«Паўсюль мэседж адзін – спыніць вар’ята Лукашэнку». Вынікі тыдня ў нядзельным стрыме Белсату


У нядзелю 13 чэрвеня Святлана Ціханоўская завяршае свой візіт у Берлін, дзе абмяркоўваліся далейшыя санкцыі ў дачыненні рэжыма Лукашэнкі, дапамога беларускім прафсаюзам і рабочым, рэлякантам у Нямеччыну, плануе. У інтэрв’ю «Белсату» адказвае на пытанне, ці феміністка яна. Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч распавядае, якой будзе яе новая кніга.

Вячорка: «Пакаранне для Лукашэнкі будзе максімальна жорсткім, мала яму цяпер не пакажацца»

У нядзельным стрыме паразмаўлялі з дарадцам Святланы Ціханоўскай Франакам Вячоркай пра вынікі візіту ў Нямеччыну. Асноўныя тэзісы:

– Ціханоўская выступіла на З’ездзе Партыі зялёных на запрашэнне лідаркі партыі Анналены Барбок, якая з’яўляецца кандыдаткай на пасаду канцлера. Ціханоўская выступіла з 10-хвіліннай прамовай, заклікала зялёных падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць, медыі. Некаторыя ўдзельнікі З’езду кажуць, што гэта самы моцны і самы актуальны выступ падчас усяго Кангрэсу партый, які адбываецца цягам трох дзён.

Hавiны
Ціханоўская выступіла на Еўрапейскім форуме Вахаў і сустрэлася з беларускай дыяспарай у Берліне
2021.06.12 20:41

– падчас візіту абмяркоўваліся санкцыі супраць нафтахімічнага комплексу, дрэваапрацоўкі, металаапрацоўкі Беларусі. Палітычныя партыі Нямеччыны падтрымліваюць Беларусь, дэмакратычны рух, поўную ізаляцыю Лукашэнкі. Ёсць кансэнсус, што цяпер трэба ўсёй Еўропе разам з Вялікабрытаніяй і ЗША ізаляваць рэжым санкцыямі.

– Ціханоўская сустрэлася з асноўнымі кандыдатамі на пасаду будучага канцлера. Ужо праз тры месяцы ў Нямеччыне будзе новы кіраўнік. І хто б ні прыйшоў да ўлады, гэта будуць сябры Беларусі, знаёмыя з нашай праблематыкай.

– Нямеччына выдзеліла пэўную лічбу для рэлякантаў з Беларусі – спартоўцаў, дактароў, якія зазнаюць рэпрэсіі, а таксама падтрымку для медыяў. Ішла гаворка пра тое, якім чынам перадаваць гэтую падтрымку ў Беларусь. Ціханоўская размаўляла таксама пра тое, як цяпер дапамагаць прафсаюзам і рабочым, якія ствараюць ячэйкі, рыхтуюць нацыянальны страйк.

– «Нашая задача – давесці сітуацыю да канца. Паўмеры ўжо сітуацыю не вырашаць. Зараз такі момант, калі адказ мусіць быць максімальна жорсткі. Толькі пазіцыя сілы прымусіць рэжым саступіць. Мы папярэджваем Нямеччыну і іншыя краіны, каб не купляліся на гандаль палітвязнямі, на магчымае вызваленне ў абмен на прашэнні аб памілаванні. Толькі вызваленне ўсіх палітвязняў можна расцэньваць як саступку рэжыму».

– За апошні месяц офісам Ціханоўскай былі арганізаваныя сустрэчы з урадамі Эстоніі, Літвы, Латвіі, Ірляндыі, Францыі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Грэцыі, Аўстрыі. На наступным тыдні Ціханоўская выступіць у парламенце Вялікабрытаніі. Паўсюль месэдж адзін – спыніць вар’ята Лукашэнку.

– На наступным тыдні мусіць быць агучаны чацвёрты пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. «Пакаранне для Лукашэнкі будзе максімальна жорсткім, мала яму цяпер не пакажацца».

– На сустрэчы Байдэна і Пуціна прагучыць беларускае пытанне, яно ўжо ёсць у парадку абмеркавання. Адным з галоўных пунктаў будзе вырашэнне беларускага крызісу.

– Офіс будзе дамагацца, каб Ціханоўскай паехала з дэлегацыяй на саміт вялікай 20-кі, каб на саміце Ўсходняга партнёрства Беларусь была прадстаўлена дэмакратычнымі сіламі, каб на канферэнцыі АБСЕ, якая адбудзецца ў Вене бліжэйшымі тыднямі пытанне Беларусі таксама прагучала. Працягваецца праца над паездкай у Вашынгтон.

Святлана Ціханоўская: «Я не феміністка»

У размове са Святланай Ціханоўскай і Таццянай Хоміч – сястрой Марыі Калеснікавай, амберкавалі ролю жанчын у беларускай рэвалюцыі. Святлана Ціханоўская зазначыла, што сёння ўжо відавочна, што беларускія жанчыны сталі больш актыўнымі, разумеюць сваю значнасць, сваю ролю ў рэвалюцыі. Адначасова беларуская лідарка сказала, што яна – абсалютна не феміністка, і лічыць, што кожная жанчына сама вырашае для сябе, якую ролю яна хацела б граць – ці яна хатняя гаспадыня, ці хоча рэалізоўвацца ў працы.

Святлана распавяла, што зусім не атрымлівае лістоў ад палітвязняў, і ведае, што і ейныя лісты не даходзяць.

Таццяна Хоміч на днях атрымала ліст ад сястры, датаваны пачаткам траўня. Марыя Калеснікава дзякуе за падтрымку. Цяпер яна знаёміцца з матэрыяламі справы. Настроена пазітыўна. Верагодна, у ліпені-жніўні пачнецца суд.

Святлана Алексіевіч, якая прысутнічала на прэм’еры фільму пра беларускія пратэсты на фестывалі «Берлінале», распавяла пра сваю новую кнігу і ролю мастацтва ў сённяшніх беларускіх падзеях:

– Людзі памятаюць тыя дні год таму ў жніўні, калі яны ішлі ў маршах, гэта ўсё нагадвала час Перабудовы, той жа настрой, тое ж адчуванне свята. А цяпер адчай, людзі не могуць зразумець, што адбылося, як да гэтага ставіцца. Таму вельмі важна сёння мастацтву пачаць пераасэнсоўваць гэтыя падзеі. Мая кніга будзе пра людзей рэвалюцыі. Кожны герой распавядае, як гэта з ім адбылося, чаму ён выбраў свой шлях. Як ва ўсіх сваіх кнігах, я хачу злавіць гэты пераломны час.

ГГ, belsat.eu

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Стужка навінаў