339-ы дзень пратэстаў. Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна, рашэнне па нелегальным мігрантам і новыя палітвязні

«Белсат» падводзіць вынікі 13 ліпеня – 339-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Раніцаю 13 ліпеня Аляксандр Лукашэнка раптоўна вылецеў у Санкт-Пецярбург на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на сустрэчы 13 ліпеня 2021 года. Фота: kremlin.ru

Паведамляецца, што пра сустрэчу Лукашэнка і Пуцін дамовіліся падчас тэлефанавання 1 ліпеня. Аднак раней такая сустрэча не анансавалася публічна ні беларускім, ні расейскім бокам.

Пад час сустрэчы Лукашэнка абвінаваціў незалежныя СМІ і няўрадавыя арганізацыі ва «укараненні тэрарызму». Ці адказаў неяк Уладзімір Пуцін на заявы аб «тэрарызме», не паведамляецца. Ён толькі назваў Беларусь «вялікім і надзейным партнёрам», хваліў рост тавараабарачэння.

Па выніках перамоваў яны дамовіліся пра захаванне цэны на расейскі газ у 2022 годзе на ўзроўні бягучага году і дамовіліся аб аб’ёмах крэдытнай падтрымкі Беларусі. У сваю чаргу Лукашэнка паабяцаў выконваць усе абавязкі па крэдытах, «чаго б гэта яму ні каштавала».

Сустрэча працягвалася больш за пяць гадзін.

«Зачыстка» працягваецца: ператрусы прайшлі ў Берасці, Віцебску, Гомлі і Магілёве

Сейм Літвы назваў нечуваную плынь нелегальнай міграцыі гібрыднай агрэсіяй

Паседжанне Сейма Літвы. Фота: Delfi

Парламент Літвы 13 ліпеня прыняў рэзалюцыю, у якой прызнаў узросшую нелегальную міграцыю праз Беларусь гібрыднай агрэсіяй.

У рэзалюцыі сказана, што арганізаваныя патокі іншаземцаў з трэціх краінаў, якія нелегальна перасякаюць мяжу, выкарыстоўваюцца для дэстабілізацыі сітуацыі ў Літве.

Таксама прапаноўваецца прыцягнуць да адказнасці арганізатараў патокаў нелегальнай міграцыі, уключаючы беларускіх фізічных і юрыдычных асобаў, каб у дачыненні іх былі ўжытыя нацыянальныя санкцыі і санкцыі Еўразвязу.

Еўракамісарка растлумачыла: візавыя абмежаванні не закрануць простых беларусаў

Выставілі абвінавачанне затрыманым падчас «зачысткі» менскім валанцёрам «Страны для жизни»

Марына Дуброўская, Антон Сташэўскі, Юлія Сырых – затрыманыя ў час «зачысткі» валанцёры фонду «Страна для жизни». Фота: «Вясна»

Фонд «Страна для жизни» даведаўся пра абвінавачанне, якое выставілі чацвярым затрыманым 9 ліпеня ў Менску валанцёрам: ім закідаюць «Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-2 КК РБ).

Усе яны займаліся зборам перадачаў для затрыманых. Паводле артыкулу, які ім закідаюць, ім пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Чацвёра затрыманых цяпер у СІЗА № 1 на Валадарскага, яны ўзятыя пад варту на два месяцы.

Праваабаронцы дадалі ў спіс палітвязняў яшчэ 7 чалавек. Цяпер іх агульная колькасць – 555

Мінюст праводзіць праверку дзейнасці «Саюзу беларускіх пісьменнікаў»

Мінюст запытвае масіў дакументаў ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» з 1 студзеня 2018 года па 1 ліпеня 2021 года па 27 канкрэтных пунктах, звязаных са статутнай дзейнасцю арганізацыі. Дакументы па ўсіх пунктах трэба прадаставіць да 13 ліпеня, то бок да сённяшняга дня.

Арганізацыя даслала ў Мінюст запыт аб падаўжэнні тэрміну прадастаўлення інфармацыі на два дні.

Мужчыну, які зняў здарэнне з атракцыёнамі ў Александрыі, затрымалі і прысудзілі содні арышту

Павел Пятроўскі. Фота: svaboda.org

Суд Шклоўскага раёну 13 ліпеня вынес прысуд Паўлу Пятроўскаму, які зняў на відэа здарэнне з атракцыёнамі ў Александрыі. Да гэтага ён трое содняў знаходзіўся ў Шклоўскім РАУС.

Пятроўскага затрымалі ў суботу 10 ліпеня. Затрыманне праводзіў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

Афіцыйная прычына затрымання – за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі.

У выніку мужчыну асудзілі на 7 дзён адміністрацыйнага арышту.

«Гэта абсурд». КДБ затрымаў менскага праграміста ў межах «тэрарыстычнай справы»

Марыю Калеснікаву ўзнагародзілі Штутгарцкай прэміяй міру

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу За Свабоду» і Марыя Калеснікава. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года. Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Да 2020 года Марыя Калеснікава 12 гадоў жыла ў Штутгарце, дзе працавала, сярод іншага, кіраўніцаю праекту фестывалю «Artemp». Потым яна вярнулася ў Беларусь у якасці менеджара кампаніі кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі.

«Калеснікава стала ключавой фігурай у пратэстах супраць Аляксандра Лукашэнкі, які кіруе Беларуссю аўтарытарна на працягу 26 гадоў», – гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Штутгарцкая прэмія міру прысуджаецца грамадзянскім праектам «AnStifter» і Фондам Штутгарцкай прэміі міру людзям і праектам, якія асабліва адданыя міру, справядлівасці, грамадзянскай мужнасці і салідарнасці.

Дзень беларускага мастацтва: як гэта было?

АД, belsat.eu

Тэгі: навіны
Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны