Белымі ніткамі. Што не так у справе ліквідацыі гарадзенскага Цэнтру гарадскога жыцця


Эканамічны суд Горадні 12 траўня пастанавіў зліквідаваць культавую гарадзенскую ўстанову «Цэнтр гарадскога жыцця». Правесці працэдуру павінен заснавальнік і дырэктар пляцоўкі Павал Мажэйка да 12 жніўня. Не зважаючы на тое, што фактычна ніякіх доказаў пракуратура не падала, суддзя Аліна Баклажэц задаволіла пазоў пракурора Уладзіміра Клішына. Што не так у гэтай справе?

Заснавальнік і дырэктар гарадзенскага Цэнтру гарадскога жыцця Павал Мажэйка.
Фота: Белсат

З чаго ўсё пачалося

19 сакавіка 2021 года ў Цэнтры гарадскога жыцця адкрылі выставу мастака Алеся Пушкіна «Пушкін у Горадні», на якой былі экспанаваныя мастацкія прапановы роспісаў гарадзенскага Старога замку і творы мастака розных гадоў. Пракурор гораду Уладзімір Клішын палічыў, што адна з працаў, а менавіта партрэт нібыта антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара, парушае Закон Рэспублікі Беларусь аб супрацьдзеянні экстрэмізму.

26 сакавіка пракуратура распачала крымінальную справу супраць Паўла Мажэйкі і мастака Алеся Пушкіна за рэабілітацыю і апраўданне нацызму (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі). 30 сакавіка Клішын звярнуўся ў Эканамічны суд Гарадзенскай вобласці з патрабаваннем зліквідаваць Цэнтр гарадскога жыцця, бо ўстанова нібыта ажыццяўляе забароненую дзейнасць і груба парушае беларускае заканадаўства.

Версія пракурора

На паседжанні прысутнічалі прадстаўнікі пазоўніка: начальнік аддзелу культуры Гарадзенскага гарвыканкаму Дзяніс Чарняк, а таксама намеснік пракурора Горадні Аляксандр Южык. Чыноўнік на судзе быў нешматслоўны: перыядычна падскокваючы на пытанні суддзі, увесь час пагаджаўся з тым, што казаў пракурор. «Мне няма чаго дадаць», – прадказальна адказаў ён на чарговую прапанову выказацца ў справе.

Гісторыі
«Такое не знішчыць. Гэта назаўжды». Чым увайшоў у гісторыю Горадні Цэнтр гарадскога жыцця
2021.04.23 08:00

«Фактычна пад выглядам мастацкай выставы зрэалізаваныя дэструктыўныя ідэі, накіраваныя на гераізацыю ваенных злачынцаў, апраўданне генацыду беларускага народу і рэабілітацыю нацызму», – гаворыцца ў пазове Клішына, які таксама спасылаецца на арт. 81 Кодэксу аб культуры, паводле якога культурніцкую ўстанову можна зліквідаваць, калі яна прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць.

Загадалі зліквідаваць

На судзе пракурор Южык хадайнічаў, каб да справы далучылі заключэнне абласной экспертнай камісіі, паводле якога, у партрэце аўтарства Пушкіна знайшлі прыкметы экстрэмізму. Заключэнне прынеслі проста на суд, не даўшы магчымасці папярэдне з ім азнаёміцца Паўлу Мажэйку. У склад камісіі ўвайшлі дацэнт кафедры крымінальнага права і крыміналогіі юрыдычнага факультэту Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы Вадзім Хілюта і дацэнт кафедры філасофіі педагагічнага факультэту ГарДУ Сняжана Семярнік. Пытанне, чаму сярод тых, хто рабіў экспертызу, няма беспасярэдніх экспертаў у справе, а менавіта гісторыкаў, застаецца адкрытым.

Дарэчы, Вадзім Хілюта і раней шукаў экстрэмізм у інфармацыйнай прадукцыі. Напрыклад, ягонае прозвішча фігуравала пад экспертызаю фотаальбому «Прэс-фота Беларусі – 2011», у якім знайшлі экстрэмізм. Таксама Хілюта браў удзел у экспертызе кнігі Алеся Бяляцкага «Асвечаныя Беларушчынай», якую палічыў непажаданаю на тэрыторыі Беларусі, бо яна «можа нанесці шкоду Рэспубліцы Беларусь альбо краінам – чальцам Мытнага саюзу».

«Я прашу пра мінімальную павагу да сябе. Вызначаецца лёс маёй арганізацыі, якая працуе 5 гадоў. Ярлыкі, якія навешвае пракуратура, досыць сур’ёзныя. Пазову паўтара месяца, а заключэнне перадалі толькі цяпер. Я хацеў бы мець час, мінімум тыдзень, каб дакладна вывучыць гэты дакумент і падрыхтаваць на яго аргументаваны адказ», – сказаў Павал Мажэйка ў судзе.

Цэнтр гарадскога жыцця Горадні.
Фота: Белсат

Аднак суддзя адхіліла гэтую просьбу і далучыла дакумент да матэрыялаў справы. Для Паўла Мажэйкі зрабілі копію заключэння і далі некаторы час з ім азнаёміцца. Вынікі экспертызы суддзя пасля зачытала ўслых.

Экспертнае заключэнне месціцца на двух аркушах паперы, уласна экспертызе адведзены адзін абзац. Без доказаў, прывядзення хоць нейкіх фактаў і спасылак на крыніцы.

Вось што адзначаюць у экспертызе выкладчыкі ГарДУ імя Янкі Купалы:

«Пададзеныя матэрыялы маюць наступныя прыкметы экстрэмізму:

рэабілітацыю нацызму праз гераізацыю асобы Яўгена Жыхара, заклік да пераймання яму (указанне на актуальнасць для жыхароў Беларусі светапоглядных пазіцыяў Жыхара, неабходнасць звяртання да іх ва ўмовах сучаснай палітычнай сітуацыі ў краіне, адабрэнне дзеянняў Жыхара ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час), публічнае адабрэнне асобы Рамуальда Райса Бурага».

Пры чым тут Рамуальд Райс і якім чынам яго ўплялі ў справу, калі з пачатку вялося выключна пра Жыхара, – яшчэ адно пытанне. Разам з тым ніякіх факталагічных доказаў, гістарычных крыніцаў, што пацвярджалі б гэтую экспертызу, няма.

«І такое адбылося напярэдадні вялікага свята Перамогі», – сказаў пракурор Южык падчас спрэчак, на першы план чамусьці выстаўляючы пафас, а не закон.

А як усё ж паводле закону?

Пракуратура лічыць, што экспанаванне карціны Жыхара «ўслаўляла і гераізавала асобу, якая брала ўдзел у дзейнасці нацысцкіх арганізацыяў, прызнаных вінаватымі ў ваенных злачынствах», а таксама «апраўдвала практыку нацызму».

Разам з тым пракуратура не падала ніякіх доказаў, што на карціне намаляваны менавіта Яўген Жыхар, а не вобраз, створаны мастаком. На партрэце няма ніякай інфармацыі, якая б дазваляла ідэнтыфікаваць гэтую асобу як Яўгена Жыхара, а ў адкрытых крыніцах няма ніводнага ягонага здымка, каб параўнаць мастацкі вобраз з канкрэтным чалавекам.

А калі ўявіць, што на партрэце сапраўды намаляваны Жыхар? Глядзім, як вызначаецца тэрмін «нацызм» беларускім заканадаўствам.

Закон Рэспублікі Беларусь аб супрацьдзеянні экстрэмізму дае вельмі дакладнае тлумачэнне:

«Нацызм – таталітарная ідэалогія (дактрына) і практыка яе ўжывання гітлераўскай Нямеччынай, яе саюзнікамі і сатэлітамі з 1933 да 1945 года, звязаная з таталітарнымі тэрарыстычнымі метадамі ўлады, афіцыйнаю градацыяй усіх нацыяў паводле ступені паўнавартаснасці, прапагандаю перавагі абраных нацыяў над іншымі, што суправаджалася злачынствамі супраць міру і бяспекі чалавецтва, ваеннымі ды іншымі злачынствамі, устаноўленымі прысудам Міжнароднага ваеннага трыбуналу для суда і пакарання галоўных ваенных злачынцаў еўрапейскіх краінаў <…>».

Прамаўляе рэжысёр Андрэй Курэйчык. Горадня, Цэнтр гарадскога жыцця.
Фота: Белсат

Звяртаюць на сябе ўвагу два моманты. Па-першае, гэта храналагічныя межы 1933–1945. Падзеі, звязаныя з Жыхарам, якія апісвае пракуратура ў сваім пазове, адносяцца да перыяду пасля 1946 года, то бок, паводле закону, не падпадае пад вызначэнне «нацызм». Па-другое, прыналежнасць да нацызму прызнаецца толькі прысудам Міжнароднага ваеннага трыбуналу.

Пракуратура прыводзіць як устаноўлены факт, што Яўген Жыхар улетку 1944 года прайшоў поўны курс навучання ў спецыяльным дэсантным батальёне «Дальвіц» выведна-дыверсійнага падраздзялення Абвэру. Аднак пракуратура не дае інфармацыі, з якіх крыніцаў узятыя гэтыя звесткі і ці можна ім давяраць.

З юрыдычнага пункту гледжання, ні ў якіх крыніцах і архівах няма выраку суда ці то Міжнароднага ваеннага трыбуналу, ці то суда Рэспублікі Беларусь, згодна з якім Яўген Жыхар прызнаваўся б ваенным злачынцам, нацыстам і ўдзельнікам нацысцкіх арганізацыяў, прызнаных вінаватымі ў ваенных злачынствах. Няма ніякіх матэрыялаў крымінальнай справы супраць Яўгена Жыхара, няма інфармацыі, што такая справа калі-небудзь існавала.

27 снежня 2019 года пабачыла свет Пастанова Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі № 340 аб усталяванні пераліку арганізацыяў і іншых структураў, іх сімволікі і атрыбутыкі, дзе пералічваюцца арганізацыі ды структуры, пазначаныя ў ч. 7 арт. 1 Закону аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Простымі словамі – пералік структураў, што беларускае заканадаўства лічыць нацысцкімі. Сярод іх няма ні «Дальвіцу», ні Абвэру. Гэты пералік узгоднены з КДБ і Акадэміяй навук. Атрымліваецца, згодна з беларускім заканадаўствам, Яўген Жыхар не супрацоўнічаў ні з якімі нацысцкімі арганізацыямі.

Hавiны
Гарадзенцы запусцілі збор подпісаў у падтрымку Цэнтру гарадскога жыцця
2021.04.26 13:30

Ёсць яшчэ адзін дакумент, які дакладна і адназначна вызначае спіс таго, што ў Беларусі лічыцца экстрэмісцкімі матэрыяламі: афіцыйны Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. На гэты момант там на 84 старонках пералічваюцца матэрыялы, якія беларускія суды палічылі экстрэмісцкімі. Карціны мастака Алеся Пушкіна ў гэтым спісе няма, як не было яе там і 19 сакавіка, калі адкрылі выставу ў гарадзенскім цэнтры, то бок ніводзін беларускі суд гэтую карціну не прызнаў экстрэмісцкаю.

Падсумуем. Беларускае заканадаўства вельмі дакладна прапісала, якія асобы, арганізацыі ды структуры лічацца нацысцкімі. Яны павінны быць устаноўленыя прысудамі Міжнароднага ваеннага трыбуналу альбо прысудамі нацыянальных ці ваенных трыбуналаў, заснаваных на прысудзе Міжнароднага ваеннага трыбуналу. Калі ўявіць, што на карціне – Яўген Жыхар, то нават у такім выпадку гэтая карціна не падпадае пад дзеянне Закону аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Ні Яўген Жыхар, ні арганізацыі, названыя ў пазоўнай заяве пракурора, ніводным судом не прызнаныя нацысцкімі і вінаватымі ў ваенных злачынствах.

Што далей?

Павал Мажэйка плануе абскарджваць рашэнне суда.

«Фактычна не было пададзена ніякіх доказаў у падтрымку абвінавачання. Быў загад знішчыць незалежную непадкантрольную пляцоўку, што і было выканана», – адзначыў ён у каментары журналістам.

У абарону Цэнтру гарадскога жыцця выказаліся вядомыя беларусы. Быў арганізаваны збор подпісаў пад адкрытым зваротам з заклікам спыніць ціск на ўстанову. Пад ім падпісаліся 1250 асобаў з усёй Беларусі, сярод якіх – мастакі, літаратары, навукоўцы, праграмісты, журналісты, артысты, грамадскія дзеячы, рэжысёры, настаўнікі, рабочыя ды іншыя. Ліст на падтрыманне ўстановы накіравала ў суд і Таварыства беларускай мовы.

Заснавальнік і дырэктар гарадзенскага Цэнтру гарадскога жыцця Павал Мажэйка.
Фота: Белсат

Цэнтр гарадскога жыцця за 5 гадоў існавання зрабіўся сапраўды культавым месцам для творчых і ініцыятыўных гарадзенцаў. Прастора гуртуе творчых, актыўных, ініцыятыўных людзей, дзе папулярызуецца беларускасць і выхоўваецца пашана да свайго. Тут адбыліся сотні культурніцкіх акцыяў, навуковых канферэнцыяў прафесійнага ўзроўню, дзясяткі выставаў, канцэртаў і адукацыйных імпрэзаў. У 2020 годзе Цэнтр гарадскога жыцця стаўся месцам, дзе збіраліся і працавалі валанцёры «ByCovid19», якія дапамагалі гарадзенскім медыкам у барацьбе з пандэміяй каронавіруса. Тады сабралі каля 10 тысячаў ахоўных экранаў на твар, былі пашытыя і размеркаваныя ў медычныя ўстановы некалькі тысячаў ахоўных халатаў.

«Гэтая пляцоўка адначасна і прастора свабоды, абмену думкамі, меркаванняў, сустрэчаў сяброў. Як гісторык магу адзначыць, што цэнтр і яго пазітыўнае значэнне ўвойдзе ў гісторыю Горадні. Як і судовы працэс супраць цэнтру: ён зойме сваё ганебнае месца ў гісторыі гораду разам з тымі людзьмі, якія яго ініцыявалі і праводзяць», – перакананы гарадзенскі прафесар, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

ПС, belsat.eu

Стужка навінаў