БЧБ-нявеста стала нелегалкай ва Украіне: «Паміраць за Украіну можна, а жыць у ёй нельга?»


Іна Зайцава вядомая з пратэстаў як бчб-нявеста. Яна ўратавалася ад рэпрэсіяў ва Украіне, набыла там дом і свядома засталася, калі пачалася вайна з Расеяй. Аднак цяпер спадарыня не можа легальна жыць у сваім украінскім доме. Яна распавяла нам пра цяперашнія ўмовы для беларусаў, якія хочуць працягваць жыць ва Украіне і дапамагаць ёй.

У Іны скончыўся тэрмін часовага віду на жыхарства. Падчас вайны ўкраінскія ўлады не займаліся заканадаўствам для людзей з такім статусам і адмысловых паправак не ўносілі. Паводле заканадаўства, каб не парушаць правілаў перабывання, Іна мела пакінуць Украіну.

Артыкулы
«Калі прыйдзе дзень пераменаў, скокнем у машыну і паляцім ракетай». Бчб-нявеста пра свой першы год не ў Беларусі
2021.12.29 13:59

«Я не магла працягнуць свой від на жыхарства, бо яны ж не бралі дакументаў у беларусаў. Толькі нядаўна пачалі браць дакументы на падаўжэнне, але я з тэрмінамі ўжо не ўпісвалася ў тыя неабходныя два тыдні», – тлумачыць сітуацыю нашая суразмоўца.

Таму спадарыні параілі ў Дзяржаўнай міграцыйнай службе выехаць за мяжу, тут жа вярнуцца назад, такім чынам абнавіць дазволены для беларусаў тэрмін перабывання ва Украіне на паўгода і наноў афармляць від на жыхарства. Аднак гэты просты план аказаўся немагчымы.

«Мы тут жывем, я магу гэта пацвердзіць»

«Ва Украіне вельмі чулыя людзі. Я ведала, што калі на ўзроўні нейкіх структураў штосьці можа не працаваць, то пры асабістай камунікацыі ўсё можна вырашыць. Але калі я прыехала на мяжу, то была цалкам упэўненая, што калі ўсе даведаюцца пра маю гісторыю, то мяне прапусцяць», – згадвае Іна сваё падарожжа.

Яна была ўпэўненая, што праблемаў не будзе, бо і маёмасць, і дзеці засталіся пад Кіевам:

«Мы тут жывем, я магу гэта пацвердзіць. І я ж не падобная на вусатага тэрарыста. А яны [памежнікі. – Заўв.рэд.] мне, абедзве змены, проста ў вочы сказалі, што «вашыя дзеці – беларусы, і нас не хвалюе, што яны тут. Калі б дзеці былі грамадзянамі Украіны – гэта быў бы аргумент. Ці муж – украінец. А дзеці хай за вамі следам едуць». То бок выпусціць яны мяне маглі, а назад – не. Мне сказалі, што трэба было не сядзець тут проста год, а грамадзянства атрымліваць. Яны яўна не ў курсе, як складана ва Украіне атрымаць грамадзянства».

Марш герояў
Іна Зайцава на маршы пратэсту ў Менску, Беларусь. 13 верасня 2020 года.
Фота: ІА / Белсат

Іна двойчы намагалася перасячы мяжу і вярнуцца, аднак кожны раз яе папярэджвалі, што назад яе не ўпусцяць.

«Сказалі, што ў іх ваенны загад: беларусаў і расейцаў ва Украіну не пускаць. Вось як цікава атрымліваецца: ехаць паміраць за Украіну можна, прыехаць у полк Каліноўскага і пайсці паміраць – гэта можна. А жыць – не, нельга. Пра салідарнасць усе памятаюць, калі яна датычыць грамадзянаў Украіны. Уявіце, які быў бы скандал, калі б грамадзянка Украіны, уцякачка, на мяжы з еўрапейскай дзяржавай стаяла, і ёй бы вось так сказалі, што ў яе няма нагоды для ўезду. Гэта быў бы такі скандал! Уся б еўрапейская грамадскасць абурылася б: як, прыгнятаюць бедную ўкраінку! А тут бы як адрэагавалі… А ў мяне што, менш падставаў? Што ў Беларусі ўведзены расстрэльны артыкул для такіх, як я, – іх як бы не хвалюе. А як жа так, каб салідарнасць была толькі ў адзін бок, толькі для сваіх, праўда?» – дзівіцца Іна.

«Спадзяюся, што шуміха пойдзе на карысць»

Памежнікі са спачуваннем паставіліся да сітуацыі спадарыні, але не дапамаглі ёй:

«Добра, што хоць загадзя папярэдзілі. Бо магла б выйсці, а назад бы не пусцілі. Стаяла б на мяжы з заплечнікам».

Яна адзначыла, што вакол гэтай гісторыі пачынае паўстваць розгалас, ейныя падпісанты пачалі звяртацца ў Офіс Ціханоўскай і ў адміністрацыю Зяленскага, каб выправіць сітуацыю. Але пакуль Іна застаецца нелегалкай, якая вымушаная парушаць украінскі закон аб перабыванні на гэтай тэрыторыі.

«Я вельмі спадзяюся, што гэтая шуміха пойдзе на карысць. Бо адна справа казаць, што Ціханоўская сустракалася з украінскімі прадстаўнікамі, і яна агулам гаварыла пра дыскрымінацыю беларусаў. І агулам ёй сказалі, што дыскрымінацыі не будзе. А калі на гэта канкрэтны выпадак звярнуць увагу – адразу відаць, што не працуе, якіх законаў не хапае. Бо такіх, як я, вельмі шмат. Людзі аказаліся ў такой сітуацыі. Я вельмі спадзяюся, што яны прымуць пастанову аб падаўжэнні дакументаў на час ваеннага становішча.

Вядома, вам не да таго, потым разберацеся, але вы ставіце людзей у сітуацыю, калі яны вымушаныя альбо парушаць закон, альбо разам з украінцамі, якія бягуць з небяспечных рэгіёнаў, супернічаць за месца ў гостэлах, у кватэрах, за дапамогу гэтую. Гэта зусім не лагічна і не правільна.

Іна Зайцава выйшла на волю. Горадня, Беларусь. 3 лістапада 2020 года.
Фота: Белсат

Тут вельмі шмат людзей, якія гатовыя заставацца ва Украіне, нягледзячы на вайну, гатовыя дапамагаць украінцам. Я інфармацыйна, хтосьці валанцёрыць. Гэта і вялікая рэпутацыйная памылка. А ёсць жа яшчэ грамадзяне Расеі, для іх ні муж, ні дзеці не ёсць нагодай для ўезду. А іракцы, іранцы, мужы, жонкі – ім проста забараняюць, і ўсё», – разважае Іна.

Цяпер яна вярнулася са свайго падарожжа да мяжы і застаецца ў даволі хісткім становішчы нелегалкі. Кожны момант яе могуць затрымаць за парушэнне закону, даць штраф на 500 долараў, забарону на ўезд ва Украіну, а ў выпадку дэпартацыі – адпраўленне ў Беларусь, дзе спадарыню чакае як мінімум крымінальны пераслед, а пры вялікай ахвоце следчых органаў – і артыкул за тэрарызм.

«Я, як нібыта агрэсарка, паеду назад у краіну-агрэсара, дзе мяне чакае новенькі закон за спробу тэрарыстычнай дзейнасці. А з маімі заклікамі да беларусаў: калі іх адправяць на вайну, далучацца да ўкраінскіх войскаў і ўсё астатняе, – то мяне першую ў Беларусі і расстраляюць», – з горкай усмешкаю кажа Іна.

Яна выказвалася ў сваім блогу за падтрыманне Украіны нават да таго, як пачалася вайна, і заклікала беларускіх вайскоўцаў да дэзерцірства і да іншых шляхоў салідарнасці з паўднёвымі суседзямі.

«Закону няма, што беларусы, якія ваююць за Украіну, маюць нейкія правы»

«Вось якая несправядлівасць: Няўзораву далі ўкраінскае грамадзянства, хоць ён нават не быў у той час ва Украіне. Гэта добры прыклад. Такіх людзей, якія «топяць» за Украіну, вельмі шмат. Але камусьці па тэлефанаванні дадуць грамадзянства, а кагосьці дэпартуюць як нелегала. А фактычна робім адну справу!» – падкрэслівае нашая суразмоўца.

Яна адзначыла, што шмат для каго з беларусаў такая сітуацыя асабліва небяспечная, бо яны могуць трапіць у вельмі складаныя эканамічныя ўмовы.

«Я ведаю нашага беларуса, Альгерда, ён у палку Каліноўскага. Ён на вайне цяпер, падтрымаў Украіну яшчэ на Майдане, ён па-за законам у Беларусі праз гэта, не можа вярнуцца туды, падаўся на ўцякацтва, яму тут адмовілі, і ён нелегальна быў усе гэтыя гады, не мог ні ўладкавацца на нармальную працу, нічога.

Іна Зайцава каля будынку «Горадня Азоту».
Фота: zaitsevaina / Instagram

Ён быў проста нелегал, а калі пачалася вайна, ён пайшоў паміраць за Украіну.

А паміраць яго бяруць! Заключылі кантракт з ЗСУ. І ён усё адно нелегал. Закону так і няма, што беларусы, якія ваююць за Украіну, маюць нейкія правы, ці штосьці будзе. Калі сітуацыя не памяняецца, то Альгерд так і застанецца дзявяты год – аграменны кавалак свайго жыцця – нелегалам у краіне, за якую так рызыкуе жыццём. А яна яго нават не прызнае!» – звяртае ўвагу Іна.

Яна спадзяецца, што ейная гучная гісторыя і гісторыя Альгерда – таксама вядомага чалавека, зменіць сітуацыю з легалізацыяй беларусаў ва Украіне і паспрыяе таму, каб беларусаў не раўнялі да лукашыстаў.

Марыя Марушка, belsat.eu

 

Стужка навінаў