Харватыя гатовая перайсці на еўры з 2023 года


Рада Еўразвязу зацвердзіла тры апошнія акты, неабходныя для пераходу Харватыі на еўры. З 1 студзеня 2023 года Харватыя можа перайсці на еўрапейскую валюту.

Цырымонія зацверджання еўра для Харватыі. Брусель, Бельгія. 12 ліпеня 2022 года.
Фота: EU2022_CZ / Twitter

Адзін з трох актаў, прынятых 12 ліпеня, вызначае курс для абменнага механізму: за 1 еўра – 7,5345 харвацкай куны. Яшчэ два акты тычацца пастановы аб прыняцці еўра ў Харватыі і Харватыі – у еўразону 20-м чальцом.

З прыняццем актаў харватаў павіншаваў адзін з падпісантаў, міністр фінансаў Чэхіі Збынек Станюра: Харватыя выканала ўсе эканамічныя патрабаванні, каб перайсці на еўры. Але ён засцярог: «Пераход на еўры – гэта не гонка, а адказны палітычны выбар».

Кіраўнік Народнага банку Харватыі Борыс Вуйчыч, перадае харвацкі «Novi list», заявіў, што ад пераходу на еўры грамадзяне і прадпрымальнікі Харватыі атрымаюць «канкрэтныя, наўпроставыя і пастаянныя перавагі»: знікнуць валютныя рызыкі, краіна стане больш прывабнай інвестыцыйна і больш устойлівай у крызісы, а еўра – «ключавая каштоўнасць еўрапейскага адзінства». Ён казаў пра жаданне перайсці на еўры яшчэ ў 2013 годзе, калі Харватыя далучалася да Еўразвязу.

Каментар
Курсы еўра і долара амаль зраўняліся. Што адбываецца і ў чым лепш захоўваць свае грошы
2022.07.08 19:00

Імаверна, з харвацкага боку яшчэ застаюцца непрынятымі нейкія законы і акты, якія зацвердзяць пераход на еўры, але харвацкія медыі пішуць аб прыняцці еўрапейскай валюты як аб канчатковай пастанове. Дату 1 студзеня 2023 года харвацкія ўлады вызначылі як мэтавую яшчэ ў канцы 2020 года. Да пераходу на еўры Харватыя рыхтавалася яшчэ з 1994 года. Сёлета ў траўні прынялі дызайн для харвацкай версіі манеты 1 еўра. Ужо з верасня ў Харватыі цэннікі маюць быць у курах і еўрах.

Харватыя – далёка не самая багатая краіна Еўразвязу, паводле валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва яна трэцяя з канца пасля Румыніі і Харватыі, адстае ад Польшчы і Вугоршчыны. Аб’ём харвацкай эканомікі крыху большы за літоўскі (насельніцтва Літвы – 2,8 млн, Харватыі – 3,9 млн асобаў). Але медыянны даход харвата ўтрая вышэйшы за гэткі ў беларуса, згодна з падлікамі «Credit Suisse».

21-й краінай еўразоны мае стаць Балгарыя, прыняцце еўра там плануюць у 2024 годзе. Да еўразоны фармальна збіраюцца далучыцца ўсе краіны Еўразвязу, акрамя Даніі, але фактычна не ўсе спяшаюцца развітацца з нацыянальнымі валютамі: па-за еўразонай застаюцца таксама Вугоршчына, Польшча, Румынія, Чэхія, Швецыя.

Аналітыка
Украіна і Малдова сталі кандыдатамі ў Еўразвяз. Што гэта дае і калі змогуць далучыцца цалкам?
2022.06.24 20:46

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў