Невядомыя спрабавалі падпаліць ваенкамат і нафтабазу ў непрызнаным Прыднястроўі


Уначы 13 траўня невядомыя спрабавалі падпаліць ваенкамат і нафтабазу ў непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы, паведамілі ў МУС так званай ПМР.

Паведамляецца, што а 4:15 раніцы каля нафтабазы ​​аднаго з прадпрыемстваў Тыраспалю спыніўся аўтамабіль, з якога выйшаў невядомы мужчына, кінуў ёмістасць з запальнаю сумессю ў бок аб’екту і схаваўся. Загаранне было аператыўна патушанае.

Прыкладна праз паўгадзіны ў будынак рэспубліканскага ваенкамату кінулі дзве бутэлькі з запальнаю сумессю. Адна ад удару адляцела на ходнік, другая засела ў кратках на акне. Паведамляецца, што разбурэнняў і пацярпелых няма.

Нагадаем, у канцы красавіка ў самаабвешчанай «ПМР» адбылося некалькі выбухаў. 26 красавіка ў пасёлку Маяк Грыгарыёпальскага раёну прагрымелі два выбухі. Былі пашкоджаныя антэны радыётэлецэнтру, які рэтрансляваў радыёстанцыі Расеі. 25 красавіка былі таксама ўчыненыя напады на будынак Міністэрства дзяржаўнай бяспекі ў Тыраспалі і вайсковую частку непадалёк вёскі Парканы. Расследаванне інцыдэнтаў працягваецца.

За некалькі дзён да серыі нападаў прадстаўнік Мінабароны Расеі заявіў аб фактах «прыгнёту расейскамоўнага насельніцтва ў Прыднястроўі».

Аналітыка
Што будзе, калі Прыднястроўе ўступіць у вайну?
2022.04.26 18:27

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў