Беларусь прапанавала Ілану Маску пабудаваць у Менску завод «Tesla»

Кіраўнік беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» Аляксандр Ярашэнка выказаў сваю прапанову амерыканскаму прадпрымальніку ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

– Я чуў, што ў Расеі Ілан Маск разглядае пляцоўку. Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы прапанаваць размесціць такі завод па выпуску электрамабіляў у парку «Вялікі камень». Чаму не? – сказаў Ярашэнка. – Так, гэта можа быць фанатазіяй у нейкім сэнсе. Але гэта перспектыўная фантазія.

Ярашэнка лічыць, што «любы праект любой краіны свету можа разгледзець гэтую пляцоўку як рэалізацыю сваіх самых, самых вар’яцкіх інвестыцыйных праектаў».

21 траўня бягучага года Ілан Маск заявіў, што «Tesla» хутка можа прыйсці на расейскі рынак праз стварэнне ўласнай вытворчасці. Мінпрамгандаль Расейскай Федэрацыі запрасіў Маска ў Маскву для абмеркавання гэтага пытання.

У 2019 годзе Аляксандр Лукашэнка запэўніваў, што ў ягоным карыстанні маецца электракар «Tesla», які яму падараваў сам Ілан Маск. Амерыканскі бізнэсмэн пазней абверг гэтае заяўленне.

ГГ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны