Памежная служба Украіны: беларускі памежнік уцёк праз мяжу, бо хацеў ваяваць супраць Расеі


У канцы чэрвеня беларускі памежнік уцёк з-пад Берасця ў напрамку Ковэля. Яго арыштавалі на два дні. Цяпер ягоны лёс залежыць ад вынікаў праверкі таго, што ён сказаў.

Дзяржаўная памежная служба Украіны расказала радыё «Свабода» аб лёсе беларускага памежніка, які 29 чэрвеня ўцёк з Беларусі ва Украіну: праводзіцца праверка агучанай ім інфармацыі. А ён кажа, што хацеў далучыцца да сілаў абароны Украіны супраць расейскай агрэсіі.

«Мужчына таксама расказаў, што меў таксама аднадумцаў у гэтым пытанні, і з адным з іх пастанавілі накіравацца ва Украіну, але ў памежжы іх выявілі і са стральбой пераследавалі, таму прайсці мяжу змог толькі ён адзін», – сцвярджае ўкраінская памежная служба.

Лёс аднадумца невядомы. Беларускі бок заяўляе, што наогул ніводзін беларускі памежнік не праходзіў украінскай мяжы, усе на месцы.

Паводле ўкраінскага боку, адзін беларускі памежнік перайшоў мяжу 29 чэрвеня а 13:20 у Шацкай сельскай грамадзе Ковэльскага раёну Валынскай вобласці, ішоў з боку беларускай вёскі Дубок у бок украінскага паселішча Хрыпск. Мужчыну затрымаў памежны патруль. За парушэнне мяжы паводле ч. 1 арт. 204.1 Адміністратыўнага кодэксу Украіны яго пакаралі арыштам на два дні і выплатай судовага збору 496 грыўняў (менш за 17 долараў). Мужчына служыў у Берасцейскай памежнай групе, адказваў за матэрыяльнае забеспячэнне.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў