«Марадзёрствуюць напоўніцу». Як украінскі Херсон трэці месяц выжывае пад расейскай акупацыяй


За 2,5 месяца поўнамаштабнай вайны расейскія войскі здолелі захапіць і працяглы час утрымліваць толькі адзін абласны цэнтр Украіны – Херсон. Горад дагэтуль пад акупацыяй. З дапамогай украінскай ініцыятывы «Лідарства і служэнне» карэспандэнты «Белсату» звязаліся з мясцовым жыхарамі і паразмаўлялі пра сітуацыю ў горадзе.

Плакат супраць расейскай акупацыі ў Херсоне. Фота перадаў герой публікацыі «Белсату»

Размешчаны непадалёк Крыму Херсон быў захоплены расейскімі войскамі 1 сакавіка. Неаднаразова паведамлялася пра пераслед мясцовых актывістаў і журналістаў, у тым ліку з прычыны масавых праўкраінскіх мітынгаў.

Каб стабілізаваць сітуацыю ў горадзе, акупанты прызначылі сваю адміністрацыю з ліку мясцовых калабарантаў. Узначаліў яе былы мэр Херсону Уладзімір Сальда. Акупацыйныя ўлады неаднаразова выказвалі ідэі пра стварэнне «Херсонскай Народнай Рэспублікі», правядзенне рэферэндуму ці ўваходжанне рэгіёну ў склад Расеі. Але пакуль далей за словы справа не пайшла.

Hавiны
Акупацыйныя ўлады просяць залучыць Херсоншчыну ў склад Расеі. Нават без рэферэндуму
2022.05.11 17:07

Насельніцтва гораду жадання жыць пад акупацыяй не мае. Паводле ацэнак украінскіх уладаў, Херсон пакінулі каля 40 % жыхароў з амаль 300 тыс., якія жылі тут перад вайной.

Херсонцы Сцяпан і Раман (імёны змененыя) у размове з «Белсатам» распавялі, як гэта – жыць пад расейскай акупацыяй. І чаго насамрэч чакаюць мясцовыя жыхары.

Адныя з’язджаюць, іншых – завозяць

Як адзначае Сцяпан, «нават спачатку цяжка зразумець, што ты ў акупацыі».

«Людзі ходзяць, хтосьці ездзіць на ровары, хтосьці выгульвае сабаку. Але калі паглядзець, то бачна, што няма дзяцей адных на вуліцы – толькі ў суправаджэнні бацькоў. І тое іх няшмат. Калі пройдзеш далей, то бачыш чэргі, купы закрытых крамаў, сляды марадзёрства, пагромаў, закрытыя і пазабіваныя дзверы супермаркетаў», – кажа ён.

Паводле суразмоўцы, пасля 17:00, хоць каменданцкая гадзіна пачынаецца з 21:00, на вуліцах ужо амаль нікога няма.

«Крамы працуюць да 14:00 або 16:00, больш нішто не працуе, то бок рабіць у горадзе няма чаго. Плюс, калі адчуваеш пэўную небяспеку, то лішні раз не выходзіш», – адзначае Сцяпан.

Сляды бамбавання на рынку ў Херсоне. Фота перадаў герой публікацыі «Белсату»

У сваю чаргу Раман адзначае, што з моманту акупацыі ў горад заехала вельмі шмат людзей з Данецку, Луганску і Крыму, якія абсалютна не ведаюць Херсону. Крымчане ў асноўным гандлююць на рынках. Пры гэтым цыгарэты ў іх такія («Космос» і г. д.), што «адчуванне, што трапіў у Савецкі Саюз».

Паводле Рамана, у сакавіку ў Херсон таксама завезлі лаяльных да Расеі бесхацінцаў з Крыму, з дапамогай якіх расейскія медыі паказвалі сваім гледачам, як мясцовыя жыхары радасна сустракаюць расейскую ўладу. Яны хадзілі са сцягамі, стаялі па гуманітарную дапамогу, «цалаваліся» з новай уладай.

