Камітэт правоў чалавека ААН забараніў Расеі экстрадаваць у Беларусь Яну Пінчук


Расейскі суд у чэрвені пастанавіў выдаць у Беларусь 25-гадовую актывістку, затрыманую ў мінулым лістападзе на запыт беларускіх сілавікоў. Яе ў Беларусі лічаць адміністратаркай Telegram-каналу «Витебск 97%», вінавацяць паводле пяці палітычных артыкулаў.

Яна Пінчук.
Фота: yanapinchuk / Вконтакте

Маскоўская Хельсінкская група паведаміла вечарам 12 ліпеня аб адказе Камітэту правоў чалавека Арганізацыі аб’яднаных нацыяў на іх зварот адносна беларускі Яны Пінчук: Камітэт прызнаў абгрунтаванымі рызыкі непапраўнай шкоды ў выпадку экстрадыцыі яе ў Беларусь і папрасіў урад Расеі ўстрымацца ад выдачы, каб даць Пінчук доступ да ўнутраных працэдураў атрымання прытулку.

Таксама Камітэт прасіў расейскі ўрад забяспечыць Пінчук неадкладны доступ да прадметаў першай неабходнасці і забяспечыць абарону ейнага жыцця, фізічнай і псіхічнай недатыкальнасці, пакуль ейная справа застаецца на разглядзе Камітэту.

Ці спыніць гэта экстрадыцыю, невядома: Расея раней выдавала Беларусі палітычных зняволеных (напрыклад, у студзені выдала беларускім уладам 25-гадовага Дзмітрыя Падлобнікава), нягледзячы на пастановы Еўрапейскага суда правоў чалавека, а ў сакавіку выйшла з Рады Еўропы і адмовілася выконваць рашэнні ЕСПЧ. Цяпер КПЧ ААН настойвае, што непрыняцце захадаў, аб якіх просіць Камітэт, несумяшчальнае з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Расея падпісала і ратыфікавала (яшчэ як Савецкі Саюз).

Hавiны
У Санкт-Пецярбурзе затрымалі яшчэ аднаго беларуса за каментары ў сацсетках
2022.05.30 21:23

Яна Пінчук пераехала ў Расею яшчэ ў 2018 годзе. Яе затрымалі 1 лістапада 2021 года ў Санкт-Пецярбурзе на запыт беларускіх сілавікоў. 3 лістапада мясцовы раённы суд абраў для яе меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. На радзіме за адміністраванне тэлеграм-каналу «Витебск 97%» супраць Яны Пінчук выставілі абвінавачванні паводле пяці крымінальных артыкулаў: «Распальванне нацыянальнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК РБ), «Заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі» (ч. 3 арт. 361), «Паклёп» (арт. 188) і іншыя. Ёй можа пагражаць да 12 гадоў зняволення.

Расейскія суды адмовілі ёй у прытулку і пастанавілі экстрадаваць яе ў Беларусь. 13 ліпеня ў Другім апеляцыйным судзе Санкт-Пецярбургу будзе апошні суд адносна выдачы Пінчук у Беларусь.

Абноўлена. Новы суд аб экстрадыцыі Яны Пінчук, які быў запланаваны на 13 ліпеня, перанеслі на 21-га, піша «Медыязона». Прычына – падсуднай не паведамілі аб прызначэнні суду своечасова.

Падчас перабывання за кратамі Яна паспела выйсці замуж. Яе прызналі палітычнай зняволенай праваабаронцы расейскага «Мемарыялу».

Hавiны
Беларуска, якую збіраюцца экстрадаваць з Расеі, выйшла замуж у СІЗА
2022.03.15 19:47

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў