Вынікі пошуку для:

Марыі Калеснікавай прад’явілі абвінавачанне па трох артыкулах

Марыя Калеснікава ў Лідзе. Фота: «Белсат»

Члену Каардынацыйнай Рады і штаба Бабарыка Марыі Калеснікавай прад’яўлена канчатковае абвінавачанне, паведамляе тэлеграм-канал штаба Віктара Бабарыкі.

Следчы камітэт пастанавіў, што Марыю Калеснікава варта судзіць за заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі (ч. 3 арт. 361 КК), змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) і за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраванне ім (ч. 1 арт. 361-1 КК).

Агулам Марыі Калеснікавай пагражае да 12 гадоў турмы.

Цяпер яна разам з абаронцамі знаёміцца ​​з матэрыяламі справы.

Напярэдадні на старонцы Марыі Калеснікавай у Facebook зʼявілася вытрымка з ліста, дзе яна кажа, што не шкадуе аб прынятым год таму рашэнні далучыцца да каманды Віктара Бабарыкі, які менавіта ў 12 траўня абʼявіў, што ідзе ў прэзідэнты.

«Гэты год аказаўся самым складаным і самым шчаслівым у маім жыцці. Разумею, як дзіўна гэта гучыць ад чалавека з турмы. Але здабыла я нашмат больш, чым страціла: унікальны вопыт, драйв неверагодны, масу новых ведаў і ўменняў (напрыклад, раней я ніколі не вяла Стрым, не пісала 170 лістоў у месяц, не бегала кожны дзень і не чытала так шмат добрых кніг). Я здабыла ўнутраную свабоду і шчасце заставацца сабой у любой сітуацыі.

Але самае галоўнае цуд – гэта неймаверныя беларусы: ваша падтрымка і любоў надаюць каласальную сілу!»

Марыю Калеснікаву жорстка затрымалі 7 верасня 2020 года, а 8 верасня яна парвала свой пашпарт, каб яе не дэпартавалі з Беларусі. На сёння Калеснікава знаходзіцца за кратамі 249 дзён.

МГМ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны