Гросмайстр Валерый Казакоўскі: «Адчуваю сябе еўрапейскім беларусам»


Прыйшоў у гульню, народжаную XV-м стагоддзем, яшчэ ў сем год, у 14 – выканаў норму міжнароднага майстра, а яшчэ роўна праз сем гадоў дамогся найвышэйшага шахматнага прызнання – дасягнуў звання гросмайстра. Зараз яму 21 – і ўсё жыццё з цудоўнымі перспектывамі наперадзе. Няхай, пад эгідаю ўжо не Беларускай шахматнай федэрацыі, а Літоўскай.

Валерый Казакоўскі.
Фота: асабісты архіў Валерыя Казакоўскага

– Магчыма, можна было і хутчэй прайсці гэтыя этапы кар’еры, чым праз роўныя сямігадовыя перыяды, – зазначае Валерый Казакоўскі, – але гэта не ў апошнюю чаргу гэта звязана і з вучобаю. Сумяшчаць няпроста, вучоба займае дастаткова шмат часу. Нават, нягледзячы на тое, што я паступіў на дыстанцыйную форму каб мець магчымасць ездзіць па турнірах. І гэта, канечне, не магло не сказацца на выніках турніраў, а значыць, на тэмпах росту. Але пра тое, што я абраў гэткі шлях – абсалютна не шкадую. Такое сумяшчальніцтва вельмі цікавае і карыснае.

– Так атрымалася, што з Беларусі, дзе нарадзіліся, Вы выязджалі некалькі разоў.

– Калі браць больш дакладна, то канчаткова я з’ехаў у мінулым годзе. А ў 2020-м, можна сказаць, былі яшчэ першыя дарослыя спробы. Але тады не ўдалося трывала затрымацца ў Літве, таму што былі некаторыя цяжкасці з візаю. Здараліся перыяды, калі выязджаў, вяртаўся, але ў мінулым годзе было прынятае рашэнне, што трэба з’язджаць канчаткова. А што датычыць змены Федэрацыі, то яна адбылася яшчэ раней, у 2019-м годзе. Было прынятае такое рашэнне, што калі я хачу мець нейкую свабоду выбару па тых жа паездках, напрыклад, то прасцей будзе перайсці ў Літоўскую федэрацыю, краіну, прадстаўніцу Еўразвязу.

– Але абралі Літву менавіта таму, што яна найбліжэйшая?

– Гэта, акурат, далёка не першая прычына. Справа ў тым, што я нарадзіўся ў Менску, але першыя некалькі гадоў майго жыцця мы з сям’ёй жылі ў Коўне, таму што там у бацькі была праца. Яму прапанавалі службовую кватэру для сям’і і нейкі час мы пражывалі ў Літве. Старэйшы брат першыя тры класы нават здолеў адвучыцца ў літоўскай школе. Таму для мяне дзве родныя краіны: і Беларусь і Літва. І хоць, адукацыю школьную я атрымаў у Беларусі (там большасць сяброў, знаёмых, сваякоў), але ў Літве я пачаў хадзіць, казаць, фармавацца, як чалавек. І гэта таксама вельмі важная краіна для майго жыцця. Я адчуваю сябе еўрапейскім беларусам. Не ведаю, на шчасце, альбо шкадаванне, але так атрымалася (з Літвой гэта таксама актыўна звязана), што вельмі шмат беларусаў праявілі сябе не ў Беларусі. Магчыма, у будучым тэндэнцыі зменяцца. Але пакуль менавіта так.

Валерый Казакоўскі падчас гульні ў шахматы.
Фота: асабісты архіў Валерыя Казакоўскага

– Ну і плюс Вашая вучоба ў ЕГУ?

– Так, я паступіў ва Універсітэт у 2017-м і сёлета, 1 ліпеня, нам павінныя ўручыць дыпломы.

– Якую спецыяльнасць Вы атрымліваеце?

– У мяне праграма «Сусветная палітыка і эканоміка». Напачатку гэта былі проста цікавыя эканамічная, паліталагічная і сацыяльная навукі. Але зараз аказалася, што актуальнасць ўзвысілася з цягам часу. Тыя веды, якія мы атрымліваем, можам назіраць і падмацоўваць на цяперашніх прыкладах палітычнай драматургіі.

– Значыць, Вы сваё жыццё хочаце звязаць з палітыкай, эканомікай? Урэшце рэшт, большасць шахматыстаў маюць яшчэ паралельны род дзейнасці.

– Так, маеце рацыю, многія шахматысты так ці інакш маюць яшчэ ці нейкі дадатковы занятак. Ёсць тыя, хто ўдзельнічае ў палітычных працэсах. Дастаткова ўзгадаць таго ж 13-га чэмпіёна свету Гары Каспарава, ці Вікторыю Чміліце-Нільсэн, дзейную Старшыня Сэйму Літоўскай Рэспублікі. Яна – адзіная жанчына-гросмайстар у гісторыі Літвы, якая, праўда, сем год таму прыпыніла спартовую кар’еру. Я ж сваю будучыню бачу ў наступным: хачу рабіць свет лепшым, таму ў мяне ёсць мэта знайсці працу, якая будзе звязаная з грамадскасцю, часткова – з валанцёрскай дзейнасцю. Таму што я зразумеў, што палітыка, як і шахматы, вельмі складаны від дзейнасці, але, ўсё ж, хацеў бы больш поспехаў дамагацца менавіта шахматамі, а не палітыкаю. Таму хацеў бы, каб род дзейнасці быў звязаны з забеспячэннем дапамогі людзям.

Валерый Казакоўскі (крайні справа).
Фота: асабісты архіў Валерыя Казакоўскага

– Калі ў 2018 годзе ў Батумі Беларусь была абраная гаспадыняю 44-й шахматнай Алімпіяды, усе, у тым ліку і міністр спорту Кавальчук, і старшыня Беларускай шахматнай федэрацыі Анастасія Сарокіна былі бязмежна шчаслівыя. А ці маглі Вы меркаваць, нават тэарэтычна, што праз два гады пасля гэтага дзяржава самастойна адмовіцца ад такога форуму з прадстаўніцтвам пад 200 краінаў з-за фінансавай неплацежаздольнасці?

– Ні ў 2018, ні ў 2019-м я, зразумела, не мог пра гэта нават і падумаць. Была радасць ад таго, што Беларусі даверылі правядзенне такіх грандыёзных, без перавелічэння, падзеяў. У нас жа павінная была праходзіць не толькі шахматная Алімпіяда ў 2022 годзе, але і мужчынскі ды жаночы Кубкі свету годам раней. А гэтыя турніры з’яўляліся адначасова і адборачнымі для турніру прэтэндэнтаў на сусветную шахматную карону. Але, улічваючы ўсе тыя падзеі ў 2020 годзе, як усё стала развівацца, калі з канца траўня распачаліся затрыманні, то тады ўжо ў нашай супольнасці пачалося бачанне таго, што рызыка пераносу абсалютна рэальная, што далёка не ўсе краіны пажадаюць прыняць удзел і прыехаць у Беларусь, таму што могуць палічыць гэта небяспечным для сябе.

–А як Вы ставіцеся да таго, што прэзідэнт ФІДЭ, расеец Аркадзь Дварковіч, не здолеў адстаяць суайчыннікаў перад тварам абмежаваннем-дыскваліфікацыяў, зазнаў з-за гэтага, нават, пагрозы?

– Прэзідэнт зараз сапраўды ў вельмі складаным становішчы. Ён хоча перабрацца на новы тэрмін у якасці кіраўніка Сусветнай шахматнай федэрацыі. І, улічваючы, што ён расеец, стаўленне да яго ў сусветнай супольнасці вельмі неадназначнае. Мне цяжка казаць, наколькі высокі адсотак даверу да Дварковіча зараз. З аднаго боку, многія жадаюць бачыць новага кіраўніка ФІДЭ, а з іншага – ёсць тыя, хто яго падтрымлівае. Таму вельмі цікава будзе паназіраць за тымі выбарамі, якія пройдуць у жніўні паралельна з шахматнай Алімпіядай, што, нагадаю, пераносілася некалькі разоў: з Менску ў Ханты-Мансійск, потым у Маскву, а ў выніку адбудзецца ў індыйскім горадзе Чэннай.

Валерый Казакоўскі (справа).
Фота: асабісты архіў Валерыя Казакоўскага

– Тое, што расейскі шахматыст Каракін не проста прамаўчаў наконт агрэсіі ягонай дзяржавы ва Украіне, а, нават, падтрымаў гэтыя бессэнсоўныя масавыя забойствы і разбурэнні, за што быў як мінімум не паўгода дыскваліфікаваны і не дапушчаны да турніру прэтэндэнтаў на шахматную карону – гэта аб’ектыўнае рашэнне ФІДЭ?

– Ён сапраўды знаходзіцца ва ўнікальнай сітуацыі, таму што з аднаго боку падтрымлівае тую агрэсію, што праводзіцца ў датычнасці Украіны і лічыць, што гэта ягонае асабістае меркаванне, а за меркаванне нельга караць. Са спартовага ж пункту гледжання яму варта было даць магчымасць згуляць у турніры прэтэндэнтаў, паколькі ён трапіў туды сумленна, па спартовым прынцыпе. Але да ўсіх ягоных выказванняў, да ўсіх ягоных дзеянняў у шахматным свеце ставяцца настолькі негатыўна, што гэта нідзе абсалютна не вітаецца. І я таксама лічу гэта недапушчальным, асабліва, калі ведаеш, што ён сам нарадзінец Сімферопалю.

– Такім чынам, на Шахматнай Алімпіядзе ў ліпені-жніўні ў нас будзе, усё ж, асабісты інтарэс нягледзячы на тое, што там не рэпрэзентуецца зборная Беларусі. Вы, як срэбны прызёр чэмпіянату Літвы, можаце стаць адзіным беларусам?

– Думаю, наўрадці. Бо прыедзе таксама зборная Ізраілю і ў яе складзе таксама могуць быць нарадзінцы Беларусі.

Гутарыў Аляксандр Пуціла, belsat.eu

Стужка навінаў