«Завезці іх завезлі, але потым нікуды не забралі. Адзін час яны занялі чыгуначны вакзал. Цяпер лазяць па горадзе. Бачна, што гэта не нашыя, бо не арыентуюцца ў прасторы і акцэнт зусім іншы», – заяўляе Раман.

Даведка
Беларускія цыгарэты з’явіліся ў Херсоне. Фота перадаў герой публікацыі «Белсату»

Машыну на развітанне абстралялі

Але ж выехаць з гораду не так проста. Як кажа Раман, зялёнага калідору для выезду не існуе, таму «людзі, якія выязджаюць, робяць гэта на свой страх і рызыку».

Паводле Сцяпана, раней былі праезды ў Мікалаеў і Адэсу, але потым гэтыя дарогі перакрылі ды паставілі каля 25 блокпастоў. Людзі пачалі выязджаць на Крывы Рог і Запарожжа, але і там ужо да 40–50 расейскіх блокпастоў. З 1 да 11 траўня Херсон увогуле быў закрыты расейцамі на выезд і ўезд. Нават прыгарадныя аўтобусы не хадзілі, кажа Раман.

Раней пры выездзе ратаваў замежны пашпарт, але цяпер нават ён не дапамагае.

«Выязджалі арабы пяць разоў. Даязджалі да апошняга блокпасту, і іх разварочвалі назад. Гэта, груба кажучы, бізнес. На кожным блокпасту хтосьці штосьці просіць: цыгарэты, грошы, рэчы. А даязджаеш да апошняга, і цябе разварочваюць. Адзін араб выехаў, але калі ён ужо праехаў апошні блокпост, яго на развітанне расейцы абстралялі, хоць ён паказваў, што грамадзянін Алжыру», – распавядае Раман.

А вось пара грамадзянаў Нямеччыны не прайшла нават першага блокпасту. І іхную машыну таксама на развітанне абстралялі.

Разрабаваная крама ў Херсоне. Фота перадаў герой публікацыі «Белсату»

На некаторых блокпастах зусім нічога не правяраюць, а на некаторых – наадварот. Глядзяць наяўнасць татуяванняў на целе, кантакты і паведамленні ў тэлефонах. Калі ёсць ноўтбук, прымушаюць яго ўключыць. Правяраюць багажнікі. Некаторых вяртаюць дадому за «пасты ў сацсетках, якія знеслаўляюць расейскую армію».

«Часам уплывае проста чалавечы фактар. Ты не спадабаўся – усё, далей нікуды не едзеш. Тыдні два таму сям’ю з двума дзецьмі расейцы пратрымалі ў палоне тры дні. Потым адпусцілі, але без рэчаў. Забіраюць машыны, забіраюць тэлефоны», – кажа Раман.

«У любы момант могуць да цябе дарвацца»

Але ж застацца ў горадзе таксама рызыкоўна. Як адзначае Сцяпан, расейцы рэгулярна выкрадаюць людзей: каго з мітынгаў, каго з будынкаў. Былі паведамленні, што вышукваюць украінскіх вайскоўцаў і ўдзельнікаў тэрытарыяльнай абароны. Самі расейскія вайскоўцы ўвесь час раз’язджаюць на вайсковых машынах, БТРах або на легкавых аўтамабілях са знакам «Z».

«Калі людзі ездзяць са зброяй і ты ведаеш, што гэта варожая армія, то гэта ўжо не ОК. Плюс, ты разумееш, што яны ў любы момант могуць да цябе дарвацца і запытаць», – кажа Сцяпан.

І такія выпадкі нярэдкія. Расейцы могуць праверыць тэлефон у любога мінака. Або прыйсці на працу і распавесці пра добры «русский мир», паглядзець паведамленні і падпіскі на каналы. Калі бачаць у тэлефоне мабільную праграму банку, могуць запатрабаваць пералічыць ім грошы.

«Яны марадзёрствуюць напоўніцу. Галоўны той, у каго аўтамат. Калі не спадабаўся, могуць ці рэчы забраць, ці чалавека», – кажа Раман.

Гэтак, паводле яго, акупанты з «ЛДНР» проста на вуліцы затрымалі раварыста. Забралі ровар, заплечнік, грошы, тэлефон і некалькі дзён самога пратрымалі ў сутарэнні. Казалі, што «ты, сука, будзеш жыць пры Савецкім Саюзе». Вазілі пару разоў з пакункам на галаве, а пасля вывезлі за горад і адпусцілі.

Разрабаваная крама ў Херсоне. Фота перадаў герой публікацыі «Белсату»

А перад 9 траўня расейцы папярэдзілі крамы ў цэнтры гораду, што абстраляюць вокны тых, хто будзе працаваць падчас параду, распавядае Раман.

«Я ўвесь час чышчу паведамленні, асабліва пра ТРА, ЗСУ, знаёмых, якія там, навіны, якія перасылаю сябрам. Паадпісваўся ад шмат якіх каналаў. Чышчу гісторыю ў браўзеры і на YouTube. Пастаянны страх. Небяспека можа быць адкуль заўгодна. Нейкі крык на вуліцы, нейкі шум – ты ўвесь час думаеш, што па цябе. Пасля прыслухоўваешся і разумееш, што гэта нешта іншае», – адзначае Сцяпан.

Ён дагэтуль працягвае размаўляць па-ўкраінску, але прызнаецца, што перайшоў бы на расейскую, калі б да яго падышоў расейскі жаўнер і пра нешта пачаў бы пытаць. Украінскую сімволіку суразмоўца на ўсялякі выпадак з асабістых рэчаў таксама зняў.

Расейцы дэзерціруюць

У горадзе – вакол цэнтру і на выездах – пастаянна стаяць блокпасты. Пры гэтым у адзін дзень яны могуць стаяць у адным месцы, у іншы – змяніць лакацыю. Таксама адрозніваецца і стаўленне.

«Калі я ўчора ехаў раніцай, вайскоўцы спынілі маршрутку, зайшлі, паглядзелі, але дакументаў не правяралі. А літаральна праз паўгадзіны мае знаёмыя ехалі тым самым маршрутам, на тым сам блокпасту тыя самыя вайскоўцы іх спынілі і правяралі ўжо дакументы», – распавядае Раман.

Паводле яго, вельмі моцна правяраюць – як мужчынаў, гэтак і жанчын – у мікрараёнах Востраў і Камышаны. Мужчынаў нават могуць вывесці з маршруткі на асабісты агляд.

Даведка
Украінскія стужкі ў Херсоне. Фота перадаў герой публікацыі «Белсату»

Суразмоўца звязвае гэта з тым, што сярод расейцаў з’явілася вельмі шмат дэзерціраў:

«Яны ходзяць у цывільным. Адзінае, што іх выдае, – гэта абутак: яны ходзяць у берцах. І пры мне быў якраз выпадак, што вайсковец, падобна, з Данбасу, купляў красоўкі. І на наступны дзень я даведаўся, што ў іх да 300 чалавек дэзерціравалі».

Таксама, паводле расповедаў херсонскіх медыкаў, тыя расейцы, якія не хочуць ваяваць, знаходзяць найменшую прычыну, каб не ісці ў бой і дзесьці пераседзець.

Усе разлікі – у грыўнях

Да пералічаных вышэй цяжкасцяў дадаюцца і эканамічныя. Украінскія крамы распрадаюць рэшту тавараў і пераважна закрываюцца, бо няма паступлення прадукцыі. У тых, што працягваюць працаваць, усё часцей з’яўляюцца крымскія, данецкія і луганскія тавары. Як адзначае Сцяпан, людзі часта стаяць у чэргах, бо проста так нічога купіць немагчыма. З’явілася шмат кантрабандавых цыгарэтаў і алкаголю.

«Выпадкова ўзяў пляшку «Колы», бо думаў, што ў Расеі яе няма, а потым выявілася, што яна таксама расейская», – кажа суразмоўца.

Растуць і чэргі па «гуманітарную дапамогу» ад РФ. Стаяць там перадусім пенсіянеры і маламаёмасныя гараджане.

Разрабаваная крама ў Херсоне. Фота перадаў герой публікацыі «Белсату»

Большасць банкаматаў не працуе. І калі ў нейкія кропкі прывозяць наяўныя грошы, то ў чэргах стаяць ад 50 да 300 асобаў. Пры гэтым, нягледзячы на афіцыйныя заявы пра ўвядзенне расейскага рубля, пакуль усе разлікі вядуцца і заробкі плацяць у грыўнях.

«Нават чуў гісторыі ад знаёмых, што расейскія жаўнеры разлічваліся грыўняю ў крамах», – кажа Сцяпан.

А вось камунальныя службы працуюць нармальна. Штораніцу вывозяць смецце; газ, вада, электрычнасць таксама ёсць. Праўда, пажарным акупанты не дазвалялі тушыць лясныя пажары каля Херсону, з якімі давялося разбірацца мясцовым жыхарам. Дый паліцыі няма, таму за парадкам на вуліцах ніхто не сочыць. Таму перыядычна можна бачыць сляды марадзёрства, хоць і не так масава, як на пачатку сакавіка.

Інфармацыйны вакуум

У любым выпадку, адзначаюць суразмоўцы, абсалютная большасць жыхароў Херсону чакае вызвалення і прыходу Збройных сілаў Украіны.

«Вядома, шкадуюць, што мы ў акупацыі, але разумеюць, што рана ці позна нас вызваляць і гэтага трэба чакаць. Але шмат хто не вытрымлівае і выязджае», – кажа Сцяпан.

Украінскія стужкі ў Херсоне. Фота перадаў герой публікацыі «Белсату»

Некаторыя проста звар’яцелі ад страху і абстрэлаў. Ёсць і ўпадніцкія настроі, у тым ліку з прычыны расейскай прапаганды, што пра Херсон забылі, горад назаўжды будзе ў Расеі.

«Мы цяпер у інфармацыйным вакууме. У нас няма ўкраінскіх каналаў. Інфармацыя ў асноўным чэрпаецца з інтэрнэту, у каго ён ёсць», – заяўляе Раман.

Але ж і з інтэрнэтам, як і з мабільнаю сувяззю, ёсць рэгулярныя праблемы. Гэтак, на мінулым тыдні іх тры дні зусім не было.

«Ты амаль цалкам адрэзаны. Не разумееш, што адбываецца тут у горадзе, а тым больш за межамі вобласці і на фронце. Як арыентавацца, чаго чакаць? Было цяжка», – кажа Сцяпан.

Графіці ў акупаваным Херсоне. Фота перадаў герой публікацыі «Белсату»

План стварэння ХНР праваліўся

Разам з тым Раман адзначае, што калі раней у горадзе былі людзі, якія часткова падтрымлівалі «русский мир», то цяпер у іх цалкам змянілася меркаванне. І шмат хто вымушаны спрачацца са сваймі сваякамі за мяжой, якія «нам кажуць чарговую лухту, як нас расейцы ратуюць і ў нас тут бандэры лазяць». Ад адной жанчыны з Херсону нават адмовіліся ейныя ж дзеці, якія жывуць у Расеі.

«Наколькі яны замбаваныя», – заключае Раман.

Тым не менш, Раман мяркуе, што план стварэння Херсонскай Народнай Рэспублікі праваліўся, «бо ў нас ніхто не хоча жыць ні ў Расеі, ні ў ХНР».

Hавiны
Дэпутат Херсоншчыны пра новую расейскую ўладу: «Ніякай акупацыйнай улады і ніякай Расеі тут ніхто не чакае»
2022.04.26 22:47

ПС belsat.eu

Стужка навінаў