Клубніцы, вогнішча, намёты, аўтограф ад Латушкі: як дзевяцігадовая беларуска пікетавала на мяжы


Школьніца Саша Федаронак з Віцебшчыны восем содняў правяла разам з дарослымі на польска-беларускім памежжы ў Баброўніках. Дзяўчынка атрымала падзяку і аўтограф ад Паўла Латушкі.

Павал Латушка ўручыў Сашы Федаронак падзяку і аўтограф.
Фота: асабісты архіў сям’і Федаронак.

З 5 па 12 чэрвеня беларусы на мяжы ладзілі пікеты, часам цалкам перакрывалі рух, сядаючы на дарогу. Ночылі ў турыстычных намётах, ежу гатавалі на вогнішчы. Удзельнікі акцыі распавядаюць, што палякі, мясцовыя жыхары, спачувалі пікетоўцам і дапамагалі, хто чым мог: частавалі клубніцамі, пірагамі і піражкамі, бутэрбродамі, запрашалі да сябе памыцца.

Саша Федаронак з маці Ганнай Федаронак.
Фота: асабісты архіў сям’і Федаронак

Усяго ў лагеры пікетоўцаў у Баброўніках было 28 намётаў. Хтосьці быў усе восем дзён, а нехта прыязджаў на дзень-другі ці некалькі гадзін.

Дзевяцігадовая Саша Федаронак сама пісала плакаты, выказваючы на іх тое, што думае аб сітуацыі ў Беларусі. Нягледзячы на дзіцячы ўзрост, яна разумее, што адбываецца на ейнай радзіме, адкуль ёй прыйшлося разам з маці ўцякаць, каб застацца на волі.

Саша Федаронак на мяжы разам з іншымі пратэстоўцамі.
Фота: асабісты архіў сям’і Федаронак

У Сашы і ў ейнай маці Ганны Федаронак аднолькавы стаж у палітыцы – ён пачаўся ў 2020 годзе. У пасёлку Варапаева Пастаўскага раёна яны разам хадзілі спачатку на перадвыбарчыя пікеты, а потым на акцыі супраць гвалту і беззаконня, якое пачалося ў Беларусі.

Ганну некалькі разоў затрымлівалі і адпраўлялі на содні, дачку пагражалі забраць у дзіцячы дом. Не вытрымаўшы ціску, зімой сям’я з’ехала ў Польшчу, адкуль Саша з мамай працягваюць змагацца за Беларусь і чакаць перамогі.

Алена Шабуня, belsat.eu

Стужка навінаў