Чаму расейцы падтрымліваюць вайну ва Украіне. Тлумачыць незалежны сацыёлаг


Колькасныя апытанні не паказваюць думак людзей, якіх залічваюць у прыхільнікі «спецыяльнай аперацыі». Хто яны? Што менавіта падтрымліваюць? Якая логіка разважанняў? Лабараторыя публічнай сацыялогіі правяла глыбінныя сацыялагічныя інтэрвʼю і апісала спектр існых пазіцыяў.

З карэспандэнтам «Белсату» размаўляе Святлана Ерпылёва, даследніца Лабараторыі публічнай сацыялогіі, навуковая супрацоўніца Цэнтру незалежных сацыялагічных даследаванняў (Расея).

Школа вайскова-тактычнай падрыхтоўкі для мірнага насельніцтва, якую разам з калегамі арганізаваў ветэран АТА Уладзімір. Навучанне праводзілі на тэрыторыі закінутай прамысловай зоны ў ваколіцах Тэрнопалю, Украіна. Красавік 2022 года.
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат

– Вы падзялілі людзей, якія падтрымліваюць вайну, на асобныя групы. Што гэта за групы?

– Мы збіралі якасныя інтэрвʼю з расейцамі розных поглядаў. І вось звесткі, з якімі я працавала. Гэта інтэрвʼю з людзьмі, якія адназначна заявілі пра сваё падтрыманне так званай спецаперацыі. Многія з іх называлі тое, што адбываецца, вайною. Трэба разумець, што нашыя звесткі нерэпрэзентатыўныя. Гэта значыць, не трэба разглядаць гэтыя групы як групы, якія рэпрэзентуюць наагул усіх, хто падтрымлівае вайну. Маім заданнем было паказаць, што падтрыманне не маналітнае. Падтрыманне бывае рознае, людзі падтрымліваюць розныя рэчы ды па-рознаму. І вось групы, якія мы ў нашых інтэрвʼю выявілі.

АЎДЫТОРЫЯ ДЗЯРЖАЎНАЙ ПРАПАГАНДЫ

Адну групу я ўмоўна назвала аўдыторыяй дзяржаўнай прапаганды. Гэта людзі, якія ў асноўным глядзяць афіцыйныя крыніцы інфармацыі ды заяўляюць пра сваё падтрыманне спецаперацыі, яны так яе і называюць – спецаперацыяй, а не вайной, яны заяўляюць пра падтрыманне найперш насельніцтва Данбасу, якое, з іхнага гледзішча, пакутавала ад вайны, а цяпер Расея будзе абараняць.

ГІСТОРЫКІ-САМАВУКІ

З другога боку ёсць людзі, якія моцна ад іх адрозніваюцца, іх можна іранічна назваць гісторыкамі-самавукамі. Яны цікавяцца ў нейкім сэнсе гісторыяй, даволі доўга сочаць за тым, што адбываецца ва Украіне, пачалі за гэтым сачыць не цяпер і апраўдваюць сваё падтрыманне, робячы акцэнт на даўняе супрацьстаянне паміж Расеяй і Захадам, на геапалітычны канфлікт, у іх ёсць некаторыя імперскія сімпатыі. І гэтыя людзі, у адрозненне ад, напрыклад, аўдыторыі дзяржаўнай прапаганды, карыстаюцца разнастайнымі крыніцамі. Яны могуць да дзяржаўнай прапаганды ставіцца нават крытычна. Гэта не значыць, што яны супраць прапаганды, яны, хутчэй, за больш кампетэнтную прапаганду. Гэтыя людзі таксама могуць крытычна ставіцца да ўлады, асабліва да ўнутранай палітыкі расейскай улады.

Святкаванне Дня Перамогі ў Маскве, 9 траўня 2022 г.
Фота: SPUTNIK / Reuters / Forum

ВАЙНА – ГЭТА ДРЭННА, АЛЕ НЕАБХОДНА

Ёсць людзі, якія таксама ў сваіх апраўданнях вайны робяць акцэнт на геапалітычны канфлікт, калі кажуць пра наяўнасць нацыяналістаў ва Украіне, але кажуць пра гэта значна больш асцярожна. І, у адрозненне ад іншых групаў, пастаянна паўтараюць, што яны ўвогуле супраць вайны. Яны, безумоўна, падтрымліваюць тое, што адбываецца. Яны лічаць, што сама па сабе вайна – гэта вельмі дрэнна, людзі гінуць – гэта дрэнна. Гэта жудасна, але гэта неабходна.

ЭМІГРАНТЫ / ЁСЦЬ СВАЯКІ НА ДАНБАСЕ

Мы бачылі людзей, якія нейкім чынам звязаныя з тым, што адбываецца на Данбасе. Гэта значыць, у іх там сваякі, яны самі эмігранты з Данбасу ці ў іх ёсць знаёмыя, блізкія, з якімі яны падтрымліваюць сувязь, якія распавядаюць, як пакутавалі за апошнія гады. Гэта асобы, для якіх прапагандысцкі наратыў пра вайну цягам 8 гадоў – штосьці, з чым яны знаёмыя не з чутак, таму знаходзяць апраўданне таму, што адбываецца. Ім здаецца, што Расея нарэшце спыніць гэтую доўгую вайну на Данбасе.

НЕ ГАТОВЫЯ РАЗМАЎЛЯЦЬ

Ёсць людзі, якіх, на жаль, не так шмат у нашай выбарцы. Проста таму, што яны не гатовыя даваць нейкіх інтэрвʼю, размаўляць. Яны не гатовыя заняць адназначнай пазіцыі. На пытанне пра падтрыманне вайны кажуць пра яе падтрыманне, але цягам такой доўгай размовы выказваюць незадаволенасць усім, што адбываецца. Яны кажуць, што ахвяры – гэта жудасна, што яны вельмі моцна перажываюць, не могуць спаць. Кажуць, ім цяжка, што эканоміка пакутуе, яны адчуваюць гэта на сабе, на блізкіх. Але, тым не менш, на пытанне пра падтрыманне адказваюць станоўча.

Работнікі МНС на месцы пажару на станцыі тэхабслугоўвання аўтаў, куды трапіла адна з чатырох расейскіх ракетаў. У выніку абстрэлу загінулі 7 чалавек, 4 з якіх – працаўнікі СТА, мінімум 11 пацярпелі, у тым ліку адно дзіця. Астатнія ўдары былі здзейсненыя па аб’ектах вайсковай інфраструктуры. Львоў, Украіна. 18 красавіка 2022 года.
Фота: АК / Белсат

– Ці варта давяраць апытанням падчас вайны?

– Насамрэч трэба вельмі асцярожна ставіцца да гэтых лічбаў, якія мы атрымліваем у апытаннях: апытанні ў аўтарытарных рэжымах ва ўмове ваенных канфліктаў, часцей за ўсё, проста не працуюць. Бо ёсць велізарная колькасць асобаў, якія, зноў жа, не адказваюць, проста адмаўляюцца адказваць на пытанні. І што адбываецца з імі, мы проста не ведаем. Не трэба глядзець на абсалютныя лічбы. Калі кажуць, што 68 % людзей падтрымліваюць спецаперацыю, – гэтаму давяраць нельга. Але калі, напрыклад, адно і тое ж апытанне паводле адной і той жа метадалогіі з адной і тою ж колькасцю адмоваў праведзеныя з перапынкам два месяцы ды нешта змянілася, на гэта мы можам глядзець.

– Вы таксама гаварылі з людзьмі, якія супраць вайны. Што яны адчуваюць?

– У нашых інтэрвʼю, напрыклад, з праціўнікамі вайны, былі тыя, хто казаў пра калектыўную адказнасць. Іх было зусім няшмат. Вельмі шмат асобаў нам казалі, што адчуваюць нейкую адказнасць. Гэтая адказнасць за тое, каб не маўчаць, а нешта рабіць. Хтосьці казаў пра адказнасць не за вайну, а за тое, што не пратэставалі раней, не спрабавалі памяняць улады. Адказнасць беспасярэдне за тое, што Расея ўварвалася на тэрыторыю Украіны. Я даволі рэдка сустракалася з людзьмі, якія адчувалі сваю адказнасць. За розныя рэчы людзі адчувалі адказнасць.

– Можна сцвярджаць, што вайну ва Украіне падтрымлівае старэйшае пакаленне?

– Я думаю, так. Гэта тое, што нам паказваюць якраз апытанні. Апытанні можна аналізаваць, не гледзячы на абсалютныя лічбы, а гледзячы на ўнутраныя залежнасці. Бярэм толькі адказы на пытанні і глядзім размеркаванне. Старэйшае пакаленне ў большай ступені падтрымлівае вайну, чымся маладзейшае. Зноў жа, гэта не значыць, што там усё старэйшае пакаленне падтрымлівае вайну. Ёсць, натуральна, сярод старэйшых асобаў тыя, хто актыўна пратэстуе. Але статыстычна, я думаю, мы бачым гэтую залежнасць.

Hавiны
Беларускія пенсіянеры – пра тое, як змянілася іхнае жыццё пасля пачатку вайны, і пра сацыяльнае падтрыманне ад дзяржавы
2022.04.29 17:15

АМ belsat.eu

Стужка навінаў