Праз пажар улады забаранілі выкарыстанне Будслаўскага касцёлу


Апостальскі нунцый Антэ Ёзыч у Будслаўскім касцёле.
Фота: Catholic.by

12 траўня апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзыч наведаў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай, які напярэдадні пацярпеў ад пажару. Пра гэта паведамляе Catholic.by.

У Будславе ватыканскі дыпламат сустрэўся са старшынёю спецыяльнай камісіі для ліквідацыі наступстваў пажару, біскупам Аляксандрам Яшэўскім, пробашчам будслаўскай парафіі ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам і валанцёрамі, якія дапамагаюць падтрымліваць парадак на месцы здарэння.

Біскуп Яшэўскі паведаміў нунцыю Ёзычу, што трывае следства, якое павінна выявіць прычыны ўзгарання ў касцёле, таму дзяржаўныя органы цалкам забаранілі эксплуатацыю пацярпелага ад пажару будынку. Набажэнствы ў касцёле пакуль немагчымыя.

Нунцыю распавялі, што валанцёры і мясцовыя парафіяне ўжо расчысцілі праходы для бесперашкоднага доступу на месца здарэння службовых асобаў. Акрамя таго, у Будслаў прыбыў спецыяліст для неадкладнага дэмантажу і кансервацыі ўнікальнага аргану XVIII стагоддзя, у які падчас тушэння пажару трапіла вада.

Нунцый Ёзыч запэўніў у салідарнасці Папы Рымскага Францішка з беларускімі вернікамі і ў ягонай малітве за народ Беларусі. Ён таксама паабяцаў сваю дапамогу і падтрыманне ў справе аднаўлення пашкоджанай пажарам базілікі ды адраджэння ў ёй духоўнага жыцця.

Hавiны
За дзень беларусы сабралі больш за 40 тысячаў рублёў на аднаўленне касцёла ў Будславе
2021.05.12 16:47

Нагадаем, што каталіцкія біскупы заклікалі вернікаў дапамагчы аднавіць касцёл. Аналагічныя заклікі ў сацсетках распаўсюдзілі і вернікі. У выніку за содні на дабрачынны рахунак каталіцкага таварыства «Карытас» Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі беларусы перавялі больш за Br 40 тысячаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў