Абвастрэнне фобіі. Чаму заявы Лукашэнкі больш агрэсіўныя за пуцінскія?


Рыторыка ў Лукашэнкі больш агрэсіўная, чым нават у Пуціна, хаця беларускі дыктатар не адправіў беларускага войска супраць Украіны. Чаму незаконны кіраўнік нашай дзяржавы ў істэрычнай форме адкрыта пагражае Захаду і заяўляе пра расейскую зброю? Навошта ён выпрошвае ў Пуціна ракетныя комплексы «Іскандэр» і «С-400»? Ці магчымая ядравая атака супраць Літвы з тэрыторыі Беларусі, і якім будзе адказ? Каментуюць палітолаг Валер Карбалевіч і Каміль Клысіньскі, эксперт у справе Беларусі з Цэнтру ўсходніх даследаванняў у Варшаве.

Не паспеў Лукашэнка адысці ад аднаго стэндапу, які ладзіў на Дзень сцяга і гербу 8 траўня, як трэба выступаць на другім. Свята Перамогі – падзея, разлічаная на шматтысячную аўдыторыю, таму і заявы больш сур’ёзныя.

«Непатрэбныя ніякія рэзалюцыі і Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, каб зразумець, што калі ты пастаўляеш камусьці зброю, прадаеш ці проста дорыш, як цяпер ва Украіне… Калі ты натоўпамі туды, натоўпамі пастаўляеш наймітаў, падтрымліваеш яго ў гэтай гібрыднай інфармацыйнай вайне, то ты далёка не вонкавы назіральнік. І не трэба пераводзіць стрэлкі на нас. Каля 50 дзяржаваў згуртаваліся сёння на Захадзе супраць Расеі. Таму нас папракаць не трэба, бо мы адныя з Расеяй, нас не 50. Паглядзіце на сваю палітыку і падумайце, што будзе заўтра. Хачу, каб мяне яшчэ раз пачулі на Захадзе. Беларусы не агрэсары, але застаючыся саюзнікам стратэгічным брацкай Расеі, мы будзем яе ўсяляк падтрымліваць».

Натуральна, будзе, бо іншага выбару ў яго няма. Лукашэнка ўжо паспрабаваў адысці ад гэтак званага вялікага брата, дасылаючы сігналы на Захад. Але 2020-ы назаўжды паставіў тлустую кропку ў гэтых адносінах. Таму, як пакрыўджаны хлопчык, з якім ніхто не хоча сябраваць, ён робіць апошняе, што яму засталося, – пагражае з-за спіны Пуціна і, як ён сам любіць казаць, «брацкай зброяй». Гаворка пра адну з апошніх заяваў Лукашэнкі, якую ён зрабіў у інтэрв’ю аднаму з расейскіх часопісаў: на заходнім і паўднёвым кірунках ён хоча пакінуць некалькі дывізіёнаў расейскіх ракетных комплексаў «Іскандэр» і «С-400».

Валер Карбалевіч, палітолаг:

«Гэта вельмі супярэчлівая рыторыка, і ўвогуле незразумела, пра што тут Лукашэнка кажа. Я думаю, што сэнс гэтай рыторыкі – гэта зноў жа напужаць Захад, зноў жа элемент ціску на Захад. Не захацелі вы, маўляў, размаўляць, таму вось на вас ракеты накіруем».

Лукашэнка крыўдуе на Захад і крыўдуе вельмі моцна. За гадзіну інтэрв’ю, якое ён 5 траўня даў «Associated Press», ён некалькі разоў паўтарыў, што Беларусь не агрэсар. Пры гэтым:

«Вы ведаеце, мне падаецца, вось такая шалёная думка, што, калі так будзе далей, будзе вось так паводзіцца, напрыклад, Польшча, іншыя краіны, то мы – Беларусь, Расея і Украіна – будзем разам ваяваць супраць вас. Таму што ўжо ў Польшчы асобныя дзеячы і палітыкі точаць шашкі і шаблі і бачаць Заходнюю Украіну ў складзе Польшчы».

Альбо ў прэзідэнцкім палацы выключылі электрычнасць, таму нават тэлебачанне для яго недасяжнае, альбо ён цалкам верыць у тое, што кажа. З апошняга – моцную фобію ў Лукашэнкі выклікаюць штогадовыя вайсковыя вучэнні «Defender Europe», у якіх удзельнічаюць каля 18 тыс. жаўнераў з краінаў NATO.

Каміль Клысіньскі, эксперт у справе Беларусі, Цэнтр усходніх даследаванняў, Варшава:

«Ён сапраўды стаміўся, недавер расце, фобіі, розныя абсесіі ў бок Захаду – яны таксама растуць. Розныя працэсы псіхічнага вымярэння таксама адбываюцца. Ён заўсёды быў вельмі недаверлівы да Захаду. Яшчэ 10 гадоў таму казаў, што ў Польшчы мапы намаляваныя да Менску, што мы быццам бы рыхтуем наступ. Гэта ўсё вось ідзе ў гэтую скарбонку, толькі проста абвастрэнне гэтай рыторыкі – яно павялічваецца ў сувязі з ціскам з боку Пуціна, у сувязі з сітуацыяй унутранай у Беларусі, сітуацыяй у эканоміцы, у сувязі з санкцыямі з боку Захаду і ў сувязі з проста псіхічнаю стомленасцю Лукашэнкі».

Але рэальнай пагрозы з боку Захаду для Беларусі няма і не будзе, кажа Каміль Клысіньскі. На жаль, Лукашэнка як гэтага не чуў, гэтак і не чуе. Ён не хоча вайны, сыходзяцца эксперты ў меркаваннях.

Валер Карбалевіч, палітолаг:

«Я не думаю, што Лукашэнка хоча сапраўднай вайны, бо вайна вельмі непапулярная ў беларускім грамадстве і ўвогуле вайна вядзе да непрадбачаных вынікаў. Гэта звыклая рыторыка, традыцыйная рыторыка. Яна скіраваная на тое, каб, першае, мабілізаваць сваіх прыхільнікаў і наменклатуру, каб стварыць мадэль крэпасці ў аблозе, каб гэта было падставай для палітычных рэпрэсіяў. Ну, а ў сённяшніх умовах гэта спроба, скажам так, нейтралізаваць ціск з боку Расеі, якая патрабуе, гледзячы па ўсім, больш актыўнага ўдзелу Беларусі ў вайне ва Украіне. І вось Лукашэнка такой антызаходняй рыторыкай імкнецца схавацца ад гэткага ціску».

Хавацца ад ціску ўжо, па-першае, позна, а па-другое – некуды. Адпачываць на лецішчы ў Растове ўжо не атрымаецца, там занята, дый становішча ў Лукашэнкі не тое. Таму з тэрыторыі Беларусі працягваюць лётаць ракеты ў бок Украіны, а на палігонах – «Іскандэры» і «С-400». Пагрозы ядравай зброяй сціхлі, але пытанне, ці надоўга? І ці не зацішша гэта перад навальніцай? Расейскага ядравага ўдару можа і не быць, напісаў на ўласным сайце старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ Зянон Пазняк. Пры гэтым добра падмеціў: простая расейская формула «умом Россию не понять» цалкам можа спрацаваць гэтым разам.

Зянон Пазняк, старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ:

«Калі б такое здарылася, то можна абсалютна дакладна прадбачыць, што ядравы ўдар будзе нанесены толькі з тэрыторыі Беларусі і толькі з пляцоўкі каля Астравецкай АЭС (для карэкцыі ўдару ў адказ і для знішчэння Вільні і паловы Беларусі нерасейскай зброяй)».

Выснова несуцяшальная. Асабліва ўлічваючы гісторыю з нападам на Украіну. Напад не адбыўся ў даты, у якія яго чакалі паводле ўсіх прагнозаў. Параду ваеннапалонных або афіцыйнага абвяшчэння вайны 9 траўня ў Маскве не адбылося. Расея ніколі не гуляе ў адкрытую. А таму ці не прамаўляе вуснамі Лукашэнкі Пуцін у выпадку са зброяй? Калі так, то гэтым разам «галоўнакамандуючы» не абыдзецца аўтаматам без ражка, бо прыйдзецца апраўдаць свой кіцель.

Надзея Бельская для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Yuri Smityuk / Forum

Стужка навінаў