«Карагодная справа»: судзяць сына і бацьку, мужа і жонку ды вядомага паэта


Толькі ў мінулую пятніцу прагучаў вырак трэцяй групе фігурантаў гэтак званай карагоднай справы. І ўжо пачынаецца працэс над чацвёртаю. Мы даведаліся, каго будуць судзіць цяпер.

Працэс пачнецца ў судзе Берасцейскага раёну 14 траўня а 10:00, які будзе весці сумнавядомы з палітычных справаў Сяргей Маручак. Гэтым разам разгледзяць справы 12 асобаў, тры з іх ужо прызнаныя палітычнымі вязнямі. Самы вядомы ў гэтым тузіне – 59-гадовы пчаляр, паэт Мікола Папека, якому адмовілі ў азнаямленні з матэрыяламі справы на роднай мове. Калі ў трэцяй групе была маці і дачка, то ў чацвёртай ёсць сын і бацька – Арсеній і Яўген Сінякі. 19-гадовы Арсеній прызнаны палітычным вязнем і з 9 лютага застаецца ў СІЗА № 7. Адтуль жа на суд будуць прывозіць і 46-гадовага Рамана Яхіна (ён у берасцейскім СІЗА таксама з 9 лютага) ды 34-гадовую Вольгу Глушэнь, якую затрымалі 4 сакавіка.

Hавiны
«Карагодная справа» – адна з самых вялікіх палітычных справаў у Беларусі. Што трэба пра яе ведаць
2021.04.02 08:45

Ні ў водным працэсе ў гэтай справе пад арыштам не аказвалася гэтак шмат людзей. Таксама ў справе праходзяць муж і жонка Андрэй і Паліна Ляшко, Раман Дземідовіч, Марына Дарашук, Вікторыя Каральчук, Алеся Крамчаніна, Святлана Марчук.

Пакуль у «карагоднай справе» засуджаныя 32 асобы, яны атрымалі ад года «хатняй хіміі» да года і васьмі месяцаў калоніі. Дасюль справу разглядалі суды Ленінскага і Маскоўскага раёнаў: падзеі, праз якія вінавацяць людзей, адбываліся на мяжы гэтых раёнаў Берасця. Цяпер жа працэс адбудзецца ў судзе Берасцейскага раёну, які фармальна не мае ніякага дачынення да гэтай справы.

Нагадаем, 13 верасня мінулага года ў Берасці адбывалася чарговая пратэставая акцыя. Людзі маршам прайшлі па праезнай частцы праспекту Машэрава ды спыніліся на яго скрыжаванні з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Раптам некалькі соцень асобаў утварылі карагод. Была музыка, свята, нібыта карнавал – так згадваюць тыя падзеі відавочцы.

Карагоды на пратэстах у Берасці.
Фота: Следчы камітэт

Разганяць карагод прыехаў вадамёт, ужыты ўпершыню падчас пратэстаў у Беларусі. З таго часу берасцейцы называюць гэтае скрыжаванне вадамётным, а распачатая пазней крымінальная справа стала звацца карагоднаю.

Праз некалькі тыдняў завялі крымінальную справу паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Для яе сілавікі старанна падбіралі людзей: праглядалі камеры відэаназірання і матэрыялы журналістаў, затрымлівалі і апытвалі берасцейцаў. Лік падазраваных пайшоў на дзясяткі: мінімум 10 фігурантаў гэтай справы да сёння застаюцца ў СІЗА № 7, а пошук удзельнікаў тых падзеяў следчыя і міліцыя не спыняюць да сёння. Можна сказаць, што гэта адна з самых масавых крымінальных палітычных справаў у гісторыі Беларусі: у якасці абвінавачваных цяпер праходзяць больш за 70 асобаў.

Hавiны
У Берасці працягваецца «карагодная справа»
2021.03.01 19:12

Што следчыя напісалі ў матэрыялах справы?

Следства сцвярджае, што «абвінавачваныя дзеялі ў групе з іншымі асобамі, якія на праезнай частцы гучна крычалі, свісталі, выкрыквалі лозунгі, пляскалі ў далоні, наўмысна бралі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, і перашкаджалі нармальнай працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацыяў». Менавіта гэта зачытваюць у судзе дзяржаўныя абвінаваўцы. Прасцей кажучы, людзей судзяць за тое, што яны выйшлі на скрыжаванне, чым нібыта перашкодзілі працы грамадскага і асабістага транспарту.

Таксама праз гэта збіўся графік працы размешчаных паблізу гандлёвых аб’ектаў. Прастой тралейбусаў склаў больш за 29 гадзінаў, аўтобусаў – больш за 5 гадзінаў. Шкоду тралейбуснаму парку ацанілі на 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – на 40 рублёў 37 капеек. Маршрутныя таксі ехалі ў абʼезд, кіёскі зачыніліся раней, а рэстаран «KFC» не працаваў 37 хвілінаў.

Аднак большасць прадстаўнікоў гэтых прадпрыемстваў у судзе не мела да пратэстоўцаў ніякіх прэтэнзіяў. Некаторыя з абвінавачваных добраахвотна сплацілі шкоду яшчэ да пачатку судовага разбору, але на прысуды гэта не паўплывала. Адзначым, што за ўдзел у тым пратэставым маршы некаторыя ўжо былі пакараныя ў межах адміністратыўнай справы.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў