У Нірваны не было шанцаў, а Зельцар мог выжыць? Расследаванне падвойнага забойства ў Менску


28 верасня 2021 года ў Менску па адрасе вул. Якубоўскага, 29 адбылося падвойнае забойства. У выніку перастрэлкі загінулі 31-гадовы работнік IT-кампаніі Андрэй Зельцар і 31-гадовы супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк з пазыўным Нірвана. Удаве Зельцара інкрымінуюць учыненне забойства, але нельга выключаць, што замест турмы яе накіруюць у псіхіятрычную лякарню.

Ужо 31 траўня 2022 года ў Менску пачнуць судзіць удаву Андрэя Зельцара Марыю Успенскую. Крымінальную справу будуць разглядаць у Менскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме. Мы яшчэ раз нагадваем храналогію падзеяў, якія ўскалыхнулі ўсё беларускае грамадства. Гэты матэрыял створаны пры падтрыманні Альянсу расследавальнікаў Беларусі (АРБ).

Відэа з месца забойства

Першае паведамленне аб тым, што здарылася, з’явілася ў тэлеграм-канале «NEXTA» а 19:37 28 верасня. А 20:04 у некалькіх праўладных тэлеграм-каналах таксама напісалі пра забойства і апублікавалі відэа з месца здарэння.

Трэба адзначыць, што відэа змантаванае з фрагментаў, знятых на розныя камеры, дзве з якіх належаць супрацоўнікам спецслужбаў, а трэцяя – Андрэю Зельцару. У фінальнае відэа не трапіла здымка з чацвёртай камеры – мабільнага тэлефона жонкі Зельцара. Чаму? Гэта застаецца загадкай. Такі мантаж нагадваў фільм і выклікаў розныя канспіралагічныя тэорыі.

Андрэй Зельцар перад штурмам кватэры сілавікамі. Крыніца: скрыншот з відэа mvd.gov.by

Напрыклад, што ўсё было знята пастановачна, бо дзеянні супрацоўнікаў спецпадраздзялення КДБ «Альфа» занадта непрафесійныя. Акрамя таго, не чуваць гуку стрэлу са стрэльбы, няма крыві на падлозе ў пакоі, дзе былі Андрэй Зельцар і ягоная жонка. Дый у цэлым не відаць, хто менавіта страляў: у кадр трапляе толькі стрэльба. Узнікла нават версія таго, што насамрэч Зельцар жывы і яму ўдалося збегчы праз адкрытае акно.

Такім чынам, зірнем яшчэ раз на падзеі таго дня.

Спецаперацыя без спецсродкаў, каб не прыцягваць увагі

Аўторак, 28 верасня 2021 года. Супрацоўнікі спецпадраздзялення КДБ «Альфа» «адпрацоўвалі раён і правяралі аператыўную інфармацыю на прадмет прыналежнасці асобных людзей да замаху на тэрарызм». Пры гэтым, каментуючы падзеі таго дня, Аляксандр Лукашэнка казаў, што сілавікі не праводзілі нейкай сур’ёзнай спецаперацыі.

У спіс людзей, якія падлягаюць «адпрацоўванню», трапіў Андрэй Зельцар – праграміст кампаніі «EPAM Systems», які захапляецца спортам: фехтаваннем, трыятлонам і лёгкай атлетыкай.

З жонкай Марыяй ён выхоўваў яе сына ад першага шлюбу, які ў момант трагедыі быў у школе. Блізкія людзі характарызавалі яго як смелага, уважлівага, разважлівага, спакойнага і добрага чалавека. У жніўні 2020 года на пратэставыя акцыі не хадзіў, але разам з жонкай дапамагаў у якасці валанцёра. У сацсетках сваёй пазіцыі не хаваў і заклікаў беларусаў «ісці да канца».

Парушаючы ўсе захады перасцярогі і бяспекі, а таксама ўнутраныя інструкцыі пры выкананні «спецзадачы», сілавікі пакінулі сваю ахоўную і штурмавую амуніцыю ў машыне, на якой прыехалі.

«Гэта і было першае пытанне, якое я задаў Церцелю (старшыню КДБ), як толькі мне далажылі праз некалькі хвілінаў аб гэтым здарэнні. Чаму хлопцы былі без абароны? Іх можна за гэта асуджаць. Гэта была іхная ініцыятыва», – каментаваў падзеі таго дня Лукашэнка. Паводле яго, такім чынам сілавікі не хацелі хваляваць людзей, якія дрэнна рэагуюць на з’яўленне на вуліцах супрацоўнікаў у поўнай экіпіроўцы. Таму правяранне вялося ў цывільнай вопратцы.

Інтэрв’ю
«Андрэй не мог не даць адпор». Размова з сябрам забітага сілавікамі менчука
2021.09.29 15:26

Інфармацыя пра тое, што Андрэй Зельцар – сябра Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў і мае зарэгістраваную паляўнічую стрэльбу якраз па гэтым адрасе, не была таямніцай. Да жніўня ён рэгулярна аплачваў права на паляванне – гэтая інфармацыя даступная у адкрытых крыніцах. Тым больш, што ў асабістым акаўнце ў Instagram ён публікаваў фатаграфіі гэтай тэматыкі. Усё гэта відавочна было вядома ўдзельнікам «спецаперацыі». Але байцы групы «А», хутчэй за ўсё, проста не чакалі, што хтосьці дасць ім адпор і стандартнае адпрацоўванне адрасу прывядзе да трагедыі. Гэта ўскоснае пацверджанне таго, што супрацоўнікі КДБ не лічаць пратэставую большасць беларусаў небяспечнымі экстрэмістамі або тэрарыстамі.

«Дзіма апярэдзіў іншых»

Сілавікі звоняць у кватэру Зельцара і патрабуюць неадкладна адчыніць для «агляду памяшкання». На просьбы паказаць пасведчанне або ордар – адмаўляюць. Тады гаспадар кватэры тэлефануе 102, каб папрасіць дапамогі. Інфармацыю аб званках у аддзяленне міліцыі пацвердзіў і Лукашэнка на нарадзе 1 кастрычніка летась. Паводле ягонай версіі, супрацоўнікі КДБ пачалі ламаць дзверы кватэры, каб надаць дапамогу Зельцару, які патэлефанаваў у 102. Пры гэтым супрацоўнікі МУС выклік праігнаравалі.

Найбольш імаверна, што тады, калі ламалі дзверы ягонай кватэры, Зельцар прыняў рашэнне абараняцца з дапамогай зброі ад людзей у цывільным. Нагадаем, што сілавікі былі ў цывільным і не былі падобныя на спецназ КДБ. Можна выказаць здагадку, што Зельцар папрасіў жонку Марыю Успенскую зняць усё, што адбываецца, на тэлефон у якасці доказу сваёй невінаватасці і самаабароны.

План кватэры Зельцара. Фота перадалі рэдакцыі ананімна.

Пасля таго як дзверы выломваюць, у кватэру першым убягае Дзмітрый Федасюк. Андрэй Зельцар страляе практычна ва ўпор і хаваецца ў спальню. Група адкрывае агонь, пры гэтым Нірвана паспявае ссунуцца ў дзвярны праём. Андрэй Зельцар у выніку атрымлівае тры раненні: два ў цела і адно ў руку. Нірвана аказваецца смяротна параненым у грудзі – у яго няма шанцаў выжыць.

Тым не менш калегі спрабуюць яго выратаваць: у тэрміновым парадку, без чакання хуткай дапамогі, яны вязуць яго на службовым аўтамабілі ў вайсковы шпіталь, дзе працуюць спецыялісты ў агнястрэльных раненнях. Але па прыездзе хірургам ужо нічога не застаецца, апроч як канстатаваць смерць і адзначыць раны.

Медыцынская сястра Панянкова, асістэнт Трухан, аператар аперацыйнай брыгады Пландоўскі.
З пратаколу медычнага заключэння: «…Маецца агнястрэльная рана… са шматлікімі кропкавымі раненнямі… У ране вызначаецца лёгкае… цалкам разбураныя сценкі сэрца (правы і левы шлуначкі)… мноства шроту ў левым лёгкім, дыяфрагме, сэрцы і ў мяккіх тканках грудзей… Канстатаваная біялагічная смерць параненага». Здымак перадалі рэдакцыі ананімна.

А вось у Андрэя Зельцара, які атрымаў тры раненні, магчыма, яшчэ былі шанцы выжыць, кажуць суразмоўцы Альянсу расследавальнікаў Беларусі. Брыгаду медыкаў, якая прыбыла на месца забойства, не адразу пусцілі да Зельцара. Паводле звестак АРБ, медыкі змаглі прыступіць да працы не раней чым праз паўгадзіны пасля перастрэлкі.

«Залатая гадзіна», падчас якой надаецца паўнавартасная меддапамога, у 90 % выпадкаў дазваляе чалавеку выжыць, але гэты час быў незваротна і злачынна прапушчаны», – каментуюць трагедыю суразмоўцы АРБ.

Тры тыдні ў Навінках і СІЗА № 1

Удаву Зельцара затрымалі паводле падазрэння ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ. Пры гэтым на апублікаваным відэа з кватэры відаць, што яна не ўдзельнічала ў перастрэлцы, а толькі вяла відэаздымку таго, што адбываецца ў кватэры. Дарэчы, тэлефон з запісаным відэа жанчына паспела выкінуць у акно, але пазней сілавікі яго знайшлі.

За ўвесь час, праведзены Марыяй Успенскай у СІЗА, інфармацыі пра яе было вельмі мала. Вядома, што адразу пасля затрымання яе змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна, у яе канфіскавалі верхнюю вопратку, а ў камеры адключалі ацяпленне – катавалі холадам. Пазней яе перавялі ў СІЗА № 1, тры тыдні яна правяла ў Навінках, ёй рабілі псіхіятрычную экспертызу.

Гісторыі
«Амаль месяц ад брата няма звестак, невядома, дзе ён». Размова з сястрою затрыманага ў «справе Зельцара»
2021.11.07 01:40

Навіна пра падвойнае забойства ў Менску адразу выклікала шквал каментароў у сацыяльных сетках, за якія тут жа пачалі затрымліваць. Усяго – 136 чалавек. Іх абвінавачваюць у здзяйсненні злачынстваў паводле арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады» і паводле арт. 130 КК «Распальванне сацыяльнай варожасці». Паводле таго ж артыкулу праходзіць і карэспандэнт выдання «Комсомольская правда в Беларуси» Генадзь Мажэйка, які напісаў артыкул, у якім тыя, хто ведаў Зельцара, адгукаюцца аб ім станоўча. Улады расцанілі гэта як «абяленне тэрарыста» і «прапаганду экстрэмізму» ды заблакавалі сайт выдання. У выніку маскоўскае кіраўніцтва газеты абвясціла пра закрыццё свайго прадстаўніцтва ў Беларусі. А аднакласніцу Зельцара, якая дала каментар журналісту, выклікалі на допыт у якасці сведкі.

Першы прысуд за каментары ў справе Зельцара вынеслі на пачатку студзеня 2022 года – 2 гады пазбаўлення волі і штраф.

Удаве Андрэя Зельцара Марыі Успенскай пагражае пазбаўлення волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў або пажыццёвае зняволенне.

Марыя Успенская.
Фота: nashaniva.com

31 траўня ў яе пачнецца суд у закрытым рэжыме. Пры гэтым адзначана, што ў судзе яна будзе ў якасці асобы, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне. Згодна з арт. 6 п. 13 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі, асоба, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне, – гэта асоба, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане поўнай адсутнасці памяці або захварэла пасля здзяйснення злачынства псіхічным разладам.

Фота перадалі рэдакцыі ананімна.

Магчыма, экспертыза ў Навінках прызнала, што Успенская захварэла ўжо пасля перажытага, альбо была ў стане поўнай адсутнасці памяці ў момант падвойнага забойства. У такім выпадку пасля суда яе можа чакаць прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным шпіталі.

belsat.eu

Стужка навінаў