Дзевяць беларусаў пацярпелі ў аварыі аўтобуса ў Арлоўскай вобласці Расеі


Чацвёра – у лякарні, агулам дзевяць чалавек пацярпелі ў аварыі 13 ліпеня. Падазраюць, што кіроўца выехаў на сустрэчную паласу, парушаючы правілы.

Аўтобус, які трапіў у аварыю. 13 ліпеня 2022 года. Арлоўская вобласць, Расея.
Фота: newsorel.ru

Міні-аўтобус з пасажырамі сутыкнуўся з цяжкавіком на трасе ў Тамбоў у Арлоўскай вобласці Расеі, піша выданне «Орловские новости». Дзевяць чалавек пацярпелі, усе яны грамадзяне Беларусі. Сярод іх – кіроўца і адно дзіця. Аўтобус быў на нумарах Магілёўскай вобласці.

Паводле папярэдніх звестак упраўлення МУС Арлоўскай вобласці, аварыя адбылася а 7:00 13 ліпеня на 109-м кіламетры трасы Арол – Тамбоў. Аўтобус ехаў у напрамку Ліўнаў блізу вёскі Пакроўка-Другая выехаў на сустрэчную паласу і ўрэзаўся ў цяжкавік. Распачалі крымінальную справу аб парушэнні правіла дарожнага руху, пракуратура вобласці ўзяла справу на кантроль.

Міністэрства замежных справаў Беларусі запэўніла БелТА, што высвятляе абставіны здарэння і застаецца ў кантакце з расейскімі кампетэнтнымі органамі. Шпіталізавалі толькі чацвярых з дзевяцёх пацярпелых.

Пацярпелых даставілі ў Ліўнеўскую цэнтральную раённую лякарню. Там «Белсату» пацвердзілі, што туды звярталіся дзевяць чалавек, але шпіталізавалі сапраўды не ўсіх. Але сказаць пра стан пацярпелых у лякарні адмовіліся, спаслаўшыся на медычную таямніцу.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў