Доктар Мартаў пра новую хвалю COVID-19, медыкаў на вайне і смерць Пуціна


Былы загадчык аддзялення рэанімацыі Віцебскай больніцы хуткай медычнай дапамогі, доктар Уладзімір Мартаў у канцы лютага 2020 года адседзеў сем сутак у Лепельскім ізалятары. Фармальна – за бел-чырвона-белую аватарку ў «Фэйсбуку», фактычна – за кнігу, якую піша: «На вайне з COVID-19». Цяпер ён падарожнічае па свеце і заканчвае трэцюю частку твору ў жанры нон-фікшн пра каронавірус у Беларусі. Мы гутарым з доктарам Мартавым пра смеласць дактароў, смерць Пуціна і вяртанне да нармальнасці.

Уладзімір Мартаў. 2021 год.
Фота: Белсат

«Трэцяя частка будзе яшчэ злейшай»

– Уладзімір, ці цяжка даюцца ўспаміны?

– Не тое каб цяжка… Хоць, калі ўспамінаю некаторыя эпізоды – патрэсвае, бо эмоцыі яшчэ свежыя. І ёсць моманты, якія страшна ўспамінаць. Праблема ў тым, што я доктар, я займаўся досыць складанымі рэчамі, і перакласці доктарскую мову на агульную, каб усім было зразумела, складана. Вось як гэтую кухню, што для медыкаў шалёна цікавая, падаць, каб яна была цікавая звычайным людзям? Гэта самае складанае.

– У вас атрымоўваецца. Колькі частак будзе ў кнізе?

– Першую частку вы паслухалі. Другая частка выходзіць. А трэцяя таксама пра COVID-19, але будзе прысвечаная майму звальненню. Можа быць, трэцяя частка будзе яшчэ злейшай. На жаль. Але так атрымліваецца.

Ці рыхтуецца Беларусь да новай хвалі каронавіруса?

– А ці не ранавата ставіць кропку? У Еўропе на ўсю моц рыхтуюцца да новай хвалі о-мікрону, кажуць пра магчымы каранцін у верасні і пра вяртанне масак…

– Калі прыйшоў COVID-19 – трэцяя хваля, потым чацвёртая – у прафесійных колах абмяркоўвалася, што прыйшоў ён да нас назаўсёды і будзе нас перыядычна наганяць. Мы мусім да яго прызвычаіцца, адаптавацца як біялагічная папуляцыя. Але ён усё роўна будзе збіраць сваю жніво, што і робіць да гэтага часу.

Даведка

Уладзімір Мартаў – доктар, анестэзіёлаг-рэаніматолаг. Былы загадчык аддзялення рэанімацыі Віцебскай гарадской больніцы хуткай медычнай дапамогі. У 2020 годзе ў разгар пандэміі каронавіруса адным з першых расказаў, што насамрэч адбываецца ў «чырвоных зонах» беларускіх больніцаў. У красавіку 2021 года з Мартавым не працягнулі працоўнага кантракту. 22 лютага 2022 года ён быў затрыманы ў Лепелі і асуджаны на 7 сутак арышту (арт. 24.23 КоАП).

Мартову 53 гады, 30 з іх ён аддаў медыцыне. Ягоны бацька – прафесар Юрый Мартаў – быў вядомым хірургам, яго звольнілі з ВДМУ за непакорлівасць.

Уладзімір Мартаў – аўтар шматлікіх навуковых працаў, філасофскіх і гістарычных эсэ. Аўтар кнігі «На вайне з COVID-19», што публікуецца ў выглядзе падкасту на радыё «Свабода». Жанаты, бацька дваіх дарослых дзяцей.

Пятая хваля, якая была ў канцы студзеня – пачатку лютага ў Беларусі, паказала, што ўсе ўжо стаміліся ад гэтага: о-мікрон, карона – надакучыла! У нас тады і маскі забаранілі, калі памятаеце. А насамрэч ён сваю жніво сабраў. Калі матэматычна, то о-мікрон дзесьці ў два разы менш смяротны, чым першы штам, і ў пяць разоў менш смяротны, чым дэльта. Але калі ўлічваць, што ён больш заразны, колькасць загінулых можа быць вялікая. І калі мы расслабімся і ён нас накрые непадрыхтаваных – мы вернемся ў самы пачатак першай хвалі. Так што трэба рыхтавацца.

– А ці будзем гатовыя? Лекары бягуць з Беларусі. У краіне наогул хто-небудзь застаўся з кваліфікаваных медыкаў?

– Засталіся, безумоўна. Вельмі шмат добрых дактароў. Хоць зʼехалі таксама шмат. Але тут якое пытанне? Доктар лечыць канкрэтнага пацыента, і, каб канкрэтны пацыент дабраўся да канкрэтнага доктара, – для гэтага існуе цэлая сістэма. Знакаміты хірург Мікалай Пірагоў казаў: «Хворых лечыць арганізацыя».

І вось у гэтым сэнсе я сапраўды ўпэўнены, што Беларусь сёння не рыхтуецца да о-мікрону. Там зусім іншы парадак дня. Хіба што на словах. Але так, каб рэальна рыхтаваліся, разглядалі магчымыя сцэнары, магчымую нагрузку, як перапрафіляваць стацыянары і ці трэба – гэтага нічога не будзе.

Уладзімір Мартаў сярод калегаў.
Фота: Владимир Мартов / Facebook

Калі адміністрацыя не чуе галасоў дактароў знізу, яна робіць больш памылак. А не сакрэт, што адміністрацыя цяпер не дужа заклапочаная медычнымі пытаннямі – яна вырашае палітычныя пытанні.

Эпізод з трэцяй часткі кнігі: мяне звольнілі, прыехала чарговая камісія і зрабіла выснову – без Мартава стала лепш. Адразу ўзнікае пытанне: каму стала лепш? Хворым стала лепш, што звольнілі Мартава? Нібыта не. А калегам, якімі я кіраваў, стала лепш? Кажуць, не, не стала. Тады каму стала лепш? Адміністрацыі. Вось у чым справа! І з гэтай логікі атрымліваецца, што ўсе робяць толькі так, каб было зручна адміністрацыі. А значыць, ізноў будзе вельмі нявесела ў будучыні.

«З’ехалі людзі, якія гатовыя былі рухаць медыцыну наперад»

– Наўскідку: колькі дактароў зʼехала з краіны?

– Магу сказаць толькі наконт сваёй прафесіі. За мяжой цяпер як мінімум каля 30 маіх калегаў, якіх асабіста ведаю. А гэта, я вам скажу, вельмі шмат. Прычым многія калегі занялі ўжо вельмі высокія пасады за мяжой. Разумееце? Зʼехалі зрэалізаваныя людзі, якія гатовыя былі рухаць медыцыну наперад.

Мы ўсе розныя ў медыцыне, рыхтаванне ў нас рознае і валявыя якасці ў нас розныя. Але мы былі моцныя, калі нас было шмат і мы былі разам. Быў нейкі адбор. Праца вельмі складаная, хтосьці не спраўляўся. А калі вельмі шмат людзей зʼехала і вельмі шмат людзей, якіх нельга дапускаць да хворых, былі дапушчаныя да пацыентаў – гэта няправільна. Але гэта нікога не хвалюе.

– Хто застаецца?

– Застаюцца больш згодныя і адаптаваныя. Яны не горшыя. Гэта не так. Але гэта адаптацыя. І ў гэтым мала добрага. Бо калі ўзнікла пандэмія – увесь свет быў не гатовы, і мы былі не гатовыя. Але праз нейкі час разумееш, што можна выправіць. Але каб выпраўляць – неабходная пэўная смеласць. А калі я прыходжу на працу, лячу, як атрымліваецца, і тым, што далі, іду дадому і атрымліваю заробак, дык… Выдатная сістэма. Але абсалютна некрэатыўная. А калі сістэма некрэатыўная, зʼяўляецца фальшывая крэатыўнасць – у выглядзе ўсялякіх варʼяцкіх ідэяў.

– Закрыццё прыватных медцэнтраў з той жа оперы?

– Не ведаю. Інсайду няма, у прыватных цэнтрах не працаваў. Магчыма, патрэбныя кадры, і «гэтых» хочуць вярнуць у стойла. Дзіўна, што гэта супала са справай артапедаў…

«Медык і на вайне застаецца медыкам»

– У нядаўнім інтэрвʼю вы сказалі, што выйшлі з турмы ў новую рэальнасць. Якая яна для вас? Шмат у каго ўражанне, што свет ляціць у бездань…

– Мяне пасадзілі ў мірны час. Толькі ў камеры з жахам даведаўся, што пачалася вайна. Нядаўна, дарэчы, было роўна 4 месяцы, як мяне выпусцілі, 1 сакавіка. Або – 29 лютага, як было напісана ў судовым рашэнні. Мы яшчэ пасмяяліся, хоць было ўжо не да смеху.

І вось я выйшаў у ваенны час, а ён мае іншыя законы. І мяне гэта прыводзіць у жах. І гэты вір закручваецца ўсё глыбей і глыбей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Раней, памятаеце, было: толькі б мірнае неба над галавой. А цяпер з кожным днём вайна становіцца ўсё больш рэальнай, абмяркоўваецца ўжо ядравая вайна, прычым не ў Індакітаі дзесьці, а тут, пад бокам. І сур’ёзна абмяркоўваецца. Гэта стварае змрочнае ўражанне.

У мяне няма, шчыра кажучы, апакаліптычных настрояў. Ёсць адчуванне, што гэта ненармальна і трэба нейкім чынам вяртацца да нормы. Але пакуль нават згадка нормы – проста плакат «Не вайне!» – крымінальна караецца. Не, адчування блізкага апакаліпсісу ў мяне няма, але варʼяцтва – безумоўна.

– Хадзілі чуткі, што медыкаў у Беларусі прымушаюць падпісваць нейкія дакументы аб мабілізацыі ў выпадку вайны. Уявіце, што вас як доктара кідаюць на фронт – на вайну з Украінай. Што будзеце рабіць?

– Дактары – і мужчыны, і жанчыны – вайсковаабавязаныя. І, безумоўна, падчас мабілізацыі медыкі ўстаюць у шыхты. Гэта паводле змоўчання. Выклік у ваенкамат, спраўджанне дадзеных. Гэта нармальна. Ненармальна тое, што наогул рыхтуецца вайна і што яна агулам магчымая.

А што рабіць, калі апынаешся там? Медык на вайне застаецца медыкам. І палітычныя прыхільнасці мусяць адысці на другі план. І дапамогу пацярпелым і параненым трэба аказваць.

І калі да гэтага дойдзе, то дапамогу аказваць не толькі сваім, але і суперніку, хто б ім ні быў. Гэта абавязкова.

– Успамінаецца «Доктар Жывага»…

– Ну тады медычная этыка была на больш высокім узроўні, скажам так. І не было гэтай чалавеканенавісніцкай тэорыі, калі ворага не ратуюць. А я ўжо магу сабе ўявіць сітуацыю, калі ўкраінскі жаўнер трапляе ў расейскі шпіталь… Для доктара Жывага ў гады Першай сусветнай такое было немагчыма. Не было тады такога расчалавечвання.

Так што – дапамагаць і тым, і тым. Ведаеце, у гэтым ёсць нешта ад самазахавання, ці што. Калі доктар трапляе ў палон, да яго таксама асаблівае стаўленне, і ён можа выкарыстоўвацца на супрацьлеглым баку. Быў жудасны эпізод у адной з аповесцяў Булгакава (а ён ведаў, пра што казаў!), калі чырвоныя бяруць у палон белых, доктара адводзяць у бок, а астатніх – у расход. Доктар – вельмі каштоўны рэсурс на вайне.

Ці Пушкін вінаваты ў вайне

– Калі ўжо закранулі Пастэрнака і Булгакава, дак што скажаце пра напады на рускую культуру? Яе абвінавачваюць у імперскасці і «саўковасці». Ёсць меркаванне, што менавіта руская культура нясе адказнасць за тое, што адбываецца.

– Трэба памятаць, што Расея не першая на гэтым шляху. Нямеччына праходзіла падобнае… Усё роўна культура застанецца. Пройдзе час, і раны, што цяпер сыходзяць крывёй і загніваюць, зажывуць. Боль заціхне, хоць, можа, ніколі і не пройдзе. Але культура будзе. Расейскай мовы ніхто не скасуе. З гэтым нічога зрабіць нельга, хочам мы гэтага ці не.

Шмат вострага цяпер уступае ў бой. «За» расейскую культуру і «супраць»: літаратура, расейскі балет, опера… Проста цяпер я наогул не схільны гэта абмяркоўваць. Зусім недарэчы. Украінцы маюць права рабіць тое, што лічаць правільным. І свет. Але сказаць, што Пушкін вінаваты ў тым, што Пуцін развязаў вайну – напэўна, усё ж нельга. Дастаеўскага таксама цэнім не за тое, што ён быў антысеміт і «імперац».

Таму я думаю, культура сама за сябе пастаіць. Ясна адно: больш для скасавання расейскай культуры, чым цяперашні пуцінскі рэжым, не зрабіў ніхто.

– Выключэнне «Альпійскай балады» Васіля Быкава са школьнай праграмы ва Украіне таксама лепш пакуль не абмяркоўваць?

– Так, гэта не мае сэнсу, думаю, бо толькі гуляем на руку герастратам. Ужо хто-хто, але Васіль Быкаў – апошні, пра каго можна ў такім ключы судзіць як пра «імперца» або «саўка». Гэта проста несурʼёзна.

Hавiны
Першы пацалунак, Біблія і «ўваскрэсенне». Пяць цікавых фактаў пра Васіля Быкава і Украіну
2022.06.17 17:02

Васіль Быкаў сваё месца ведае, і мы ведаем ягонае месца, і ўвесь свет ведае. А калі людзям не падабаецца «Альпійская балада», дык, калі ласка, вось «Сотнікаў». Можа, для дзяцей і страшная рэч, але цяпер актуальная як ніколі.

Пуцін і магнітнае поле

– Пытанне да рэаніматолага. Які прэпарат трэба ўпырснуць у цела Расеі, каб вярнуць яе да нармальнасці? Ёсць меркаванне, што свет выратуе толькі скон правадыра.

– Ёсць шмат прыкладаў, калі смерць «лідара» шмат што змяніла. Узяць Сталіна. Краіна стала іншай літаральна праз пару месяцаў, тым больш – праз пару гадоў. Паслясталінскі рэжым быў па-ранейшаму таталітарным, камуністычным і бесчалавечным, але ўсё ж такі на парадак больш нармальным. Смерць Гітлера таксама шмат што змяніла, але шлях да нармальнасці заняў у немцаў цэлае пакаленне – 20–25 гадоў.

Я даўно разважаю над тэмай адказнасці лідараў дзяржаў у такіх краінах, што не маюць устойлівай дэмакратыі. Лідар стварае магнітнае поле, у якім нейкім чынам шыхтуюцца малекулы. І ў пэўнай сістэме наверх усплывае гаўно, а ўніз апускаюцца нармальныя людзі, або наадварот. Людзі розныя. Пытанне, як збіраюцца вяршкі ў малацэ, як ідзе сепарацыя – і гэта залежыць ад магнітнага поля, што стварае лідар у гэтых няўстойлівых і недэмакратычных дзяржавах. Таму скон аднаго чалавека вельмі шмат што можа змяніць.

Але на вяртанне да нормы, на рэабілітацыю, спатрэбіцца шмат часу. Як мінімум, пакаленне. Гэта будзе жорстка.

Уладзімір Мартаў. 2021 год.
Фота: Белсат

Я шмат камунікаваў са сваімі расейскімі калегамі і расейскімі грамадзянамі. І нават у многіх прыстойных людзей ад слова «Мазэпа» зносіць дах. І яны нават гэтага не ўсведамляюць. І калі слова «Крым» яны ўжо могуць перажыць, то «Мазэпу» – ніяк.

Ціск гэтага магнітнага поля плюс прапаганда – усё гэта давядзецца пераадольваць. Шмат якія краіны праз гэта праходзілі. І гэта ўсё роўна пройдзе, і мы вернемся да нормы. Бо норма – ёсць. Вось у гэтым якраз і аптымізм: норма ёсць!

– У чым яна?

– Мамы любяць дзяцей, дзеці даглядаюць састарэлых бацькоў. Даглядаюць хворых і нямоглых. Гэта чалавечая норма. Калі няма вайны. Вось лозунг «Не вайне!» – гэта лозунг-норма.

Калі сядзеў у турме, пасля пяці содняў адзіночкі пайшла паласа п’яных дэбашыраў. У нас маленькі калектыў атрымаўся. А гэта Лепель, дзе шмат вайскоўцаў. Ад іх даведаўся пра вайну. І яны такія: даўно было пара гэтых «нацыкаў» прыціснуць. Я на іх гляджу… І мы ўсё роўна ў гэтых спрэчках сышліся на тым, што вайна – гэта дрэнна. І той, хто пачаў вайну, той не мае рацыі. І ўсё! Проста вайна – гэта катастрофа. Любая. Няма добрых войнаў. Асабліва цяпер.

Фашызм «па-расейску»

– Згадалі «нацыкаў». Як доктар Мартаў вызначае фашызм? У цяперашняй Расеі гэта вельмі шырокае паняцце.

– У маладосці прысвяціў шмат часу вывучэнню гэтага феномену. Ёсць кніжкі з гэтай нагоды. Але – самае простае. Таварыш Сталін называў фашыстамі ўсіх сваіх ворагаў. Сацыял-дэмакраты Нямеччыны – фашысты. Фінляндыя? Фашыст. Можна прыбалтыйскія дзяржавы назваць фашысцкімі. Словам, фашысты тыя, хто нам не падабаецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ІВ / Белсат

І з улікам, што цяперашняе расейскае кіраўніцтва цалкам спрабуе капіяваць Сталіна (проста бяруць старыя метадычкі і мяняюць дату выпуску пры перадруку), дык вось ён і ёсць фашызм. Для іх.

– Сказалі ў адным з інтэрв’ю, што хацелі б прысвяціць сябе педагогіцы. Праўда?

– Так. Але пакуль што застаюся доктарам. Стараюся трымаць пупавіну неабрэзанай. Нядаўна займаўся рэдагаваннем перакладу медычнай кніжкі, вельмі цікавай, пра штучную вентыляцыю лёгкіх, што падчас ковіда стала велізарнай праблемай.

А што да педагогікі… У нармальнай краіне і ў нармальных умовах да мяне прыйшлі б маладыя дактары або будучыя спецыялісты. Я б дзяліўся ведамі і досведам, бо ведаў у мяне шмат, уменняў таксама. І гэта тое, што мне было б цікава. Але для гэтага трэба вярнуцца да нормы.

Як толькі ў Беларусі за лозунг «Не вайне!» перастануць караць, гэта будзе першым крокам да нормы. Гэтага яшчэ недастаткова, каб сказаць, што ўсё нармальна, але гэта будзе першы крок…

Інтэрв’ю
Кацярына Ваданосава: «Калі мне сказалі, што гэта рак, не было часу раскісаць»
2022.06.16 15:02

Зміцер Міраш /ММ belsat.eu

Стужка навінаў