месцаў, куды хуткая проста не даедзе. У мабільным шпіталі імя Пірагова працуе 10 адзінак, пастаўленых намі. Агулам ва Украіну мы закінулі ўжо 22 машыны.

Другі кірунак – дапамога беларускім добраахвотнікам, якія ваююць на баку Украіны. Мы атрымваем запыты ад добраахвотніцкіх структураў і працуем па іх.

Ёсць розныя праекты і ініцыятывы дапамогі Украіне, якія мы падтрымваем. Нядаўна пражскія беларусы выступілі з ініцыятываю стварэння авіявыведкі, якая будзе працаваць у буйным украінскім падраздзяленні, і мы актыўна ўключыліся ў яе падрыхтоўку. Агулам мы сабралі каля паўмільёна еўраў, большую частку з якіх данацілі беларусы.

Нягледзячы на сітуацыю з хэйтам у бок беларусаў, мы ўсё роўна будзем працягваць сваю працу. Гэта наш нацыянальны інтарэс – мець свабодную незалежную Украіну. Калі Украіна прайграе ў гэтай вайне, то Беларусь пазбавіцца незалежнасці. Дапамагаючы Украіне, мы стрымваем пашырэнне ваеннага канфлікту ў Еўропе, бо калі Пуцін пераможа, гэта развяжа яму рукі. Усё гэта значна важнейшае за наш эмацыйны стан.

Аўтамабілі для «Гаспітальераў»
Пікапы з гуманітарнай дапамогай. 19 чэрвеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

Ці варта нешта тлумачыць украінцам, уцягвацца ў дыскусіі і спрэчкі?

Для мяне гэта праца, я ў любым выпадку буду гэта рабіць. Нават пры 100 % узроўні хэйту я ўсё роўна буду хадзіць на ўкраінскія тэлеканалы і распавядаць пра сітуацыю так, як ёсць, пра беларускую дапамогу, пра беларускіх добраахвотнікаў, пра беларусаў, якія пішуць у «Гаюн», рызыкуючы сваёй свабодай і здароўем. Гэта трэба прагаворваць кожны раз. Але калі гэта не праца, і маральных сілаў на такое няма, то лепей не ўвязвацца.

Зразумела, што ў нас ёсць вялікая крыўда за палітыку Зяленскага ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі за апошнія два гады. Але цяпер Украіна расплочваецца ў тым ліку і за гэтыя пралікі ў сваёй палітыцы. І таму нагадваць пра гэта цяпер кожны раз – не вельмі канструктыўна. Украінцы жывуць у вайне, яны ў траўме, там кожны дзень гінуць людзі, дзеці, таму ў іх іншае ўспрыняцце рэальнасці. Украінцы як аголены нерв, вельмі эмацыйныя, але і адыходлівыя. Хваля хэйту сыдзе, а мы застанемся. Мы будзем суседзямі і нікуды адзін ад аднаго не падзенемся. Мы павінны памятаць пра будучыню, вайна калісьці скончыцца, а як мы выйдзем з яе, з якім багажом, фактамі дапамогі, удзелу беларусаў на баку Украіны – гэта вельмі важна.

Каментар
Андрэя Стрыжака збіраліся шантажаваць або «зліквідаваць»? Гэта не можа спыніць BYSOL
2022.05.30 20:32

Украінцы кажуць: рабіце нешта, каб спыніць вайну. Але беларусы ўжо шмат для гэтага робяць. Данацяць, паведамляюць інфармацыю ў «Беларускі гаюн», дзе могуць – удзельнічаюць у маніфестацыях. Унутры Беларусі гэта немагчыма, людзі адразу трапляюць у турмы. Калі я чую заклік «Рабіце штосьці!», у мяне пытанне – а што рабіць? Калі вы хочаце, каб мы стваралі паўнавартасныя партызанскія атрады, патрэбна зброя. Калі вы кажаце пра дыверсійныя акты, адкульсьці мусяць з’явіцца кадры, якія могуць гэта рабіць. Калі я сяджу ў Мазыры і над маёй галавой пралятае ракета, то чым я магу яе збіць, што я магу з ёй зрабіць? Сёння беларусы жывуць пад падвойнай акупацыяй: Лукашэнкі, які ўзурпаваў уладу, і расейскага войска. Мне падаецца, гэта такі палітычны хітрык, калі ўкраінскія палітыкі папракаюць беларусаў. Мы робім тое, што можам, у варунках якія ёсць.

Легендарны бел-чырвона-белы «Жывемабіль» Андрэя Кулакова, які пайшоў працаваць валанцёрам на польска-ўкраінскай мяжы, цяпер – жоўта-блакітны. Сам гаспадар назваў яго «Украінамабілем». Гэткім чынам ён дэманструе сваё падтрыманне ўкраінцам і любоў да Кіева, які стаў для беларуса другім домам. Варшава, Польшча. 17 сакавіка 2022 года.
Фота: АП / Белсат

Як не апускаць рук і захаваць «дах». Парады Андрэя Стрыжака:

  1. Стаміўся – адпачні. Ты не мусіш быць увесь час паглыблены ў вайну. Стомлены жаўнер шмат не наваюе. Калі адчуваеш выгаранне, трэба зрабіць паўзу. Калі мы кажам пра грашовае падтрыманне, то трэба ж гэтыя грошы яшчэ калісьці зарабляць. А як ты будзеш гэта рабіць, калі ўвесь час сядзіш у «Фэйсбуку» і спрачаешся з кімсьці?
  2. Не варта абагульняць. Я ведаю дакладна, што тыя, хто атрымлівае нашую дапамогу, ніколі не будуць дыскрымінаваць беларусаў. І чым больш людзей будзе атрымліваць нашу дапамогу, тым больш будзе разумець, што вольныя беларусы – за Украіну. Варта разумець, што большасць тых, хто хэйціць беларусаў, сядзіць на канапах і часта – не ва Украіне, а з’ехаўшы ў Еўропу. Таму сваркі ў інтэрнэце – не паказнік. Украінцы, якія фізічна застаюцца ва Украіне, ведаюць, як беларусы дапамагаюць, і ставяцца да нас абсалютна адэкватна.
  3. Трэба пераключаць увагу. Шукаць нешта, што будзе цябе радаваць. Я як чалавек, які з 2017 да 2020 працаваў дакументатарам ваенных злачынстваў на Данбасе, ведаю і бачу, як гэта адбываецца. Нават на вайне ёсць такое паняцце як «ратацыя», калі людзі сыходзяць з перадавой і адпачываюць. Людзі, каб пераключыць увагу, заводзяць сабе нейкіх жывёлінаў, клапоцяцца аб іх.
  4. Не трэба ўвесь час траўмаваць сябе. Інтэрнэт запоўнены здымкамі забітых дзяцей, разбураных гарадоў. Трэба дбаць пра здароўе, псіхіку. Нашая ўстоўліваць, вынослівасць вельмі важныя. Мы працуем над стратэгічнымі задачамі. Наша галоўная задача – захаваць Беларусь і зрабіць яе вольнай і дэмакратычнай. І калі ты заўжды трымаеш у фокусе, што твая задача можа быць значна даўжэйшай, чым тваё жыццё, ты разумееш, што ёсць рэчы, для якіх варта жыць і для якіх трэба зберагчы сябе.
  5. Не канцэнтравацца на дробязях, не крыўдзіцца на іх, бо гэта спараджае негатыў унутры і разбурае як асобу. Ёсць мэты, задачы – мы іх выконваем.

Анісія Казлюк, беларуская праваабаронца: Усе разборкі трэба адкласці да агульнай перамогі

Я ініцыявала запуск анкеты для збору звестак аб выпадках дыскрымінацыі беларусаў з пачатку вайны. Збор працягваецца, мы плануем раз на месяц рабіць справаздачу. Зваротаў ад беларусаў шмат, большасць звязаная з праблемамі з дакументамі і легалізацыяй ва Украіне. Цярпліва прымаць выпадкі дыскрымінацыі не трэба. Трэба абскарджваць гэтыя пастановы ў судзе, казаць пра гэта СМІ.

Анісія Казлюк.
Фота: Анісія Казлюк / Facebook

Украінскія медыі мала распавядаюць пра тое, што адбываецца з беларусамі, пра выпадкі нашай дыскрымінацыі. Яны шмат пішуць пра тое, як з Беларусі ляцяць ракеты, але за два гады рэпрэсіяў у Беларусі так і не палічылі патрэбным разабрацца ў сітуацыі. Украінцы вельмі мала ведаюць пра наш кантэкст. Мяне вельмі здзіўляюць выказванні накшталт «гэта ваш прэзідэнт, вы несяце адказнасць за тое, што ён робіць». У нас за ўсю гісторыю незалежнасці ніколі не змяняўся прэзідэнт, у нас няма выбараў, у нас не лічаць галасы, кандыдаты пасля выбараў сядаюць на рэальныя турэмныя тэрміны – пра што вы кажаце? Пра ўсё гэта трэба цярпліва распавядаць: пра палітвязняў, беларускі антываенны супраціў. Украінцы пераважна не ведаюць пра 2020 год, што такое бел-чырвона-белы сцяг, і калі ім распавядаеш пра ўсё гэта, яны глядзяць вялікімі вачыма і згаджаюцца: так, у Беларусі сапраўды небяспечна, дзякуй, што ты тут дапамагаеш.

Як не апускаць рук? Парады Анісіі Казлюк:

  1. Дзіўна, але я больш сутыкалася з хэйтам з боку беларусаў. Калі мы пачалі збіраць звесткі аб выпадках дыскрымінацыі, мяне ў адным чаціку назвалі агентам, які збірае інфармацыю аб беларусах для беларускіх спецслужбаў. Пасля гэтага выпадку я звярнулася да псіхатэрапіі. Гэта першае, што мне дапамагае цяпер. Раю абсалютна ўсім. Лепш не назапашваць у сабе да апошняга, а раз на тыдзень выгружаць усё прафесійнаму чалавеку.
  2. Абавязкова нармаваны працоўны дзень. Калі ты застаешся ва ўсім гэтым дзень і ноч, гэта ненармальна і хутка прыводзіць да выгарання.
  3. Яшчэ мне дапамагае камунікацыя з выдатнымі людзьмі, беларусамі, з якімі мы робім агульную справу ў Львове. Мы сустракаемся на каву ці піва.
  4. Жыць і бачыць жыццё навокал. Вайна, вядома, на ўсё ўплывае, але калі мы будзем ад гэтага ўвесь час пакутаваць, мы не будзем карыснымі. Варта клапаціцца пра сябе, жыць нармальнае жыццё. Тады ў нас будзе больш сілаў, каб дапамагаць іншым. Стомленыя і выгаралыя мы будзем неэфектыўнымі.

Асноўная матывацыя – гэта наш агульны вораг, і колькі б цяпер ні было камянёў спатыкнення, мы змагаемся супраць імперыі, што трымае ў закладніках і Беларусь. Таму ўсе разборкі трэба адкласці да агульнай перамогі, потым паразмаўляем.

Георгій Нурманаў, актывіст з Расеі: Мы стараемся хаця б троху мінімізаваць шкоду, што прынесла нашая дзяржава

Нашая ініцыятыва «Russians for Ukraine» з сакавіка працуе на мяжы ў двух памежных пунктах, двух цэнтрах і на вакзале ў Пшэмысьлі. Праз нас прайшло каля 180 валанцёраў, якія прыязджаюць з усяго свету.

З самага пачатку дапамогі ў нас былі праблемы з мясцовымі ўладамі. Мяне ўвесь час спыняла паліцыя, бо кіраўніцтву гораду здавалася, што я займаюся незаконнымі перавозамі. Але насамрэч яны проста паказвалі нам, дзе нашае месца. Нас з расейскімі пашпартамі не хацелі рэгістраваць валанцёрамі, разварочвалі са словамі, што валанцёраў дастаткова. Пасля падыходзілі людзі з іншымі пашпартамі, іх рэгістравалі. Але здаецца, яны адумаліся, цяпер рэгіструюць усіх. Сярод расейцаў шмат людзей, якія адчуваюць сваю адказнасць за тое, што адбываецца. Мы стараемся хаця б троху мінімізаваць шкоду, што прынесла нашая дзяржава.

Чаму мы гэтым займаемся? Па-першае, немагчыма сядзець склаўшы рукі. Я і многія іншыя валанцёры дзякуючы такой дзейнасці знаходзім пэўнае супакаенне.

Людзі садзяцца на цягнік да польскага гораду Пшэмысьль на чыгуначным вакзале ў Львове, Украіна. 17 сакавіка 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Калі нам кажуць, навошта вы падкрэсліваеце, што вы расейцы, навошта пазначаеце сябе пэўнай сімволікай, навошта вам рэпрэзентавацца як групе, навошта назваліся «Russians for Ukraine», мы якраз паказваем, што ёсць расейцы, якія супраць. Для нас важна ў тым ліку паказваць іншым грамадзянам Расеі, якія засталіся ў краіне і нічога не могуць зрабіць, што мы ёсць, даць адчуванне локця, што не ўсе расейцы аднолькавыя, не ўсе падтрымліваюць гэтае бясчынства, вайну.

Калі мы дапамагаем украінцам, рэдка размова даходзіць да пытанняў, адкуль мы, чаму дапамагаем. Нам часта дзякуюць тыя, каму мы дапамаглі, пытаюць, адкуль мы, пасля вельмі здзіўляюцца. І дзякуюць яшчэ раз, кажуць: «Мы ведалі, што такія як вы мусяць быць, дзякуй вам».

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў