Родныя фігурантаў «пінскай справы» збіраюць сродкі на пагашэнне пазоваў


На платформе «Bysol» распачаты збор дапамогі сем’ям 14 пінчукоў, асуджаных за масавыя закалоты на тэрміны ад 5,5 да 6,5 гадоў. Патрэбная сума – 65 190 еўра.

«Пінскай справай» назвалі крымінальную справу супраць 14 жыхароў Пінска ад 19 да 44 гадоў паводле ч.2 арт.293 КК РБ – удзел у масавых закалотах.

Артыкулы
5,5 года за жменю зямлі, кінутую ў міліцыянтаў. Размова з маці палітвязня Алега Рубца
2021.05.19 08:36

Увечары 9 жніўня 2020 года людзей з выбарчых участкаў, куды яны прыйшлі даведацца вынікі выбараў прэзідэнта, накіравалі да Пінскага райвыканкаму – нібыта туды была перададзена ўся інфармацыя, і прадстаўнікі мясцовай улады агучаць канчатковыя лічбы. Там і адбылося сутыкненне пінчукоў з міліцыяй. Як распавядалі ўдзельнікі інцыдэнту, сілавікі атачылі людзей, узялі ў кола, стралялі ў паветра, што і выклікала абарончую рэакцыю пінчукоў.

Гісторыі
«Скажы сыну, што я не злодзей, не забойца, а сяджу за праўду». Размова з жонкаю Сяргея Ляжэнкі, фігуранта «пінскай справы»
2021.04.30 08:00

14 чалавек былі затрыманыя і асуджаныя за тое, што білі палкамі па шчытах сілавікоў, кідалі ў іх жмені зямлі. Не ўсе прызналі сваю віну. Суддзя Яўген Брэган прысудзіў фігурантам справы ад 5,5 да 6,5 гадоў зняволення. Сярод асуджаных – мужчыны, у якіх удома засталіся няпоўнагадовыя дзеці, а таксама сямейная пара – сужэнцы Маўшукі. Алену Маўшук на волі чакаюць пяцёра дзяцей.

Гісторыі
«Мама даслала з СІЗА бабуліна папяровае сэрца – для ўнукаў». Як жыве сям’я пінскіх палітвязняў Маўшукоў
2021.06.04 16:33

Усіх 14 асуджаных беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі.

Пацярпелымі ў справе выступілі 109 сілавікоў, якія запатрабавалі кампенсацыі нанесенай ім маральнай і фізічнай шкоды на агульную суму ў памеры 382 500 рублёў. На судах міліцыянты распавядалі, што перажылі страх, боль, прыніжэнне, страцілі сон, апетыт і т.п.

Hавiны
«Пінская справа»: міліцыянты патрабуюць скампенсаваць маральную шкоду на 380 тысячаў рублёў
2021.04.05 17:22

Сем’і фігурантаў «пінскай справы» не маюць сродкаў на пагашэнне гэткага вялізнага пазову. Пад пагрозай – канфіскацыя арыштаванай да аплаты тэхнікі. Таму пінчукі распачалі збор сродкаў. Яны вельмі просяць адгукнуцца ўсіх, хто хоча і можа дапамагчы.

«У нашых родных скралі не толькі галасы летась, але і здароўе, сем’і і гады жыцця! Затое ўлада ўзнагародзіла іх непамернымі пазовамі, з якімі іх сем’ям проста не справіцца. Таму мы просім дапамогі ў зборы на пазовы для нашых блізкіх», – гаворыцца на старонцы збору.

На раніцу 13 чэрвеня пералічана 992 еўра.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў