Гарадзенскаму пенсіянеру замянілі «хатнюю хімію» на калонію


Юзэф Немера каля суда.
Фота: Hrodna.life.

Гарадзенскі абласны суд зрабіў больш жорсткімі пакаранне пенсіянеру, які штурхнуў у сцягно амапаўца, паведамляе Hrodna.life.

Судовая калегія ў складзе Кулеша, Бубенчака і Рачынскага перагледзела справу Юзэфа Немера 13 траўня. Раней яго асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі» за штурхель у сцягно амапаўца і ўдзел у акцыі пратэсту. Тады з прысудам не пагадзіліся і абвінавачаны, і дзяржабвінаваўца.

Спадара Юзэфа судзілі за тое, што ён, абараняючы дзяўчыну ад сілавікоў падчас акцыі пратэсту 6 верасня, штурхнуў у сцягно амапаўца і ўцёк.

Немера раней прызнаў віну часткова – па арт. 364 КК («Гвалт у дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»), а віну па ч.1 арт. 342 («Арганізацыя дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак») ён адмаўляў. У апошнім слове 12 лістапада Юзэф так: «Мяне вінавацілі ў выкрыкванні «правакацыйных» лозунгаў. Натоўп крычаў, я крычаў «Міліцыя з народам!», «Жыве Беларусь!», што перакладаецца як «Да здравствует Беларусь!». Калі гэтыя лозунгі сталі правакацыйнымі?»

Сёння судовая калегія замяніла 2,5 гады «хатняй хіміі» на 1,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Пацярпелы амапавец Снацкі, які выступаў у судзе Кастрычніцкага раёну за шырмай і пад змененым імем, на паседжанне 13 траўня не з’явіўся.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў