Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 13 траўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 13 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Колькасць уцекачоў з Украіны перавысіла 6 мільёнаў чалавек. Паводле агенцтва ААН па справах бежанцаў, гэта самы цяжкі падобны крызіс у Еўропе з часоў заканчэння Другой сусветнай вайны. Таксама паведамляецца, што больш за 8 мільёнаў украінцаў сталі перасяленцамі ўнутры краіны.

Тым часам Рада ААН па правах чалавека пераважнай большасцю галасоў прагаласавала за пачатак расследавання злачынстваў расейскіх вайскоўцаў ва Украіне. Вярхоўная камісарка ААН па правах чалавека Мічэль Бачэле заявіла, што за апошнія тыдні ў раёнах на поўнач ад Кіева была знойдзена тысяча целаў, частка гэтых людзей, мяркуючы па характары параненняў, пакаралі смерцю. Нагадаем, у красавіку Расея была выключана з Рады ААН па правах чалавека.

Па інфармацыі Генеральнага Штабу ЗСУ, страты асабовага складу расейцаў з пачатку вайны дасягнулі 26 900 чалавек.

Цягам апошніх содняў расейскія войскі не спыняюць наступ ва Усходняй аператыўнай зоне з мэтай усталявання поўнага кантролю над тэрыторыяй Данецкай, Луганскай і Херсонскай вобласцяў і захавання сухапутнага калідору паміж імі і часова акупаваным Крымам.

Таксама працягваюцца артылерыйскія і авіяцыйныя ўдары па аточанай «Азоўсталі» у Марыупалі. Генштаб ЗСУ паведамляе, што ў сувязі з эвакуацыяй мясцовых жыхароў у бліжэйшы час варта чакаць яшчэ большага ўзмацнення агню.

Hавiны
Расейцы спрабуюць штурмаваць «Азоўсталь» з зямлі – пад прыкрыццём абстрэлаў
2022.05.13 12:00

Разам з тым былыя прэзідэнты Украіны звярнуліся да кіраўнікоў краін свету з просьбай дапамагчы выратаваць людзей з тэрыторыі заводу «Азоўсталь» у Марыупалі. Ліст падпісалі Леанід Кучма, Віктар Юшчанка і Пятро Парашэнка. Апошні прапанаваў асабіста прыняць удзел у рэалізацыі гэтай працэдуры.

Цяперашні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зялёнскі заявіў, што гатовы сустрэцца і пагаварыць з Уладзімірам Пуціным, але без пракрамлёўскіх пасярэднікаў і на ўмовах дыялогу, а не ўльтыматумаў. Разам з тым Зяленскі падкрэсліў, што ўкраінскае грамадства ўсе 8 гадоў хацела размаўляць з Расейскай Федэрацыяй, але цяпер ставіцца негатыўна да гэтага, паколькі штодня з’яўляюцца новыя факты злачынстваў расейцаў ва Украіне.

Уначы 13 траўня невядомыя спрабавалі падпаліць ваенкамат і нафтабазу ў непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы. У МУС так званай ПМР паведамляюць, што разбурэнняў і пацярпелых няма.

«Укроборонпром» паведаміў, што з пачатку расейскага ўварвання ва Украіну аднавіў трафейную тэхніку на агульную суму ў паўтара мільярда грыўняў. Цяпер яна паспяхова ўдзельнічае ў баявых дзеяннях. Гаворка ідзе толькі пра абсталяванне, якое аднавілі, бо вялікую колькасць цэлай і непашкоджанай тэхнікі расейскія салдаты проста пакінулі на полі бою.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч пацвердзіў учорашнюю інфармацыю ад украінскіх СМІ пра падбіты расейскі карабель каля вострава Змяіны. Паводле Арэстовіча, карабель тылавога забеспячэння «Усевалад Баброў», які прыбыў з Паўночнага флоту РФ, спрабаваў даставіць на востраў сістэму супрацьпаветранай абароны. Паводле папярэдніх звестак, карабель не затануў, але мае сур’ёзныя пашкоджанні.

ПраСвет
Расейскае войска пад кантролем ФСБ. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою
2022.05.13 13:49

ВК belsat.eu

Стужка навінаў