Нікарагуа, Руанда і Сьера-Леонэ. Хто пагадзіўся ўручыць даверчыя лісты Лукашэнку


Замежныя дыпламаты і кіраўнік МЗС Макей 13 траўня.
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка 13 траўня прыняў даверчыя лісты паслоў шасці краінаў.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, даверчыя лісты пагадзіліся ўручыць толькі амбасадары Іраку, Нікарагуа, Расеі, Руанды, Саудаўскай Аравіі ды Сьера-Леонэ.

У сваім выступе Лукашэнка распавёў замежным дыпламатам пра святкаванне Дня Перамогі і Усебеларускі народны сход, нібыта шырокае абмеркаванне канстытуцыйнай рэформы ды паскардзіўся на геапалітычную сітуацыю.

«Вельмі спадзяюся, што вы прапануеце цікавыя ідэі для развіцця супрацы, узбагаціце нас станоўчым досведам сваіх краінаў», – дадаў ён.

Лукашэнка асабліва адзначыў, што паміж Беларуссю і Расеяй «поўным ходам ідзе дыялог у справе паглыблення нашай інтэграцыі дзеля стварэння роўных умоваў суб’ектам гаспадарання і больш эфектыўнага выкарыстання новых магчымасцяў супрацы».

«І хай нашыя стасункі з Расейскаю Федэрацыяй нікога не напружваюць», – сказаў ён, паабяцаўшы даць адказ дзвюх краінаў, калі «хтосьці асмеліцца кінуць нам выклік – Расеі, Беларусі або адначасова Расеі і Беларусі».

Запрашалі і іншых

Як паведамляў напярэдадні дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных пытаннях Франак Вячорка, на ўручэнне лістоў былі запрошаныя таксама амбасадары Грэцыі, Францыі ды Люксембургу.

«Уручэнне граматаў заходнімі амбасадарамі можа быць скарыстана прапагандай і пашле няправільны сігнал беларусам, якія змагаюцца за свабоду», – заяўляў ён.

У сувязі з гэтым Ціханоўская, якая цяпер з візітам у Грэцыі, планавала прасіць Грэцыю не ўручаць даверчых лістоў Лукашэнку.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў