Ці адпусціць Пуцін абаронцаў Марыупалю? Інтэрв'ю з Маркам Фейгіным


Пры якіх умовах Масква пойдзе на сур’ёзныя перамовы з Кіевам і ці дазволіць Пуцін вывесці з блакады абаронцаў «Азоўсталі»? Даўняе супрацьстаянне працягваецца ў Крамлі. Хто бярэ верх? Ці памяняюць Шайгу і Герасімава? Апарат улады і алігархі не задаволеныя, але ці бачаць яны выйсце? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з расейскім юрыстам і папулярным палітычным аглядальнікам Маркам Фейгіным.

Сяргей Пеляса: Ваша агульнае бачанне сітуацыі на вайне. Падзялюся сваім меркаваннем. Ужо тыдзень таму здавалася, што сітуацыя патавая, і фронт не рухаецца. Цяпер украінцы чакаюць вялікага аб’ёму зброі, пераважна з ЗША, для таго, каб вяртаць свае пазіцыі. Напрыклад, Херсон. Як вы гэта бачыце з расейскага боку? Чым цяпер займаюцца расейскія вайскоўцы, якія ў іх планы?

Марк Фейгін: Вызначальнай датай было 9 траўня. Для расейскага кіраўніцтва гэта не толькі сімвалічная дата, але і дата аператыўная. Трэба было да 9 траўня выйсці на пастаўлены найвышэйшым вайсковапалітычным кіраўніцтвам план, а менавіта – да межаў Луганскай і Данецкай вобласцяў. Бо з пачатку красавіка мэты істотна змяніліся. Захапіць усю Украіну дакладна адмовіліся і пастанавілі абмежавацца Данбасам. І Херсон, які дастаўся ў самым пачатку вайны дзякуючы магчымым аператыўным памылкам з боку ўкраінскага кіраўніцтва. Але гэта не дзіўна, калі абараняць усю краіну з розных кірункаў.

Па сутнасці план не выкананы да 9 траўня. Да межаў Данецкай і Луганскай вобласцяў не выйшлі. Больш за тое, ідуць асобныя контрнаступальныя дзеянні з боку Збройных сілаў Украіны. Яны наблізіліся ад Харкава да межаў РФ. Я б сказаў, што гэта аператыўны поспех. З іншага боку, падобна, расейскія войскі паціхеньку сыходзяць з гэтага кірунку і збіраюцца абараняць толькі тэрыторыі, дзе ідуць баявыя дзеянні ў Луганскай і Данецкай вобласцях. І любым коштам адстаяць Херсон. Страціць яго – гэта страціць твар усёй гэтай так званай аперацыі. Думаю, на гэтым засяродзіцца Масква. І калі ёй не ўдасца цяпер істотна прасунуцца да гэтых межаў, то яны, хутчэй за ўсё, пяройдуць на такую аператыўную паўзу і будуць спрабаваць гэтую новую лінію замацаваць і ўтрымліваць, каб нейкім чынам перагрупавацца і падрыхтавацца да таго, што сапраўды ва Украіну паступіць неўзабаве амерыканская зброя.

Перон станцыі метро «Герояў працы» . У ваенны час яна, як і іншыя станцыі метрапалітэну, служыць бамбасховішчам для мірных жыхароў. Харкаў, Украіна. 28 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Цяжкая зброя і так ідзе з Еўропы, маштабы гэтага экспарту ўражваюць. Акрамя рашэння аб ленд-лізе, якое ўжо падпісаў Байдэн, выдзеленыя 40 млрд долараў. Мабыць, гэта не апошнія сродкі для вядзення вайны. Гэта сапраўды вельмі пагрозлівая для Масквы падзея, бо па сутнасці ва Украіны ёсць саюзнікі і вайсковы імпарт, а ў Расеі няма нічога. Ёсць толькі ўласная сціплая вытворчасць. Ёсць нейкія віды вытворчасці, наладжаныя за дзесяцігоддзі, яшчэ з савецкага часу, вытворчасць патронаў, снарадаў і артылерыі, але з бранятэхнікай і самалётамі, не кажучы ўжо пра ракетную тэхніку, могуць быць праблемы. Бо ў прадукцыі шмат замежных дэталяў. Але гэта была б выратавальная для Масквы тактыка.

Для ўзнікнення аператыўнай паўзы, заняць і замацавацца на гэтых участках. І трымаць, як восем гадоў трымалі лінію паміж «ДНР», «ЛНР» і Украінай. Што датычыць Херсону, тут ёсць асаблівасці. Зусім нелаяльная тэрыторыя ў адрозненне ад Данецку і Луганску. Можна спрачацца, якая там колькасць праўкраінскага насельніцтва, але Херсон – гэта парахавая бочка. Безумоўна, калі пачнуцца контрнаступы з боку ўкраінскіх сілаў, то Херсон – першая мішэнь. А таксама Мэлітопаль і далей. Не кажучы пра Марыупаль, дзе дагэтуль на «Азоўсталі» жменька людзей абараняе кавалак зямлі. Я думаю, яны будуць атачаць гарады, каб іх не абстрэльвалі. ЗСУ не могуць дазволіць абстрэльваць гарады з уласным насельніцтвам. Херсон ніхто не будзе абстрэльваць з артылерыйскіх гарматаў. Атачэнне і задушэнне групоўкі там – цалкам рэальны план. Абысці з некалькіх бакоў і трымаць горад у коле, выціскаючы войскі праціўніка. Гэты план магчымы пры паступленні маштабнай зброі. Што будзе рабіць Масква? У Масквы магчымасцяў няшмат.

СП: Як сябе будзе паводзіць крамлёўская ўлада?

МФ: Калі казаць пра ваенны складнік, то варыянтаў няшмат. Пераходзіць да абароны прыйдзецца, наступаць няма куды і няма чым будзе ў хуткім часе. Тым больш ад ідэі мабілізацыі адмовіліся. Вельмі разумнае рашэнне, бо мабілізацыя магла б прывесці да паскарэння ўсіх працэсаў. Бо ў такой сітуацыі набор колькасці нічога не даў бы. Ненавучаныя людзі, кінутыя ў зону баёў, маглі кратна павялічыць страты. Гінулі б ужо дзясяткі тысячаў. Калі ўкраінскі бок атрымае снарады з GPS-кіраваннем, там, дзе гіне адзін, загінуць пяць. Вы засяродзілі ў зоне баёў утрая большую колькасць, а яе ўтрая больш абстрэльваюць. Гэта бессэнсоўна. Патрэбная тэхніка. Маскве трэба знайсці рэсурсы, рэзервы, каб стварыць новыя часткі. Так што з ваеннага пункту гледжання нічога, акрамя абароны, сярод магчымых дзеянняў і планаў Масквы я не бачу.

Што датычыць палітычнага складніку, ён яшчэ горшы. Масква ў татальнай ізаляцыі. Уведзеныя санкцыі толькі вось-вось пачнуць даваць эфект у эканоміцы, сацыяльнай палітыцы. Цяпер стаіць пытанне, ці будуць затрымкі пенсіі або не. Інфляцыя ўжо 17 %, і гэтага ўжо не хаваюць. Гэта ж не маленькая эканоміка, не Паўночная Карэя, а гіганцкая краіна. Расея можа замкнуцца і дазволіць сабе ізалявана існаваць, але гэта будзе настолькі нікчэмнае, жабрацкае, убогае існаванне 140-мільённага насельніцтва, што невядома, ці вытрымае яно яго доўга. Бо гэта абсалютна спажывецкае грамадства. Паглядзіце, як моцна ўдарыў сыход усіх гэтых заходніх кампаніяў. Расея толкам нічога не вырабляе. Ад санкцыйнага ўздзеяння Захаду мы неўзабаве ўбачым сур’ёзныя наступствы.

Знішчаная машына аднаго з жыхароў раёну Паўночная Салтаўка ў Харкаве, Украіна. 28 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

СП: Улічваючы вонкавы выгляд, паводзіны, кароткі выступ і дзіўны змест гэтага выступу, якія высновы можна зрабіць? Ясна, што ў Крамля высокія муры, нічога за імі не відаць. Але што там адбываецца, якая грызня? Ці можна разлічваць на змены, улічваючы барацьбу фракцыяў вакол Уладзіміра Пуціна?

МФ: Ён выглядае дрэнна. Гэта 70-гадовы чалавек. Але рэч не ва ўзросце, мы бачым вельмі бадзёрых людзей у 70 гадоў, але яны не працуюць дыктатарамі і ліхадзеямі, якія ў татальнай ізаляцыі і большасць зямнога шару жадае іхнай смерці. Пуцін цяпер у гэтай стрэсавай і ненавіснай сітуацыі. Ён адчувае на сабе груз, я гэты груз бачу. Гэта метафізічная вобласць. Чыста фізічна ідуць размовы, што ён хворы. Я думаю, што ёсць падставы. Мы не можам судзіць аб ступені гэтай хваробы, можа, яна несмяротная. Але ў цэлым 70 гадоў не дапамагаюць ацаленню.

Што датычыць фракцыяў, яны ёсць, мы бачым, што адна з фракцыяў бярэ верх. Гэта заканамерна, але так адбываецца. Паводле розных чутак, сапраўды, вайскоўцы ў няміласці, перш за ўсё Генштаб. У мяне ёсць адчуванне, што ад Шайгу адчапіліся, плюнулі на яго. У асноўным цяпер пакутуе Генштаб і яго кіраўніцтва ў асобе Герасімава, ягоныя намеснікі, начальнік аператыўнага кіравання. На іх усклалі віну за няўдачу аперацыі. Гэтае супрацьстаянне выяўляецца ў тым, што супярэчнасці паміж Генштабам і ФСБ… Яны маюць доўгую гісторыю супрацьстаяння. ФСБ зняло з сябе адказнасць і пераклала на вайскоўцаў. Маўляў, гэта не мы стварылі ўмовы, пры якіх перамога была немагчымаю, а гэта вайскоўцы дрэнна ваявалі, да іх пытанні. Падобна, усім так зручней. Замяніць вайсковае кіраўніцтва Генштабу. Магчыма, не Шайгу, вядома, не адразу, паступова, але іх памяняюць. І скажуць, што вінаватыя яны.

СП: Пуцін сам паходзіць з асяроддзя эфэсбэшнікаў.

МФ: У гэтым няма сумневаў. Чаму ФСБ заўсёды атрымлівае перамогу, хоць там таксама ідуць чысткі? Натуральна, ён заўсёды будзе належаць гэтай фракцыі, нягледзячы на тое, што доўгія гады ён спрабаваў быць арбітрам над рознымі бакамі. Думаю, будзе выгладжванне апарату пад ФСБ яшчэ мацнейшае. Ёсць управа контрвыведкі ФСБ, якая цалкам кантралюе вайсковае атачэнне. Яны сочаць за настроямі, каб не было змовы ці яшчэ чагосьці. Усё было б добра, калі б Пуцін не быў у тым узросце, у тым стане і тым палітычным становішчы, у якім ён апынуўся. Каб супрацьстаяць усяму зямному шару, патрэбныя сіла і энергія, што ён і робіць. У яго няма саюзнікаў, нават Кітай не саюзнік. Кітай зацікаўлены ў максімальным аслабленні Расеі. Каб яна была слабая і залежала васальна ад Пекіну. Гэта відавочна. У гэтых умовах унутры апарату ўлады, які яшчэ не задаволены санкцыямі, персанальнымі, яны губляюць грошы. Гэта не толькі алігархі, гэта і сілавая бюракратыя. Яна таксама вельмі багатая, яны таксама мільярдэры. Але яны не да канца разумеюць, што пазбаўленне ад Пуціна ёсць развязаннем хоць бы часткі праблемы. Нейкая невялікая доля, можа, разумее, але баіцца. А тыя, хто мог бы пайсці на ліквідацыю Пуціна, не бачаць для сябе будучыні без яго. Бо Пуцін ёсць нейкай выніковай шматлікіх працэсаў, гістарычных, палітычных, уладных, без якіх яны не разумеюць, як адзін аднаго не зʼядуць. Расейская гісторыя ведала такіх, у савецкі перыяд асабліва. Нічым добрым гэта не пагражае ні тым, ні іншым, таму, магчыма, яшчэ няма гэтага запалу пайсці на рашучыя перамены.

СП: Ці ёсць нейкія ўмовы, на якіх Крэмль пойдзе на сурʼёзныя перамовы з Украінай? Пакуль мы бачым толькі эвакуацыю мірнага насельніцтва з Марыупалю, больш нічога. Нішто не можа дапамагчы эвакуяваць абаронцаў «Азоўсталі».

МФ: Я б рады такія ўмовы вызначыць, але баюся, што няма іх. Толькі ваенная параза. Калі адабʼюць Херсон, увойдуць у Данецк, то гэта прывядзе да непрадказальных працэсаў нават у Маскве. Тады будзе незразумела, на што абапірацца, як матывавана далей будуць ваяваць вайскоўцы, як кіраўніцтва войска, як насельніцтва, якому прадавалі вокамгненную перамогу. Дзеля чаго загінулі 25 тысяч вайскоўцаў, мірнае насельніцтва? Ваенная параза можа прывесці да імгненнага спынення агню. Такое імгненнае, хуткае, з узняццем сцяга. Дзесьці, дзе гэтага дакладна не мусіла быць. Мне здаецца, Масква адразу пойдзе на спыненне агню і пачатак рэальных перамоваў. Пакуль я да гэтага не бачу перадумоваў. На Пуціна ніхто не можа паўплываць. На яго спрабавалі паўплываць самыя галоўныя асобы на планеце, ад якіх залежаць санкцыі, ягоная будучыня і шмат што яшчэ, становішча Расеі. Ён не пачуў. Чаму ён павінен пачуць кагосьці, акрамя гэтых дзяржаўных дзеячаў?

Аналітыка
«Марадзёрствуюць напоўніцу». Як украінскі Херсон трэці месяц выжывае пад расейскай акупацыяй
2022.05.13 13:52

СП: Сі Цзінь Пін?

МФ: У гэтай сітуацыі таксама не, бо ад Сі Цзінь Піна ён не атрымлівае дапамогі, таму яму няма чаго губляць. Калі б ён даваў дапамогу і паставіў гэта ўмовай… Але дапамогі з боку Пекіну няма. Сі Цзінь Пін мог бы з ім пагаварыць, сказаць, што трэба пытанне развязваць, але ён разумее, што калі адпусціць абаронцаў Марыупалю, гэта будзе велізарная маральная перамога Украіны. То бок ты не зламаў Марыупалю, значыць, ніколі не зломіш Украіны. Ён выдатна гэта разумее і адчувае. Ён хоча не проста захапіць тэрыторыю, ён хоча забіць. А гэта дʼябальскае жаданне. А хто сказаў, што Пуцін не дʼябал?

СП: Шмат хто кажа, што дʼябал.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 12.05.2022

Калаж з фота: MAXIM SHEMETOV / Reuters / Forum; Valery Matytsin / TASS / Forum

Стужка навінаў