278-ы дзень пратэстаў. Інфляцыя, суды, абвінавачванне Калеснікавай, даверчыя лісты і збіты лётчык


278 дзён не спыняюцца акцыі пратэсту ў Беларусі. Грамадзяне краіны патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, пакараць вінаватых у фальсіфікацыях і гвалце. Рэжым не жадае дыялогу і працягвае рэпрэсіі супраць людзей. «Белсат» падводзіць вынікі дня.

У Менску стартуе чарговы палітычны працэс – «справа студэнтаў»

Марш студэнтаў. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv / belsat.eu

Па ёй праходзяць 12 асобаў. Усіх абвінавачваных беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі.

Агулам у Беларусі пад крымінальным пераследам за грамадскую актыўнасць і ўдзел у мірных акцыях застаюцца больш за чатыры дзясяткі студэнтаў. 12 чалавек – фігуранты адмысловай справы.

Аналітыка
14 траўня ў Менску стартуе суд у «справе студэнтаў». Што важна ведаць пра фігурантаў і працэс
2021.05.13 10:00

«Называюць Лукашэнку збітым лётчыкам»

Валерый Кавалеўскі.
Фота: Telegram / CabinetST

Кіраўнік кабінету Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі распавёў пра размову з дзейнымі сілавікамі Беларусі і пра настроі ўнутры сілавых структураў.

«Мы пачулі, што сілавікоў – галоўную сваю апору – рэжым пастаянна падвяргае стрэсу і праверкам, рэгулярна шукае здраднікаў: параноя дакацілася да спробаў усталяваць кантроль над асабістымі кантактамі і падпіскамі ў «Тэлеграме» кожнага сілавіка. Праверка тэлефонаў стала звычайнаю практыкай. Адток кадраў не спыняецца», – заявіў Кавалеўскі.

Паводле кіраўніка кабінету Ціханоўскай, «ад сітуацыі пачынаюць стамляцца нават тыя іх калегі, якія раней не мелі канкрэтнай пазіцыі і не былі прыхільнікамі пратэстоўцаў»:

«Шмат хто называе Лукашэнку збітым лётчыкам, але не ведае, які будзе іхны лёс пасля таго, як ягоны час ва ўладзе падыдзе да канца».

Аляксандр Лукашэнка 13 траўня прыняў даверчыя лісты паслоў шасці краінаў

Даверчыя лісты пагадзіліся ўручыць толькі амбасадары Іраку, Нікарагуа, Расеі, Руанды, Саудаўскай Аравіі ды Сьера-Леонэ.

Як паведамляў напярэдадні дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных пытаннях Франак Вячорка, на ўручэнне лістоў былі запрошаныя таксама амбасадары Грэцыі, Францыі ды Люксембургу.

«Уручэнне граматаў заходнімі амбасадарамі можа быць скарыстана прапагандай і пашле няправільны сігнал беларусам, якія змагаюцца за свабоду», – заяўляў ён.

У сувязі з гэтым Ціханоўская, якая цяпер з візітам у Грэцыі, планавала прасіць Грэцыю не ўручаць даверчых лістоў Лукашэнку.

Супрацоўнікі Вялікага тэатру абсмяялі міністра культуры

Чыноўнік распавёў, што маральнае аблічча калектыву тэатру трэба абнавіць, каб будаваць моцную і квітучую Беларусь.

«Аналіз сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў тэатру за студзень – сакавік паказаў, што ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года заробак павялічыўся ў сярэднім на 3 %», – заявіў міністр.

Пасля гэтых адсоткаў прысутныя ў зале сталі гучна смяяцца.

Hавiны
Заробкі выраслі на 3 %. З’явіўся запіс, як артысты Вялікага тэатру высмеялі міністра Маркевіча
2021.05.13 14:59

Марыю Калеснікаву будуць судзіць па трох артыкулах

Марыя Калеснікава. Фота з Instagram Марыі

Следчы камітэт пастанавіў, што Марыю Калеснікаву варта судзіць за заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі (ч. 3 арт. 361 КК), змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) і за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраванне ім (ч. 1 арт. 361-1 КК).

Агулам Марыі Калеснікавай пагражае да 12 гадоў турмы.

Артыкулы
Марыі Калеснікавай прад’явілі абвінавачанне па трох артыкулах
2021.05.13 18:14

У Менску затрымалі фатографку Таццяну Капітонаву

Таццяна Капітонава. Фота з уласнага архіву

На Нямізе, у каворкінгу Startup family затрымалі фатографку-фрылансера Таццяну Капітонаву, калі яна здымала канферэнцыю Emerge.

Па апошняй інфармацыі Таццяну Капітонаву перавезлі на Акрэсціна. Хутчэй за ўсё, суд будзе заўтра, 14 траўня.

На волю выйшаў Зміцер Дашкевіч

Зміцер і Наста Дашкевічы.
Фота: фэйсбук nasta.dashkevich

23 красавіка каля рэстарану «Паедзем-паядзім» зтрымалі Змітра Дашкевіча, Ганну Шапуцьку, Кірыла Лойку і яшчэ двух удзельнікаў курапацкай варты.

Праз тры дні іх асудзілі за «несанкцыянаваным пікетаванні каля рэстарацыі шляхам раздачы ўлётак з інфармацыяй пра Курапаты». Дашкевіча пакаралі 20-цю соднямі арышту.

Стужка навінаў