Нямеччына паабяцала спыніць куплю расейскага вугалю са жніўня, нафты – з 31 снежня


Праблема застаецца з расейскім газам: нават пастаўкі звадкаванага газу са Злучаных Штатаў і Катару не скасоўваюць «вялікага дэфіцыту» ў Еўропе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Запалярнае нафтагазакандэнсатнае радовішча. Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга, Расея. 4 студзеня 2021 года.
Фота: Chursaev13 / Wikimedia, CC BY 4.0

Намеснік міністра фінансаў Нямеччыны Ёрг Кукіс расказаў на Сіднэйскім энергетычным форуме, што Нямеччына збіраецца адмовіцца ад расейскага вугалю ўжо праз два тыдні – з 1 жніўня, піша «Reuters». Ад расейскай нафты маюць канчаткова адмовіцца 31 снежня.

Гэта сур’ёзны зрух у нямецкай энергетыцы, дадаў ён. Некалі Расея пастаўляла ў Нямеччыну 40 % вугалю і 40 % нафты.

Але застаецца праблема з газам: у Еўразвяз з Расеі яго пастаўлялі 158 млрд кубаметраў на год. Хоць Нямеччына актыўна працуе над тэрміналамі для імпарту звадкаванага газу, ЗША і Катар цяпер могуць пастаўляць толькі каля 30 млрд кубаметраў на год, што пакідае вялікі прагал у газавым забеспячэнні Еўропы. Пазбавіцца залежнасці ад расейскага газу няпроста, патлумачыў Кукіс, бо газаправод «Дружба» выкарыстоўваўся як «інструмент Савецкай імперыі супраць Усходняй Еўропы».

Пры тым Нямеччына – яшчэ не самая залежная ад расейскага газу краіна Еўропы, хоць і найвялікшы яго імпарцёр. Нямеччына пастаўляе з Расеі 58,9 % патрэбнага ёй газу, а Вугоршчына і Латвія – больш за 100 % ад сваіх патрэбаў. Больш за Нямеччыну ад расейскага газу залежаць таксама Фінляндыя, Эстонія, Чэхія, Славенія, Славаччына і Балгарыя.

У Еўропе пачалі асабліва хвалявацца адносна расейскага газу пасля таго, як Расея 11 ліпеня спыніла газаправод «Паўночная плынь» – нібыта на планавы рамонт на 10 дзён, але ў Еўропе не выключаюць, што Расея працягне скарачаць экспарт газу.

Аб’ектыў
Андрыян Прокіп: «Расея ў адкрытую спрабуе маніпуляваць на рынку газу Еўразвязу»
2022.07.11 23:06

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў