Застаюцца ў сваіх гарадах, робяцца зоркамі сацсетак, гінуць пад абстрэламі. Украінскія мэры падчас вайны


Імёны некаторых гарадскіх і абласных кіраўнікоў Украіны з пачаткам вайны зрабіліся вядомыя на ўвесь свет. Гэтыя чыноўнікі пастаянна на сувязі, іхныя старонкі ў сацыяльных сетках сталіся такімі ж крыніцамі інфармацыі, як медыі. А хтосьці, як кіраўнік Мікалаеўскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Кім, цяпер сапраўдныя зоркі інтэрнэту: людзі штодня чакаюць іхных допісаў і выхадаў у эфір, каб даведацца, што адбываецца ў горадзе. Паказальна, што большасць мэраў застаецца на сваіх працоўных месцах, нікуды не з’язджае. Некаторыя ў сваіх жа гарадах і гінуць. Распавядаем пра самых вядомых гарадскіх і абласных кіраўнікоў Украіны.

Віталь Кім. Крыніца: Віталь Кім / Telegram

З пачатку вайны былі выкрадзеныя як мінімум 13 мэраў

Мэр, ці гарадскі кіраўнік ва Украіне – выбарная пасада. Мэра выбіраюць раз на пяць гадоў. Апошнія выбары прайшлі ва Украіне ў 2020-м.

У той жа час кіраўнікі абласных адміністрацыяў прызначаюцца прэзідэнтам Украіны на тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта.

Калі паглядзець біяграфіі дзейных абласных і гарадскіх кіраўнікоў Украіны, можна заўважыць, што гэта пераважна маладыя асобы, яшчэ не дасягнулі 50-гадовага ўзросту. Большасць паходзіць з тых жа гарадоў і вобласцяў, якія яны і ўзначальваюць.

Мэры ўкраінскіх гарадоў і кіраўнікі АВА вядуць тэлеграм-каналы, старонкі ў Facebook, праз якія камунікуюць з жыхарамі, паведамляюць ім галоўныя навіны, падтрымліваюць у барацьбе. Беларусаў здзіўляе такая блізкасць да людзей, неабыякавасць і чалавечны вобраз. Чыноўнікі застаюцца ў акупаваных гарадах, нікуды не з’язджаюць, часта рызыкуюць сваім жыццём, іх забіваюць.

Паводле падлікаў руху «Чесно», з пачатку вайны былі выкрадзеныя як мінімум 13 кіраўнікоў грамадаў з шасці вобласцяў Украіны. Найбольш выкралі мэраў на Херсоншчыне і Харкаўшчыне, а таксама Запарожжы ды Кіеўшчыне. Сярод выкрадзеных была адна жанчына – Вольга Сухенка, мэр гораду Матыжын Кіеўскай вобласці. Мэра Мэлітопалю Івана Фэдарука ўдалося абмяняць, а мэраў Скадоўску і Славуціча расейцы адпусцілі. Мэра Гастомэлю Юрыя Прылыпку забілі і замініравалі ягонае цела.

Віталь Кім: Калі я даведаўся, што пачалася вайна, было страшна, але потым я хутка сабраўся

Сапраўднаю зоркай інтэрнэту з пачаткам вайны стаўся кіраўнік Мікалаеўскай абласной вайсковай адміністрацыі, украінскі карэец Віталь Кім. Ягоны аптымізм і пазітыўны настрой зрабіліся крыніцаю падтрымання для ўкраінцаў. Эфіраў Кіма чакаюць, яму прысвячаюць мэмы і ролікі ў TikTok.

Віталь Кім з дзецьмі.
Фота: zhurnalkim.com

Віталю 41 год. Нарадзіўся 13 сакавіка 1981-га ў Мікалаеве. Скончыў Нацыянальны ўніверсітэт караблебудавання, вывучаў эканоміку прадпрымальніцтва. У родным горадзе стаўся вядомым бізнесоўцам. Заснаваў будаўнічую кампанію. Жанаты. Выхоўвае дзвюх дачок і сына.

У 2020 годзе Уладзімір Зяленскі прызначыў Віталя кіраўніком Мікалаеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі.

З пачатку вайны Кім застаецца ў Мікалаеве.

«Калі я даведаўся, што пачалася вайна, было страшна, але потым я хутка сабраўся», – казаў Віталь у адным з інтэрв’ю.

Вельмі папулярным не толькі ва Украіне стаўся зварот, якім свае эфіры ў тэлеграм-канале пачынае Віталь Кім: «Добры вечар, мы з Украіны». Канал, дарэчы, стварыў не сам Кім, а ягоная дарадца ў справе камунікацыяў Вікторыя Алэйнік раніцаю 24 лютага, на бензастанцыі. Тады пачалі абстрэльваць вайсковы аэрадром «Кульбакіна», і трэба было хутка паведаміць пра гэта жыхарам гораду. Потым Алэйнік прызнавалася, што не чакала такой папулярнасці каналу. Ужо ў першыя паўгадзіны падпісаліся 1000 чалавек. На гэты момант у Кіма амаль 900 тысяч падпісчыкаў.

У першыя дні вайны, паводле дарадцы Віталя Кіма і заснавальніка клубу прадпрымальніка Мікалаева «МрійДій» Максіма Брэўды, кіраўнік АВА сабраў мясцовы бізнес і чыноўнікаў ды здолеў зарганізаваць іхную працу для дапамогу гораду і вобласці.

«Ён паказаў, што застаецца ў горадзе і гатовы працаваць да апошняга», – кажа дарадца Віталя.

Аляксандр Маркушын: З расейскага нумара паступаюць пагрозы і прапановы супрацы

Аляксандр Маркушын.
Фота: 24tv.ua

Аляксандр Маркушын – мэр аднаго з самых пацярпелых у вайне гарадоў Кіеўшчыны – Ірпіня.

Маркушыну 42 гады. Нарадзіўся ў 1980-м у Ірпіні, дзе і жыў да абрання мэрам у лістападзе 2020 года. Жанаты, выхоўвае двух сыноў.

Скончыў факультэт гарадскога будаўніцтва і гаспадарства Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту будаўніцтва і архітэктуры, а таксама юрыдычны факультэт Нацыянальнага ўніверсітэту дзяржаўнай фіскальнай службы Украіны. Перад тым як стаць мэрам, займаў пасаду кіраўніка камунальнага прадпрыемства «Ірпіньводаканал».

Палітычную дзейнасць пачаў у 2010 годзе, калі быў абраны дэпутатам Ірпіньскай гарадской рады 6-га склікання. У 2015-м зноў быў абраны дэпутатам. У 2018-м стаў першым намеснікам мэру Ірпіня.

Фота
Кіеўская вобласць цалкам вызваленая ад расейскіх войскаў. Як цяпер выглядаюць вызваленыя месцы
2022.04.03 00:00

На працягу ўсёй акупацыі Маркушын заставаўся ў Ірпіні. Надоечы мэр паведаміў, што яму ўсцяж прыходзяць пагрозы з расейскага нумара.

«З расейскага нумара мне зноў паступілі пагрозы і прапановы супрацы. І, вядома, чарговы раз вораг атрымаў катэгарычную адмову», – напісаў Маркушын у сваім тэлеграм-канале, дзе паказаў здымак ліставання з пагрозамі.

Вадзім Бойчанка: Мая бабуля кажа: «У 1943 годзе ўратавала савецкая армія, а сёння расейцы расстралялі маю кватэру. Як так?»

Вадзім Бойчанка. 10 красавіка 2022 года.
Фота: 0629.com.ua

Вадзім Бойчанка – мэр Марыупалю. Пасаду займае з 2015 года. У 2020-м быў пераабраны.

Нарадзіўся 5 чэрвеня 1977 года ў Марыупалі, на той момант горад называўся Жданаў.

Вывучаў транспартавыя тэхналогіі ў Прыазоўскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце і бізнес-адміністраванне – у Данецкім нацыянальным універсітэце. Працоўную дзейнасць пачынаў на металургічным камбінаце «Азоўсталь» памочнікам машыніста цеплавозу. У 2015 годзе перад тым, як заняць пост гарадскога кіраўніка, працаваў дырэктарам у справе персаналу і сацыяльных пытаннях Марыупальскага металургічнага камбінату.

У канцы сакавіка стала вядома, што Бойчанка з’ехаў з акупаванага Марыупалю, але застаецца на сувязі і працягвае працаваць – у тым ліку, каб стварыць гуманітарныя калідоры для жыхароў гораду. Кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Паўло Кірыленка тлумачыў ад’езд Бойчанкі адсутнасцю сувязі ў горадзе.

Сам Бойчанка распавёў, што ў пэўны момант, згодна з парадамі вайсковай адміністрацыі, стаў выязджаць начаваць за горад і аднойчы не здолеў вярнуцца, бо расейскія войскі заблакавалі ўезд у горад.

«Агулам я не збіраўся пакідаць гораду. Нават калі мне паведамілі, што за мною палююць, нават калі расстралялі мой дом – не збіраўся, – казаў Бойчанка. – Раніцаю 27 лютага мы селі ў машыны і накіраваліся ў Марыупаль. Два маіх намеснікі, якіх таксама вінавацяць, што яны пакінулі горад, у Марыупаль прарваліся 27 лютага. А мой кіроўца затрымаўся на запраўцы. Там была даўгая чарга, мы затрымаліся на гадзіну. І не паспелі праскочыць. Каля аднаго з паселішчаў мы трапілі ў зону актыўных баявых дзеянняў. Мы думалі, што нам канец. Калі разабраліся, мясцовая тэрабарона забараніла нам ехаць далей. Нас проста не пусцілі ў горад праз цяжкія танкавыя баі».

Па-за Марыупалем Бойчанка стварыў штаб каардынацыі гуманітарнай дапамогі ды эвакуацыі насельніцтва, з якім пастаянна на сувязі.

«Вы ўяўляеце, наколькі мне цяжка атрымліваць ведамкі з такім тэкстам: «Мы ў трэцяй лякарні, молімся, молім вас, уратуйце, тут параненыя, тут дзеці, тут цяжарныя жанчыны»?» – казаў Бойчанка ў інтэрв’ю Службе навінаў ААН.

Hавiны
У Марыупальскім шпіталі згарэлі жыўцом амаль 50 чалавек. Усяго за месяц блакады загінулі 5 тысяч
2022.04.06 23:01

Мэр распавядаў, што ягоная бабуля прайшла Другую сусветную вайну, і тое, што адбываецца цяпер, моцна шакавала яе:

«У мяне бабуля прайшла Другую сусветную вайну, была вязнем у Нямеччыне. Яна не разумее, як так. Мяне, кажа, у 1943 годзе ўратавала савецкая армія, а сёння расейцы расстралялі маю кватэру. Яна не разумее, як такое можна сабе ўявіць».

Юрый Прылыпка. Забілі стрэлам у галаву, цела замініравалі

Юрый Прылыпка.
Фота: depo.ua

Мэр Гастомэлю Юрый Прылыпка быў забіты расейскімі вайскоўцамі 7 сакавіка.

Прылыпку быў 61 год, нарадзіўся 11 жніўня 1960-га ў Гастомэлі. Быў жанаты, выхаваў дзвюх дачок і сына.

На пасадзе кіраўніка Гастомэлю быў з 2015 года. Раз-пораз фігураваў у скандалах. У 2018-м на два месяцы адхіляў яго ад пасады па падазрэнні ў растраце бюджэтных сродкаў. У 2021-м яго зноў адхілялі на час дасудовага следства па падазрэнні ў хабары.

З пачаткам вайны заставаўся ў Гастомэлі.

Намесніца Прылыпкі Таццяна Сэмэна распавядала, што мэр не збіраўся з’язджаць ды імкнуўся падтрымаць людзей, якія таксама заставаліся ў горадзе. У Facebook ён даваў свае асабістыя нумары тэлефонаў, паведамляў, што прыбыла харчовая дапамога, лекі ці генератары, дзе гэта ўсё раздаюць.

Hавiны
Кіраўніка ўкраінскага Гастомэлю забілі, калі ён раздаваў хлеб і лекі
2022.03.07 13:36

7 сакавіка прэс-служба Гастомэльскай сельскай рады паведаміла пра смерць мэра. Сцвярджалася, што мужчыну, а разам з ім двух валанцёраў, забілі стрэлам у галаву расейскія вайскоўцы, калі тыя раздавалі хлеб і лекі людзям у сакавіку 2022 года. Цела забітага мэра акупанты замініравалі.

Дачка Прылыпкі пазней распавяла, што абставіны смерці бацькі былі іншыя. Паводле яе, мэр разам ехаў па цэнтральнай вуліцы гораду, калі насустрач выехала калона расейскай тэхнікі і пачала абстрэл. Прылыпка ды іншыя пасажыры выскачылі з аўтамабіля, яго і яшчэ двух мужчынаў расстралялі, яшчэ двум удалося ўратавацца.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў