Навучаў пляскаць у далоні і адкрыў рахунак у банку. У Менску асудзілі легенду пратэсту – бубнача Санчука


Бубначы на адной з пратэставых акцыяў.
Фота: TUT.by

Сёння ў Маскоўскім судзе Менску вынеслі прысуд 30-гадоваму палітзняволенаму бубначу Аляксею Санчуку. Яго пакаралі шасцю гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Гэта менавіта такі тэрмін, якога і патрабаваў пракурор Яўген Серакоў. Яго самога на прысудзе не было. Падтрымаць палітычнага вязня прыйшлі прыблізна 25 асобаў.

У судзе Маскоўскага раёну абвесцілі вырак 30-гадоваму палітзняволенаму бубначу Аляксею Санчуку. Суддзя Таццяна Пірожнікава прызначыла 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Такога пакарання патрабаваў пракурор Яўген Серакоў. Менск, Беларусь. 13 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Суддзя Таццяна Пірожнікава прызнала Аляксея вінаватым паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 і ч. 2 арт. 342 («Арганізацыя, рыхтаванне дзеянняў, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), ч. 3 арт. 293 («Навучанне ці іншае рыхтаванне асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках»), ч. 2 і ч. 3 арт. 293 («Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

У судзе Маскоўскага раёну абвесцілі вырак 30-гадоваму палітзняволенаму бубначу Аляксею Санчуку. Суддзя Таццяна Пірожнікава прызначыла 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Такога пакарання патрабаваў пракурор Яўген Серакоў. Менск, Беларусь. 13 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Засталася грамадская справа з «Менсктрансам».

Тэлефон, ноўтбукі, тэлевізар, музычныя калонкі ды іншую тэхніку пакінуць пад арыштам да вырашэння грамадска позвы.

У чым вінавацілі

Санчука з іншымі бубначамі, якія летась зрабіліся адным з сімвалаў пратэстаў, затрымалі ў лістападзе 2020 года на рэпетыцыі. Пасля 15 содняў арышту ён так і не выйшаў на волю. Пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіК збівалі яго, паведамляе «Вясна».

Паводле абвінавачання, Санчук «пад выглядам масавых мерапрыемстваў» у Менску перакрываў праезную частку, аказваў відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам УУС, крычаў лозунгі, гучна пляскаў у далоні, размахваў бел-чырвона-белым сцягам. Яго вінавацяць і ў тым, што з чэрвеня да 4 лістапада 2020 года браў актыўны ўдзел у масавых беспарадках, купляў піратэхніку, адкрыў рахунак у «Тэхнабанку» для фінансавання пратэстаў.

Hавiны
У Менску судзяць 30-гадовага бубнача адразу паводле некалькіх крымінальных артыкулаў
2021.04.15 15:56

За блакаванне дарог 27 верасня, 18 кастрычніка, 4 кастрычніка, 25 кастрычніка, 1 лістапада «Менсктранс» хоча спагнаць з Санчука Br 161 900.

Таксама, паводле следства, Санчук «зарганізаваў супольнасць» людзей, якіх навучаў удзелу ў масавых акцыях, «здзяйсненню гучных воплескаў рукамі, якія парушаюць спакой грамадзянаў». Апроч таго, у абвінавачанні фігуруюць стварэнне тэлеграм-чату і захоўванне піратэхнічных вырабаў, петардаў, газавых балончыкаў, лазерных указак, аптычнай сістэмы назірання, пнеўматычнай стрэльбы, музычных калонак. Сярод доказаў віны былі маркеры чырвонага колеру, сцягі, улёткі, «Честная газета», купюры з выяваю Святланы Ціханоўскай, каляндарыкі «Страна для жизни», белыя бранзалеты, балоны з фарбаю, газавыя балоны.

Санчук прызнаў сябе вінаватым паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК, а паводле ч. 3 арт. 293 і арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК віну не прызнае.

У Менску судзяць 30-гадовага бубнача паводле некалькіх крымінальных артыкулаў. У лістападзе на рэпетыцыі сілавікі затрымалі групу бубначоў «Патрабуем разысціся», якая ўвосень стала адным з сімвалаў пратэстаў. Аляксей Санчук.
Фота: Алексей Санчук / УКантакце

Адбіткаў няма, на следстве «такога не казаў»

На судзе Санчук заявіў, што не пагаджаецца са сваймі паказаннямі падчас следства, бо «такога не казаў».

«Заяўляю, што следчая прыспешвала мяне, канфіскоўвала матэрыялы падчас азнаямлення. Забірала ў мяне часткі матэрыялаў справы і казала, што я не маю права азнаёмлівацца з матэрыяламі справы. Забараняла мне перапісваць звесткі матэрыялаў справы. Прашу браць пад увагу толькі допыты на судзе», – сказаў палітвязень на працэсе 7 траўня.

Аляксей таксама паведаміў, што да яго не пускалі доктара, хоць незадоўга да затрымання яму зрабілі аперацыю на воку.

Музыка заявіў, што ўпершыню бачыць яшчэ адзін доказ – стрэльбу для падводнага палявання, што была знойдзеная падчас ператрусу ў гаражы ў іншага чалавека. На зброі не было адбіткаў Аляксея. Такая ж сітуацыя і з піратэхнікай, якая выступае ў якасці доказаў віны Санчука.

АД/МГ belsat.eu

Стужка навінаў