Ва Украіне загінуў яшчэ адзін нарадзінец Беларусі, які ваяваў на баку РФ


Радыё «Свабода» паведамляе пра смерць яшчэ аднаго нарадзінца Беларусі ва Украіне. Гаворка ідзе пра Андрэя Бабка. 35-гадовы вайсковец ваяваў на баку Расеі.

Андрэй Бабко.
Фота: Радыё Свабода

Развітанне з Андрэем Бабком адбылося ў Вайсковай акадэміі паветрана-касмічнай абароны імя Жукава ў Цверы 11 чэрвеня. Ён меў званне старшага лейтэнанта Узброеных сілаў Расеі.

Андрэй Бабко нарадзіўся ў Беларусі. Як стала вядома, у яго засталіся сваякі ў Мар’інай Горцы і Магілёве. З Беларусі родам і маці Андрэя Бабка.

У мар’інагорскім спецназе служыў бацька Андрэя Аляксандр Бабко, які загінуў 24 студзеня 1995 года ў Грозным у першую чачэнскую вайну. Маёр Аляксандр Бабко быў сярод 48 расейскіх вайскоўцаў, што загінулі падчас выбуху ў адной са школаў на ўскрайку Грознага.

Сын Андрэй вучыўся ў школе ў Цверы ў Расеі, там жа скончыў сувораўскую вучэльню. Пяць гадоў праслужыў на расейскай вайсковай базе ў Таджыкістане. Ва Украіне Бабко быў у складзе танкавага выведнага батальёну. Апошні раз онлайн ён быў 14 траўня, акурат у свой дзень нараджэння.

У Андрэя Бабка засталіся жонка і 7-гадовы сын.

Нагадаем, што раней стала вядома пра смерць ва Украіне яшчэ пяці вайскоўцаў, якія былі звязаныя з Беларуссю і ваявалі на баку Расеі.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў