Банкі адмаўляюцца фінансаваць угоды для рэалізацыі беларускіх нафтапрадуктаў


Капітолій, сядзіба Кангрэсу ЗША.
Фота: wikipedia.org

Замежныя адгрузкі беларускіх нафтапрадуктаў у траўні могуць скараціцца праз аднаўленне ЗША санкцыяў супраць беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Пра гэта паведамляе агенцтва «Argus».

Удзельнікі рынку лічаць, што аднаўленне амерыканскіх санкцыяў ускладніць набыццё і продаж беларускіх нафтапрадуктаў і для гандлёвых кампаніяў з іншых краінаў. Гэта звязана з тым, што любая фізічная або юрыдычная асоба, якая «фінансава, матэрыяльна ці тэхналагічна падтрымлівае» кампаніі, што трапілі пад санкцыі, можа сутыкнуцца з увядзення санкцыяў супраць сябе.

То бок нават адна трансакцыя можа быць расцэненая як парушэнне санкцыяў. І хоць забарона на працу з беларускімі кампаніямі распаўсюджваецца на кампаніі ЗША, санкцыі ўскладняць магчымасць аплаты беларускіх грузаў у доларах і для прадпрыемстваў іншых краінаў.

Некалькі еўрапейскіх банкаў ужо адмаўляюцца фінансаваць угоды для рэалізацыі беларускіх нафтапрадуктаў, паведамілі ўдзельнікі рынку. Акрамя таго, некаторыя трэйдары чакаюць аналагічныя санкцыі ад Еўрапейскага Звязу, што зробіць немагчымым фінансаванне такіх угодаў і ў еўрах.

Hавiны
У траўні пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь знізяцца ў 2,2 разу
2021.05.04 13:47

Раней агенцтва «Reuters» паведаміла, што расейскія нафтавыя кампаніі могуць адмовіцца ад продажу нафты на наваполацкі завод «Нафтан», бо баяцца наступстваў амерыканскіх санкцыяў. Эксперты адзначалі, што такі сцэнар стане сур’ёзным выпрабаваннем для ўсёй нафтаперапрацоўчай галіны Беларусі.

Пра зніжэнне паставак нафты ў Беларусь паведаміў і афіцыйны прадстаўнік кампаніі «Транснефть» Ігар Дзёмін. У траўні экспарт нафты ў Беларусь знізіцца ў 2,2 разу ў параўнанні з красавіцкім паказнікам, да 608 тысяч тонаў. Пры гэтым на прадпрыемстве не ўдакладнілі, з чым звязанае зніжэнне паставак.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў