Лукашэнка раптоўна паляцеў да Пуціна ў Санкт-Пецярбург. Той чакаў яго ў Крыме


Раніцаю 13 ліпеня Аляксандр Лукашэнка вылецеў з аэрадрому Балбасава ў Санкт-Пецярбург на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным.

Лукашэнка і Пуцін на перамовах у Сочы, 30 траўня 2021 года.
Фота: Сергей Ильин / ТАСС

Пра гэта паведаміў Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі. У Санкт-Пецярбурзе Лукашэнка мае абмеркаваць з Уладзімірам Пуціным «развіццё супрацы ў розных сферах, міжнародную праблематыку», піша канал.

Таксама канал заяўляе, што пра сустрэчу Лукашэнка і Пуцін дамовіліся падчас тэлефанавання 1 ліпеня. Аднак раней такая сустрэча не анансавалася публічна ні беларускім, ні расейскім бокам. Але 4 ліпеня прэс-сакратар Пуціна казаў, што кіраўнік Расеі чакае Лукашэнку ў акупаваным Расеяй украінскім Крыме – а ад Крыму да Санкт-Пецярбургу паўтары тысячы кіламетраў.

Telegram-канал журналіста расейскай «Комсомольской правды» Дзмітрыя Смірнова «Пул N 3» тым часам сцвярджае, што ў графіку Пуціна сустрэчы з Лукашэнкам на гэтым тыдні не былі пазначаныя, і прэс-сакратар Пуціна не казаў пра такія перамовы.

«Што за пільнасць у сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі?» – задае пытанне расейскі канал крамлёўскага пулу.

Hавiны
«Выкруціцца будзе вельмі складана». Навошта Расея кліча ў Крым і чым гэта пагражае Лукашэнку
2021.07.05 17:41

Пуцін сустракаўся з Лукашэнкам ужо тры разы ў гэтым годзе, апошні раз – у канцы траўня ў Сочы. Вынікі сустрэчаў не былі значнымі: на сочынскай стала вядома, што другі транш крэдыту на $ 500 млн з $ 1,5 млрд Беларусь мае атрымаць у бліжэйшы час – але пра той крэдыт дамаўляліся задоўга да сустрэчы.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў