«Зачыстка» працягваецца: ператрусы прайшлі ў Берасці, Віцебску, Гомлі і Магілёве


Абвешчаная сілавікамі 8 ліпеня «зачыстка» працягнулася 13 ліпеня.

Ілюстрацыйная выява. Бусы сілавікоў каля офісу «Нашай Нівы» 8 ліпеня 2021 года.
Фота: radiosvaboda / Telegram

Сёння раніцай гомельскія «Сильные новости» паведамілі пра ператрус у бухгалтаркі выдання Ганны Стрэльчанкі. Прычыны ператрусу невядомыя, але 9 ліпеня амаль да ўсіх супрацоўнікаў выдання прыходзілі з ператрусамі.

Таксама пра ператрус раніцай 13 ліпеня паведаміла ў Twitter фатографка з Берасця Вольга Латышава. Яна дадала: «Я так разумею, пайшлі па тых загадкавых спісах з «Жёлтых слив» — маецца на ўвазе праўладны Telegram-канал, звязаны з дзяржаўнай тэлевізіяй і сілавікамі.

З ператрусам прыходзілі і да выдаўца берасцейскага часопісу «Бинокль» Дар’і Гарашчанкі – яе завезлі ў Ленінскі РАУС, потым адпусцілі, але забралі тэлефон.

Да рэдактаркі «Бинокля» Ксеніі Пятровіч таксама прыходзілі з ператрусам. Але яе тады не было на месцы прапіскі — дома была маці, якая не адамкнула дзвярэй.

Праваабаронцам «Вясны» вядома агулам пра шэсць ператрусаў сёння ў Берасці, якія КДБ ладзіць у межах крымінальнай справы за «акт тэрарызму». Людзі, у якіх ператрасаюць жытло, маюць статус «сведак».

З Віцебску «Белсату» паведамляюць прынамсі пра шэсць ператрусаў і шэсць затрыманых. Усіх затрыманых раней нібыта прыцягвалі да адказнасці – чытач мяркуе, што гэта «зачыстка перад «Славянскім базарам». На вуліцах бачылі байцоў унутраных войскаў.

Чытачы паведамляюць, што ўчора ў Мазыры прайшлі ператрусы прынамсі ў шасці чалавек, крымінальны вышук ладзіў іх з санкцыі КДБ, звязвалі іх толькі з чатамі «ОГСБ». Усіх шасцёх пасля допытаў вызвалілі. Але ў нядзелю затрымалі яшчэ аднаго чалавека, якога ў панядзелак судзілі за рэпост з «экстрэмісцкага» каналу – і ён казаў, што ў мазырскім ізалятары бачыў некалькіх затрыманых «палітычных».

14:45. У рэдакцыю сайту «Магілёўскі рэгіён» прыехала міліцыя, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Артыкулы
Запужаць і катаваць. Чаму падчас зачысткі ад КДБ зʼявіўся артыкул пра тэрарызм
2021.07.09 17:10

АА belsat.eu

Стужка навінаў