Паўла Севярынца ў шклоўскай калоніі пазбавілі працяглага спаткання


Палітзняволенага Паўла Севярынца, асуджанага да сямі гадоў турмы, пазбавілі працяглага спаткання ў шклоўскай калоніі, паведамляе «Віцебская Вясна».

Павел Севярынец на акцыі пратэсту ў Менску. 21 снежня 2019 г.
Фота: Белсат

Мінулае працяглае спатканне Паўла Севярынца было ў снежні 2021 года, але ў красавіку адміністрацыя папраўчай калоніі № 17 прызнала лідара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі «зацятым парушальнікам рэжыму».

Тады яму скарацілі дазволеную колькасць званкоў дадому і грашовых пераводаў, а нядаўна Севярынец паведаміў родным, што яго пазбавілі і працяглага спаткання.

Паўла затрымалі каля ўласнага дому ў Менску 7 чэрвеня 2020 года, калі ехаў з выбарчага пікету на Камароўскім рынку. Пасля 75 содняў адміністратыўнага арышту яго так і не вызвалілі, выставіўшы новае абвінавачанне – паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Удзел у масавых закалотах»).

25 траўня 2021 года Магілёўскі абласны суд прыгаварыў Паўла Севярынца да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Разам з ім судзілі яшчэ шасцёх палітвязняў. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, не пускалі нават родных. Пасля абвяшчэння прысуду Севярынец звярнуўся да ўсіх, хто быў у зале: «Беларусь будзе вольнай! Верым! Можам! Пераможам!»

Артыкулы
Вольга Севярынец: Я ганаруся сваім мужам і тым шляхам, які ён выбраў
2021.12.30 18:57

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў