Дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы атрымала ўзнагароду Orły Wprost


Заснавальніца і дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы стала лаўрэаткай прэстыжнай польскай узнагароды Orły Wprost. Статуэтку Арла спадарыні Рамашэўскай-Гузы ўручылі, сярод іншага, за шматгадовую самаахвярную працу на карысць дэмакратычнай Беларусі.

Дырэктарцы «Белсату» Агнешцы Рамашэўскай-Гузы ўручылі прэстыжную ўзнагароду Orły Wprost. Варшава, Польшча. 13 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Агнешку Рамашэўскую-Гузы адзначылі ўзнагародай «за выбітнае асвятленне тэмы канфліктаў на Усходзе, сітуацыі ў Беларусі падчас найбуйнейшых пратэстаў пасля выбараў 2020 года, падзеяў на польска-беларускай мяжы падчас міграцыйнага крызісу, а таксама – за шматгадовую самаахвярную працу на карысць дэмакратычнай Беларусі».

Дырэктарка «Белсату» атрымала Orły Wprost у намінацыі «Асоба». У гэтай жа катэгорыі ўзнагароду ўручылі дырэктару Польскага інстытуту кінамастацтва Радославу Сьмігульскаму.

Фота: Белсат

У прамове на цырымоніі ўзнагароджання Агнешка Рамашэўская-Гузы прызналася, што троху збянтэжаная, бо стала ці не адзінай лаўрэаткай, якая не мае непасрэднага дачынення да вядзення бізнесу.

«Але займаемся мы бізнесам ці журналістыкай, настаўнічаем ці здабываем медзь, – усе мы жывем у адным сацыяльна-палітычным асяродку, у якім прынцыповую ролю адыгрывае тое, спакойна вакол ці ідзе вайна. І трэба зважаць на гэта.

Бо некаторыя думалі, што гісторыя ўжо скончылася і нічога цікавага з намі ўжо не здарыцца. Аднак аказалася, што вельмі шмат цікавых рэчаў яшчэ здараецца ўвесь час, аж занадта, на жаль, «цікавых», – сказала Агнешка Рамашэўская-Гузы.

У сваёй прамове яна таксама згадала гісторыю стварэння тэлебачання «Белсат», калі ў 2006–2007 гадах каманда з 20 чалавек выдавала ў эфір «тры хвіліны на беларускай мове». Праз 15 гадоў гэтая каманда павялічылася ў 15 разоў, а «Белсат» развіўся ў найбуйнейшае і найважнейшае еўрапейскае медыя, скіраванае на ўсход.

Фота: Белсат

«І аказалася, што варта верыць! Калі хтосьці сапраўды верыць і лічыць, што мае на тое аргументы, – варта паўпірацца. Часам гэта шалёна цяжка, але варта інвеставаць у будучыню. Бо ў 2007 годзе ніхто не ведаў, што наступіць 2020 год – год рэвалюцыі ў Беларусі, ці 2022-гі – год вайны ва Украіне.

Аказалася, што ўсё, што мы рабілі, не было дарэмна. Таму – працуем надалей. Гэта цяжка, але гэта вельмі плённая і цікавая праца», – зазначыла Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Orły Wprost – узнагароды, якія ўручаюцца кампаніям, органам мясцовага самакіравання, прадстаўнікам навукі, грамадскім дзеячам ды іншым выбітным асобам, якія зрабілі асаблівы ўклад у развіццё гаспадаркі, рэгіёну і краіны, якія штодзень дбаюць аб Польшчы і ствараюць сучаснае аблічча краіны.

Сімвалам узнагароды стаў герб Рэспублікі Польшчв – выява Белага Арла, – які заставаўся ў лонданскай сядзібе прэзідэнта ўраду Другой Польскай Рэспублікі. Гісторыя заснавання ўзнагароды сягае 2015 года, калі гэты герб ад інстытуту імя прэзідэнта Рышарда Качароўскага быў уручаны выдаўцу тыднёвіка «Wprost» Міхалу Мацею Лісецкаму.

Hавiны
Агнешка Рамашэўская-Гузы: У Беларусі тэрор значна мацнейшы, чым у Польшчы ў 1980-х
2022.04.19 13:33

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў