Мужчыну, які зняў здарэнне з атракцыёнамі ў Александрыі, затрымалі і прысудзілі содні арышту


Суд Шклоўскага раёну 13 ліпеня вынес прысуд Паўлу Пятроўскаму, які зняў на відэа здарэнне з атракцыёнамі ў Александрыі. Да гэтага ён трое содняў знаходзіўся ў Шклоўскім РАУС, паведамляе «Радыё Свабода».

Паўла Пятроўскага затрымалі ў суботу 10 ліпеня. Затрыманне праводзіў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

Павел Пятроўскі.
Фота: svaboda.org

Афіцыйная прычына затрымання – артыкул 19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка такой інфармацыі»).

У выніку мужчыну асудзілі на 7 дзён адміністрацыйнага арышту.

Пятроўскі – прыватны прадпрымальнік з Берасця. Ён паехаў на фестываль гандляваць сваімі таварамі. Па адукацыі мужчына настаўнік гісторыі. Жанаты, у сям’і двое малых дзяцей – аднаму тры гады, другому 10 месяцаў.

Нагадаем, што выпадак з падняццем атракцыёнаў у паветра адбыўся на фестывалі «Александрыя сустракае сяброў». Моцны вецер узняў у паветра батут, на якім забаўляліся дзеці. Відэа гэтага здарэння трапіла ў сеціва.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, пасля інцыдэнту па медычную дапамогу звярнуліся 5 чалавек – двое дзяцей і трое дарослых. Пазней начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандр Старавойтаў распавёў, што ў выніку інцыдэнту з батутам пацярпелі не пяць, а сем чалавек.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў