Кіраўнік украінскай паліцыі заявіў аб расследаванні смерці больш за 12 тысяч цывільных


Кіраўнік украінскай паліцы Ігар Кліменка распавёў агенцтву «Інтэрфакс-Украіна» пра колькасць ахвяр сярод цывільнага насельніцтва ва Украіне. Ён адзначыў, што на дадзены момант вядома пра 12 тысяч цывільных. Таксама Кліменка дадаў, што паліцыя спрабуе ідэнтыфікаваць яшчэ 1200 целаў.

Удзельнік пошукавай групы нясе эксгумаванае цела. Буча, Кіеўская вобласць, Украіна. 12 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле слоў кіраўніка паліцыі Украіны, прыкладна 75% загінулых – гэта мужчыны, каля 2% – дзеці, астатнія – жанчыны. Кліменка паведамляе, што гаворка ідзе выключна пра цывільнае насельніцтва, якое не мела ніякага дачынення да ваенных ці праваахоўных структур.

Гаворачы аб працэдуры эксгумацыі, кіраўнік паліцыі адзначыў працягласць і складанасць працэсу.

«На сённяшні дзень не ідэнтыфікаваныя каля 1200 целаў. Гэта працяглы працэс, таму што вельмі шмат целаў у стане гніення. У тых сваякоў, якія звярталіся да нас на »гарачую лінію«, адбіраем ДНК, потым профілі гэтых сваякоў параўноўваем з профілямі загінулых, пахаваных, расстраляных, якіх не змаглі апазнаць. Сваякі павінны быць толькі прамыя – мама, тата, родныя, дзеці. Толькі так мы працуем», – падсумаваў Кліменка.

Кліменка адзначыў, што толькі на тэрыторыі Кіеўская вобласці загінулі больш за 1500 цывільных. Большасць людзей загінулі праз міны ці выбуховыя траўмы.

Колькасць пацярпелых яшчэ будзе ўдакладняцца, бо шмат ахвяр знаходзяцца ў брацкіх магілах.

Hавiны
«Human Rights Watch» падрыхтавала даклад аб зверствах расейскіх войскаў ва Украіне
2022.05.18 13:37

Нагадаем, што ў лютым-сакавіку на акупаваных тэрыторыях Кіеўшчыны і Чарнігаўшчыны расейскія вайскоўцы забівалі мірных жыхароў, падвяргалі іх катаванням і здзяйснялі іншыя ваенныя злачынствы. Па факце было распачатае міжнароднае следства.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў