«Абмежаваць абедзве праблемы». Навошта ў Беларусі ўсталявалі мінімальныя кошты на экспарт мяса і малака


У Беларусі прызначылі гранічныя цэны на экспарт за мяжу мяса-малочнай прадукцыі. Як мяркуе эканаміст Дзмітрый Крук, такім чынам улады імкнуцца забіць двух «экспартных» зайцаў.

Урад Беларусі зацвердзіў пералік тавараў, на якія ўстанавіў гранічныя мінімальныя экспартныя цэны. Адпаведная пастанова Савету Міністраў № 379 ад 9 чэрвеня была апублікаваная на Нацыянальным прававым партале pravo.by.

У пералік тавараў увайшлі асобныя віды мясной і малочнай прадукцыі – сухое абястлушчанае і цэльнае малако, масла, сыры, мяса буйной рагатай жывёлы.

Аналітыка
Недахоп харчоў ва ўсім свеце? Расейская агрэсія ва Украіне можа прывесці да гэтага
2022.06.08 13:02

Неўзабаве на pravo.by з’явілася і адпаведная пастанова Мінсельгасхарчу, якія ўстанавіла з 11 чэрвеня тыя самыя гранічныя мінімальныя цэны на экспарт.

Гэтак, цэны на свежае і замарожанае мяса маладняку буйной рагатай жывёлы ўстаноўленыя для экспарту ў краіны СНД, уключаючы Расею, на ўзроўні $ 4 за кілаграм, па-за СНД – $ 4,35 за кілаграм. На мяса дарослых кароваў – $ 3,7 і $ 3,9 за 1 кілаграм адпаведна.

Мясная прадукцыя на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 24 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Мінімальныя гранічныя цэны на малако і вяршкі ў залежнасці ад тлустасці цяпер складаюць ад $ 3,3 да 250 расейскіх рублёў за кілаграм, сметанковае масла – ад $ 5,75 да 482 расейскага рубля за кілаграм, сыры – ад $ 4,67 да 420 расейскіх рублёў за кілаграм.

Пры гэтым ніжнія цэны для адгрузкі малочнай прадукцыі ў Расею ў расейскіх рублях істотна перавышаюць цэны для іншых краінаў у доларах, калі лічыць паводле курсу Цэнтрабанку РФ.

Будуць у большай ступені адпавядаць рэчаіснасці

Эканаміст Дзмітрый Крук, каментуючы «Белсату» гэтыя рашэнні ўладаў Беларусі, адзначыў, што цяпер на расейскім рынку цэны на харчовыя тавары значна вышэйшыя за беларускія, таму «ўсе вытворцы імкнуцца па максімуме прадаваць туды».

«Гэта можа пагражаць, на фоне розніцы ў цэнах, недахопам пэўных харчовых тавараў на хатнім рынку. Акрамя таго, дапускаю, што некаторыя вытворцы могуць карыстацца такой сітуацыяй, каб не ўсю выручку ад экспарту заводзіць у краіну (калі ў кантракце пазначаная цана, меншая за фактычную). Крок з мінімальнымі цэнамі можа ў пэўнай ступені абмежаваць абедзве праблемы», – мяркуе эксперт.

У выніку, на думку Дзмітрыя Крука, больш танныя катэгорыі тавараў («шмат з якіх вытворцы, асабліва дзяржаўныя, усё роўна павінны выпускаць») будуць адсечаныя ад экспарту і будуць накіроўвацца на хатні рынак».

Камароўскі рынак. Менск, Беларусь. 24 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

«З якасцю і шырынёй выбару праблемаў гэта не вырашае, канечне, але фармальна той ці іншы харчовы тавар, можна сказаць, на рынку ёсць», – адзначыў эканаміст.

Пры гэтым, паводле яго, лічбы цэнаў у кантрактах і адпаведна выручкі, што бачныя і падлягаюць вяртанню ў краіну, будуць у большай ступені адпавядаць рэчаіснасці і не дазволяць карыстацца сітуацыяй тым, «у каго ёсць такі намер».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў